Выбрать главу

- Зараз жа адчыніце! Чуеце? - застукаў адзін у дзверы хаты, а другі адразу пачаў вымаць раму акна, каб залезці.

- Калаву-у-ур! Грабю-юць! - даносіўся глухі крык прыбіральшчыцы.

- Далей... - чаканіла строгая загадчыца санэпідстанцыі. - Хто на працягу ўчарашняга і сённяшняга дня куды паехаў у камандзіроўку - скласці спісы. Трэба даваць тэлеграмы ў тыя гарады, каб санэпідстанцыі іх выявілі, ізалявалі. Далей... Школа на некалькі дзён закрываецца... Далей... Нам трэба праважатыя, мы павінны зрабіць дэзінфекцыю ў хаце Гардзеяў і ў кватэры Алега Максімавіча. Далей...

- А як жа даяркі? Во яны... Некаторыя з Клінцоў... Сабраліся ехаць у поле даіць кароў, - даводзіў сваё старшыня.

- Ніякіх выездаў! Яны мелі кантакт з Гардзеямі! Ізаляваць! Званіце ў Клінцы брыгадзіру, няхай арганізоўвае новых людзей замест даярак. А з Бярозаўкі нікому нікуды і кроку! Далей...

Многа ўсякіх «далей» было ў загадчыцы санэпідстанцыі. Потым пачалі гаварыць са старшынёй работнікі міліцыі.

Санітары прывялі пад рукі цётку Магду. Яна, і праўда, гаварыла як хворая:

- А курачкі мае нядоеныя... А цялятка маё някормленае... А парасяткі мае на седалах сядзяць нявыпушчаныя! - галасіла яна. - А чаго ж я прыперлася дадому, хай бы я ў якое балота схавалася!

Цётку Магду пасадзілі ў «хуткую дапамогу», а ўсіх, хто быў у натоўпе, павялі ў клуб - у ізалятар.

Праз некаторы час вярнуўся шафёр, што вазіў моркву ў райцэнтр. І не пыталі ў яго, сам расказаў пра дзіва, якое бачыў на дарозе: пра жалезнага робата-чалавечка, што можа гаварыць, і пра хлопчыка Ваню па прозвішчу Гардзей. Галасаваў ён, хацеў ехаць у Менск. І, мабыць, удалося падсесці, паехаць, бо калі вяртаўся назад, без морквы, на дарозе не было ні Вані, ні таго робата-рагатуна.

Павялі і шафёра ў клуб, у ізалятар. Бо дзіўна было чуць ад яго пра нейкіх робатаў-рагатуноў, і дзе? На нейкай глухой дарозе-гравійцы...

А ў Менск да работнікаў санэпідстанцыі і ў міліцыю паляцелі тэлеграмы з апісаннямі прыкмет Вані Гардзея: «Знайсці! Затрымаць! Ізаляваць!»

12

Ваня прачнуўся ад хрыплага смеху і шэлесту газеты. А мо і не гэта разбудзіла, а тое, што машына стаяла - не пакалыхвала, не падтрэсвала, не гула. Праўда, гуду і шораху шын было яшчэ многа, толькі больш глухога: мабыць, міма праляталі іншыя машыны.

- Што гэта вы робіце? - падзівіўся Ваня.

Дзядзька Мікалай стаяў на каленях перад Эрпідам і трымаў перад ім газету.

- Перавярніце, з таго боку таксама ёсць літары, - гаварыў Эрпід.

Дзядзька Мікалай павярнуў газету другім бокам.

- Яшчэ павярніце, - запатрабаваў Эрпід праз секунду.

- Дык я ж сярэдзіну паказваў ужо, разгортваў, - сказаў дзядзька і толькі цяпер адказаў на Ванева пытанне: - Ну і ну... Гэты твой робат нават чытаць не ўмее!

- Умею, - з нейкай упартасцю сказаў Эрпід.

- Ну але, цяпер ужо ўмееш, а спачатку - ні ў зуб нагою!

- Інфармацыю не зразумеў... Каму біць нагою ў зубы? Навошта? І за што біць?

Дзядзька Мікалай разгублена закрахтаў, і Ваня паспяшаў на выручку:

- Дзядзька хацеў сказаць, што ты ў літарах ні бум-бум не цяміў.

- Бум-бум... Інфармацыю не зразумеў. Здаецца, у мове аднаго афрыканскага племя ёсць слова бум-бум.

- Ды хопіць табе! Будзеш усё знаць да канца, састарышся, як аўца, - Ваня пачаў злавацца. Гэты Эрпід каго хочаш можа вывесці з цярпення.

- Аўца... Авечка... Хатняя жывёліна... - мармытаў тым часам Эрпід. - Вы авечкам расказваеце ўсё да канца? А чаму мне не хочаце?

- О, Божа... Памаўчы, дай дзядзьку сказаць. А табе я ўсё потым растлумачу. Я табе ўсе кніжкі перад носам перагартаю, што мы ў школе праходзім. І Лёневы пакажу... За адзін дзень васьмігодку скончыш.

- Ага, - пачаў гаварыць дзядзька. - Не ўмеў чытаць, дык я паказаў яму ўсе літары, знакі. Адразу ўсё схапіў і пачаў чытаць цэлымі старонкамі - разгарні ды павярні просіць.

- Эрпід, ты запісаў усю нашу газету? - Ваня нават крыху спалохаўся. Ну і дзядзька Мікалай, што ён нарабіў? У газетах жа і крытыка ўсякая бывае, і пра недахопы пішуць. А во ў гэтай, на чацвёртай старонцы, фельетон пра нейкіх махляроў і хапуг, прайдзісветаў. Нашто, каб на чужой планеце ведалі, якія гадкія бываюць людзі?

- Каб людзі такія здольныя былі - ого! - круціў у захапленні галавою дзядзька Мікалай.

- Эрпід, я табе задаваў пытанне. Чаго ты маўчыш? - напомніў Ваня.

- Супастаўляў факты, рабіў вывады. Я ведаю ўжо, што вы не любіце вайны, не хочаце, каб зноў была вайна. А на трэцяй старонцы газеты ў трох месцах пішацца пра вайну, пра забітых, пра палонных, пра разбітую і захопленую тэхніку.

Дзядзька Мікалай апярэдзіў Ваню:

- Э, браток, дык войны ж усякія бываюць: справядлівыя і несправядлівыя, захопніцкія і вызваленчыя... Калі народ якое краіны вызваляецца ад прыгнёту, ад захопнікаў, дык хіба скажаш - не ваюйце, цярпіце? Правільна робяць, што ваююць! А ты, гэта самае, зусім у палітграмаце не разбіраешся! Запісацца табе трэба ў наш калгасны палітгурток.