«Вы хоць разумееце, што, паводле цяперашніх законаў, пакрываеце злачынак?»
«Вынікае, што так, — сказаў стары. — Можаце данесці, і мяне забяруць, я заўсёды гатовы. Не ў першы раз».
Слядак усміхнуўся, але неяк з горыччу.
«Я не збіраюся пакаваць вас на нары, — сказаў ён, — бо і сам не заракаюся. Такі цяпер час. А вы з вашымі ідэямі падпадаеце пад іншы прэс, так што будзьце абачлівыя. А што тычыцца вось гэтага, — ён паказаў на сапсаваныя бранзалеты, — то я знайшоў іх, скажам так, пад плотам, толькі і ўсяго».
«Я рад, што вы сумленны чалавек», — сказаў Крэз.
«Да таго ж, — дадаў Слядак, — я тут паруся па дробязі, а дакладней, па справе Імбэцыла».
Крэз недаверліва ўсміхнуўся.
«Нядрэнна стараецеся. Толькі ўчора, як я чуў, Імбэцыл уцёк. А вашы інтарэсы далёкія ад яго сексуальных адхіленняў — хіба не так? Вы былі ў Зары?»
«Пакуль не паспеў».
«Скажу вам шчыра, я ніяк не магу зразумець, чаму нашы ж людзі, так званыя дэмакраты, яшчэ раней пасадзілі нам, а ўрэшце і сабе на шыю набрыдзь накшталт яе, яе мужа-нябожчыка, сваякоў, і таго ж Ларыёна, і ўсіх іх памагатых? Цэлыя пакаленні селі на іголку і сталі дэгенератамі, падобнымі да Імбэцыла, менавіта праз такіх, як яны. Каму цяпер асвойваць, да слова, Космас? Каму абараняць сваіх дзяцей і баб?»
«Вы супярэчыце сабе, — сказаў Слядак. — Крыху раней вы гаварылі пра варвараў са здаровым генафондам, якія прыходзяць на змену атлусцелым цельпукам і лабідудам, знішчаюць іх і — што гэта непазбежна».
«Выходзіць, што так. Народу нельга жыць у раскошы. Успомніце старажытных рымлян, якія зніклі адразу, як толькі загразлі ў дастатку і распусце. Баб сваіх, так бы мовіць, эмансіпіравалі. Дэмаграфія — гэта лёс. Успамінаецца рымскі паэт Руцылій Намацыян: „і пераможаны народ перамоганосных гняце“, ха-ха… іншае слова просіцца… Але ж вось ёсць закрытыя расы, якія размножыліся ў свеце. Кітайцы, напрыклад».
«Па-вашаму, хто мог „замачыць“ спачатку Зураба, а потым Ларыёна?» — адхіліўся ад яго абстрагаванняў Слядак.
«А-а, вось што вас цікавіць, вось чаму вы тут», — сказаў стары.
«Не маглі яны варагаваць паміж сабой?» — спытаў Слядак.
«Малаверагодна. Спачатку пачалі б біцца іх халопы. Але такога, быццам, не адсочвалася. Так, гніль, наркаманы, тыя, хто корміцца з наркатрафіку. Паміж імі і разборкі».
«Што ж, — падвынікаваў Слядак. — Вось і пагаварылі. Што трэба найперш за ўсё? Інфармацыя!»
Апоўдні спёка павялічвалася. Слядак заўважыў, што лісце на тонкіх атожылках, якія выпусцілі дрэвы ў пачатку лета, скруціліся ў трубачкі і пачарнелі, а трава на зямлі высахла і пажоўкла.
Ён таропка паабедаў простай, з дамешкам сурагатаў ежай, якую раней прынёс з крамы Крэз, і на дваццаць хвілін дазволіў сабе адпачыць. Потым захапіў бінокль, нож, плаўкі і зноў рушыў на возера.
Нягледзячы на спёку, там было няшмат ахвотных ахаладзіцца. Многім, як здагадаўся Слядак, — напрыклад, шматлікім супляменнікам Ларыёна, купацца не дазвалялі іх звычаі, а мусульмане таксама нярэдка пазбягалі вады. Бліжні да Паселішча спадзісты бераг быў усеяны шпрыцамі з рэшткамі крыві і смеццем. Некалькі дзесяткаў цел, абаіх палоў, сініх ад «тату», ляжалі на брудных посцілках у рэдкай зацені ад кустоў вербалозу. Там-сям савакупляліся.
Слядак скіраваў па беразе ўбок, і неўзабаве застаўся ў адзіноце. Ён распрануўся, змяніў трусы на плаўкі і паплыў, адчуваючы, як цела ажывае ў прахалодзе. Далёка ён вырашыў не заплываць, а неўзабаве вярнуўся назад, выйшаў на бераг і зноў узяўся за бінокль.
Яго па-ранейшаму цікавіў востраў. Але колькі не ўглядаўся, нічога істотнага для сябе не заўважыў. Парослыя асакой купіны, зацягнутыя раскай балотцы, суцэльныя зараснікі і кусты. Пуста. Ніводнай птушкі навокал, што ўжо было зусім дзіўна. Тады каго ён бачыў там учора? Чаек? «Заўтра, — падумаў ён, — заўтра я сплаваю туды і не ў якім пазычаным чоўне ці гумавай лодцы, а вось так, ціха і незаўважна. І, вядома, без рэвальвера. Пяць ці нават дзесяць кіламетраў па вадзе для яго дробязь, бо яму даводзілася плаваць і на большыя адлегласці».
Слядак апрануўся і скіраваў назад, у напрамку Паселішча. Надышла пара, як ён вырашыў, наведацца да Зары. Па дарозе ён выцягнуў з кішэні надалоннік і набраў нумар, пакінуты яму дзяўчынай.
«Гэта спадарыня Зара? — спытаў ён, калі сувязь адбылася. — Вы хацелі са мной пагаварыць — дык я іду».
«Так, — адказаў жаночы голас. — Я ведаю, што гэта вы і хто вы. Я чакаю».
Слядак зноў апынуўся на вуліцах у межах жытла. Як цяпер ён меркаваў, яму не надта хацелася размаўляць з уладальніцай завода, але і размінуцца не выпадала — справа, па якой ён сюды прыбыў, амаль не зрушылася з месца. Што ён, урэшце, выведаў? Нічога.