Выбрать главу

Прастытуткі — усе белыя, маладыя, акальцаваныя і яшчэ не зношаныя — займаліся сваёй справай амаль у адкрытую, часта іх са смехам падбадзёрвалі тыя ж наглядчыкі. Слядак ведаў, што іх доля яшчэ не самая горшая, бо лёс тых, каго адпраўлялі за межы Паселішча, напрыклад, у кітайскія вёскі, па якіх няшчасных вазілі ў бамбукавых клетках, сапраўды быў жахлівы.

Праз нейкі час Слядак ужо ішоў назад да свайго часовага прытулку. Цяпер, вяртаючыся ад Зары, ён быў не вельмі задаволены сабой, але ж, меркаваў ён, ёсць сітуацыі, у якіх мужчыны не ў стане кантраляваць сябе і адказваць за наступствы. Зара паводзіла сябе ў ложку цалкам як німфаманка. Ён хутка з’едзе адсюль, а пра завод пісьмова паведаміць у крымінальнае ўпраўленне, хоць такія заводы, як ён ведаў, існавалі ў межах амаль кожнага сельскагаспадарчага кластэра. Гектар ведае пра гэта? Ведае і не толькі пра такое, меркаваў ён. І наўрад ці здзівіцца яго аповеду. А сам ён хутка з’едзе адсюль. Вось толькі сплавае на востраў.

Крэз, як і раней, сядзеў на пні. Ля яго ног стаяла пачатая бутэлька таннага віна.

«Вы, пэўна, ад Зары? — спытаў ён і прапанаваў: — Не хочаце глынуць?»

«Не, — адмовіўся Слядак, — у мяне заўтра напружаны дзень».

«Дык паешце. Ежа на стале. Хіба вы не галодны?»

«Зара хоча, каб я заказаў у КрымПа цэлую брыгаду, — сказаў Слядак. — Яна думае, што ў Мегаполісе толькі і спраў, што да яе клопатаў. Яна баіцца за сваё жыццё. Дзеці Ларыёна быццам упэўненыя, што гэта паводле яе загаду забілі іх бацьку».

«Мне б гранатамёт, — пакрывіўся Крэз, — і я з задавальненнем усадзіў бы ў яе дом гранату, а потым другую ў дом Ларыёна. Дарэчы, вы бачылі, які ў яго дом? Падобныя будуюць толькі ў Мегаполісе».

«Вы б асцярожней з такімі словамі ўголас, — заўважыў Слядак. — На вас данясуць. Той жа Штучнік. Прышыюць расізм».

«Пляваць. Я, на іх думку, апантаны. Да таго ж дажываю сваё. І я не ў захапленні ад гэтага свету».

Слядак скіраваў быў да сябе, але спыніўся.

«Вось якая яшчэ справа, — папрасіў ён Крэза, — у вас тут можна дастаць кавалак сала? Невялікі, на раз — два паесці, не свежага, вядома, а леташняга?»

Стары памаўчаў, абдумваючы пачутае.

«За грошы ўсё можна раздабыць, хоць мусульмане і забаранілі тут свініну, — урэшце адказаў ён і спытаў: — Сала захацелася? Што так?»

Слядак не рашыўся патлумачыць, што ён хоча назаўтра плысці на востраў і што сала для плыўца лепшая крыніца энергіі, а адгаварыўся напаўжартам:

«Сантымент да ежы продкаў, — усміхнуўся ён. — Сала, бульба, жытні хлеб — хіба вас не цягне на такія далікатэсы?»

«Продкам варта было больш думаць пра волю, а не пра сала, — скрывіўся Крэз. — І прымушаць сваіх баб, каб нараджалі. Размнажэнне — вось аснова ўсяго. А праз прэсу, дый не толькі праз яе, ішла актыўная падтрымка гомасексуальных шлюбаў, садаміі. Цяпер у мусульманскіх гарэмах еўнухі выключна белыя, вось вам і вынік».

«Я не магу адказваць за прэсу дваццацігадовай даўніны», — пазмрачнеў і не згадзіўся Слядак.

«Ну годзе, не крыўдуйце», — выбачліва сказаў Крэз яму ў спіну.

Але назаўтра плыць на востраў не давялося. З раніцы, калі ён толькі паспытаў прынесенага Крэзам сала і выпіў гарбаты, да яго нечакана завіталі дзеці Ларыёна. Іх прыйшло двое, хоць дзяцей у былога наркадылера, як яму сказаў Крэз, было значна больш.

Абодвум было, на яго погляд, гадоў па дваццаць пяць — трыццаць. Чорнавалосыя, жаўтаскурыя, апранутыя падкрэслена ў белыя кашулі, белыя штаны і светлага колеру макасіны — знак таго, што яны не працуюць фізічна, — яны паводзілі сябе ўпэўнена, нават у чымсьці нахабна, хоць і імкнуліся знешне неяк хаваць гэта.

Крэз неахвотна прывёў іх, пастукаўшы ў дзверы, і па яго пахмурным выглядзе і сціснутых сківіцах Слядак зразумеў, што нязваныя візіцёры яму непрыемныя. Ён і сам чамусьці ўспомніў, як у Мегаполісе супляменнікі Ларыёна калечылі беспрытульных белых дзяцей: ламалі ім рукі, ногі, сачылі, каб яны ненармальна, выродліва зрасталіся, і прымушалі жабраваць.

Павітаўшыся і зыркнуўшы вачыма па баках, яны загаварылі. Справа ў тым, напорыста даводзілі дзеці нябожчыка, што яны даведаліся пра тое, быццам шаноўны сышчык з Мегаполіса прыбыў у Паселішча з адмысловай мэтай прыняць меры супраць жудаснага ўчынку — забойства іх бацькі, здзейсненага невядомымі злачынцамі. Спадзяёмся, гаварылі яны, што рэакцыя грамадскасці і ўлад у Мегаполісе будзе адпаведная і што шаноўны пасланец ім у гэтым паспрыяе. Маньяка ці маньякаў трэба абясшкодзіць.

Слядак у адказ выказаў ім сваё спачуванне і заўважыў, што яго больш цікавіць справа Імбэцыла. Згадзіцеся самі, гаварыў ён іранічна, што тут гарачы матэрыял, ад якога за вярсту пахне сенсацыяй. З другога боку, працягваў ён, калі падрабязнасці забойства іх бацькі высветляцца — справа дойдзе да суда. Хіба ён не мае рацыі, га, мужыкі?