Выбрать главу

Друкавацца пачаў студэнтам. Першапачаткова спецыялізаваўся ў галіне археалогіі Беларусі, затым адышоў ад гэтай тэмы. Будучы студэнтам, удзельнічаў у рабоце студэнцкага краязнаўчага аб’яднання і кожны год ездзіў або хадзіў пешшу па Беларусі. Калі дадаць, што нямала ездзіць і хадзіць давялося пачынаючы з 1920 г., то атрымаецца, што мне пашанцавала — пабыўшы ў розных зонах краіны, я ўбачыў яе сваімі вачыма, што надалей вельмі дапамагло ў занятках.

Прыехаўшы ў Маскву ў пачатку 1944 г., пачаў займацца літоўскаю моваю, але авалодаў ёю дрэнна. Слабое знаёмства (г. зн. адсутнасць асабістых уражанняў) з Літвою таксама адбілася на занятках па гісторыі Літвы. Гэта агульная бяда нелітоўцаў, якія займаюцца Літвою.

Здаецца ўсё. Выбаркі зрабіце самі.

А цяпер да Вас просьба. Я скончыў кнігу, якая называецца: «Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода». У рабоце шмат адведзена ўвагі Віленскай археаграфічнай камісіі. Да работы прыкладаю фота розных мясцін і асоб-публікатараў. Калі можаце, дашліце мне фота будынка, у якім мясціўся Цэнтральны архіў. Калі ў Вас няма такой магчымасці, прашу паведаміць таксама.

31 мая 1970 г.

Быў у Кіеве і Львове, шукаў хронікі ВКЛ. Нічога не знайшоў.

Улашчык

У рэдакцыю часопіса «История СССР»

У рэдакцыю часопіса «История СССР»

У 1 нумары «Истории СССР» за 1968 г. быў змешчаны мой артыкул пра пісьменнасць у дарэвалюцыйнай Беларусі. У гэтым артыкуле я сцвярджаю, што працэнт пісьменных у Беларусі быў значна вышэйшы, чым той, які звычайна падаецца, памылка ж паходзіць ад таго, што, амаль як правіла, гаворачы пра пісьменнасць перад рэвалюцыяй, бяруць дадзеныя за 1897 г. (першага усерасійскага перапісу). Ня кажучы пра тое, што з 1897 па 1917 г. колькасць (і працэнт) пісьменных значна ўзрасла, сам працэнт па перапісу вызначаецца цалкам недакладна, таму што падлік праводзіцца сыходзячы з агульнага ліку жыхароў, г.зн. уключаюцца немаўляты. Але паколькі прыкладна да 9 год пісьменных не можа быць (прынамсі ў колькі-небудзь значнай колькасці), дык і працэнт пісьменных атрымліваецца ніжэйшы за рэальны. Сыходзячы з дадзеных перапісу 1897 г., працэнт пісьменных у Беларусі паказваецца ў межах 23-25, некаторыя ж аўтары, імкнучыся паказаць адсталасць гэтай краіны, сцвярджаюць, што пісьменных было яшчэ меней (часцей усяго 18-20 %, а час ад часу і 5 %).

Паводле маіх падлікаў, пісменных у Беларусі да 1915 г. (разумеючы пісменнасць у самым шырокім сэнсе, г.зн. як уменне прачытаць які-небудзь тэкст) было каля 40 %.

Па незалежных ад мяне абставінах гэтая выніковая лічба ўжо пасля падпісання артыкула ў друк знікла з тэксту, у выніку чаго праца страціла сэнс, паколькі задачай аўтара было даць менавіта агульны працэнт пісьменных.

Таму прашу надрукаваць у Вашым часопісе гэты ліст, г.зн. даць інфармацыю, што перад першай сусветнай вайной па маіх падліках у Беларусі пісьменных было каля 40 % ад ліку тых, хто мог навучыцца чытаць, г. зн. пачынаючы з 9 год.

25.1.1974 г.

М.Улашчык

М.А. Ткачову

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Учора пайшоў у бібліятэку і там адразу прачытаў тры рэцэнзіі на сваю кнігу (апрача Вашай яшчэ ў «Истории СССР» і «Славянскім аглядзе», Прага). Думаю, што Вашая ня толькі вызначаецца добразычлівасцю, але і найбольш змястоўная. Археографы («История СССР» і «Советские архивы») далі разбор з пункту погляду археаграфіі, а Вы ўзнялі значна большыя пытанні. Тая акалічнасць, што ў навуковай працы ўсялякую крыніцу, на якую спасылаешся, трэба прааналізаваць — наколькі яна верагодная, клапоціць усіх, але для Беларусі гэта можа важней, чым дзе-небудзь, бо там спасылаюцца на што трапіць пад руку.

Том летапісаў, які павінны былі набраць у маі, ляжаў-ляжаў у Ленінградзе, і заміж карэктуры атрымаў звестку, што рукапіс вярнуўся назад у Маскву, бо набор надта складаны. Што будзе далей, ня ведаю, але варта трохі і адпачыць, бо я са сваімі хворымі замарыўся. Думаў, што ў жніўні буду ў Мінску, але гэта зусім ня выпадае.

«Нёман» прадаецца тут скрозь, і я адразу набыў сабе нумар, а вось «Историю СССР» колькі ні пытаю — не магу знайсці.

Прывітанне ўсім, а Вам вялікі дзякуй.

1.VIII.1974 г.

М.А. Ткачову

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Скора скончыцца яшчэ адзін год, у нас нават ужо забралі матэрыялы да справаздачы, а галоўная мая праца — друкаванне 32 тома Поўнага збору летапісаў — яшчэ ня скончана. 4.ІХ прыслалі першыя аркушы карэктуры, 14.Х здаў апошні аркуш, а да гэтага часу пра другую нават ня чуваць. Адно зусім ясна — што ў гэтым годзе том ня выйдзе. Вельмі складана з паказальнікамі, бо князі і розныя «дыгнітары» вельмі пераблытаныя. Але як бы там ні было, том ідзе.