Выбрать главу

Слядак пайшоў сваім старым шляхам — берагам возера на ўсход, пакуль не знайшоў адноснага ўзвышша, на якім крыва расло некалькі асін. Ён ускараскаўся наверх і выцягнуў з сумкі бінокль.

Цяпер большая частка возера, а таксама бліжні бераг былі перад яго вачыма як на далоні. Толькі далёкі востраў хаваўся ў лёгкім вэлюме дыму і прыбярэжнай зеляніны. Слядак лёг на зямлю і стаў глядзець у аб’ектыў. Часам ён прыпыняўся і даваў вачам адпачыць. Ён тады клаўся на спіну і слухаў ціхі плёскат хваль аб бераг і крыкі варон. «Што там балбатаў часам неадэкватны, як відаць, Крэз пра міфічных эрыній, якія быццам пасяліліся на востраве? — меркаваў ён. — Але ці такі ён неадэкватны дзівак, за якога сябе іншым разам выдае? Яго інтэлект раз-пораз адчувальна выпірае з яго супраць яго ж волі і жадання. Безумоўна адно: пэўна, напужаны зачысткамі ці чым іншым, Крэз залёг тут на дно і пра многае маўчыць. Асабліва цяпер, калі жыццё чалавека ў Паселішчы, тым больш у Мегаполісе, а ўрэшце і ў іншых рэгіёнах, не вартае і пляўка».

Слядак зноў лёг на жывот і паднёс да вачэй бінокль. Невялікія хвалі беглі па паверхні возера, слабы ветрык варушыў на востраве прыбярэжныя зараснікі і вербалоз над імі. «Як ціха, — падумаў Слядак. — Цішыня — лепшае, што я тут чуў». Пачуццё спакою і душэўнай раўнавагі зноў на кароткі час ахапіла яго. Чалавеку, зрэшты, не так і шмат трэба: ежа, сон, сям’я. Душэўны спакой. Але для большасці гэта цяпер недасяжная мара…

Слядак успомніў, як у час Катастрофы загінулі яго бацька і маці. Яшчэ напярэдадні некаторыя найбольш «прасунутыя» навукоўцы (дарэчы, усе яны потым трапілі пад «зачыстку») пачалі выказваць і сцвярджаць дзікія, нават вар’яцкія думкі. Яны казалі, што чым раней адбудзецца агульная цывілізацыйная Катастрофа, тым лепш. І што інакш «энергія адтэрмінаваных змен» будзе настолькі вялікая, што перакрые сабой патэнцыял выжывання ўсяго чалавецтва. Яны папярэджвалі, што з моманту яе пачатку пераход у стан хаосу будзе непазбежным, што, урэшце, і здарылася.

Але перадусім у свеце, як заўсёды перад вялікай бядой, нечувана распаўсюдзіліся танны папулізм, крымінал, жорсткасць, подласць, хцівасць, нянавісць, хамства, абрынуўшы апошняе, што трымалася за рамкамі элементарнага выжывання. Пакуль… пакуль і не адбылася тая самая выпадковасць. Трынаццацігадовы хлопчык, геніяльны хакер ад нараджэння, які нейкім чынам праз Сеціва здолеў узламаць камп’ютэрную абарону адной з атамных электрастанцый, запісаў у ячэйкі памяці электроннай сістэмы паразітычны модуль, які памяняў параметры ўводу стрыжняў у актыўную зону рэактара. Вылічальная сістэма, якая абслугоўвала станцыю, выдала няправільны загад робатам, якія загружалі ядзернае паліва ў рэактар. Пачалася некантралюемая ядзерная рэакцыя і — адбыўся выбух накшталт чарнобыльскага. А другога Чарнобыля чалавецтва ўжо не адужала.

Выпадак аказаўся знакавым. Была, разам з людзьмі і наваколлем, знішчана адна са шматлікіх атамных электрастанцый, праз што на іншых, у тым ліку і звычайных, пачалі спрацоўваць сістэмы абароны, адключаліся блок за блокам, спыняліся турбіны. Праз кароткі час былі выведзены з ужытку гіганцкія магутнасці — каля мільёна мегават. Адбыўся збой ва ўсёй сусветнай энергетыцы. Абрынуліся біржы, грошы згубілі сваю каштоўнасць. Спыняліся цягнікі ў падземках, гаслі святлафоры, не паступала вада, людзі засядалі ў ліфтах, асабістая бяспека стала ілюзіяй, бо на вуліцы адразу выйшлі банды падлеткаў. Праз энергетычны калапс і наступнай панікі і дэзарганізацыі загінулі ўсе навігатары з першай касмічнай базы на Месяцы. Слядак успомніў, як раней у спецакадэміі ім чыталі курс лекцый і ў якасці прыкладу схільнасці да імгненнай дэградацыі і дэгуманізацыі прыводзілі сітуацыю стогадовай даўніны, калі ў мэтах маскіроўкі цалкам забаранілі выкарыстоўваць святло ў адным з гарадоў на мяжы былога Саюза і маленькай заходняй краіны. Праз кароткі час у горад рынуліся крымінальнікі з усіх канцоў так званага Саюза. Пачаліся масавыя рабаўніцтвы, забойствы, гвалт. У людзей дзеля садысцкай забавы адразалі насы, вушы, губы, геніталіі. Чалавечае жыццё адразу стала фікцыяй. Прыкладна тое ж адбылося і дзесяць гадоў назад. Тэхнагенная катастрофа супала з экалагічнай. Чалавек, звыкла адчуваючы сябе ў штучнай экалагічнай нішы, аказаўся безабаронным, без медыцынскай падтрымкі. Пачаліся эпідэміі. Сотні тысяч людзей, а потым і мільёны гінулі ад недахопу чыстай вады, медыкаментаў, якія амаль цалкам былі падробленымі. За дозу сапраўднага інсуліну забівалі. Антыбіётыкі каштавалі неверагодных грошай, але нават і за золата неўзабаве нельга было дастаць нічога.