Абое задыхаліся, як барцы вольнага стылю ў час паядынку. Ён зноў міжволі сустрэўся з ёй позіркам: у вачах дзяўчыны ён не ўбачыў ні страху, ні адчаю, ні нават хвалявання, хіба адну толькі халодную пагарду і нянавісць. У тое ж імгненне яна ўдарыла яму ў твар галавой, пасля чаго ёй хапіла дзвюх-трох секунд, каб выслізнуць з-пад яго і ўскочыць на ногі. Маланкава яна нахілілася, і зноў у яе руках бліснула лязо нажа.
Раптоўны прыступ злосці затуманіў яго свядомасць, а кроў ударыла ў галаву. Гэта бязлітасная, небяспечная і разам з тым пагрозліва прыгожая пачвара жадае яму смерці. У чым справа? Што кіруе ёй, і чаму ў яе столькі нянавісці да яго? Ён жа не выявіў нават намёку на тое, што нападзе на яе ці ўвогуле зробіць ёй дрэнна. Хіба яна лічыць, што тут яе тэрыторыя? Але так лічыць можа толькі жывёла, калі сустракае ворага ля сваёй нары.
Усе гэтыя думкі імкліва пранесліся ў яго ў галаве, саступіўшы ўрэшце адной: нельга губляць над сабой кантроль, гэтага, магчыма, яна і чакае. Галоўнае — пазбавіць яе нажа. Ён чакаў, пакуль яна нападзе.
Крык. Пранізлівы, разлічаны на тое, каб ашаламіць. Дзяўчына кінулася на яго, выставіўшы нож. Ён зрабіў падманны рух, ухіліўся і схапіў яе за кісць. Падсечка — і дзяўчына ўпала на зямлю. Ён вырваў нож з яе рукі.
«Устаньце, — выдыхнуў ён. — Я не зраблю вам дрэннага».
Яна моўчкі паднялася на ногі, і ён нібы ўпершыню ўбачыў, што дзяўчына ненатуральна гнуткая, з шырокімі плячыма і стройнымі нагамі — ніводнага грама лішняй вагі. «Пэўна, так выглядалі старажытныя амазонкі», — пранеслася ў яго галаве.
«Забярыце», — сказаў ён і працягнуў ёй яе зброю.
Дзяўчына імклівым рухам выхапіла з яго рукі нож. Яна ўся дрыжэла.
«Супакойцеся. Я вам не вораг».
Сонечныя блікі скакалі па яе целе, прабіваючыся скрозь лісце бяроз. У вачах дзяўчыны па-ранейшаму тлела нянавісць.
«Нам варта пагаварыць, і я сыду», — сказаў ён.
Але замест адказу яна зрабіла знак рукой, быццам камусьці за яго спінай, і ён інстынктыўна павярнуўся, каб паглядзець, каго гэта там яна ўбачыла. І ў тое ж імгненне зразумеў, што гэта не што іншае, як выкрут, каб адцягнуць увагу, рэзка адхіліўся, але запознена — лязо слізнула па яго перадплеччы, болю ён не адчуў, а другая падсечка зноў зваліла дзяўчыну на зямлю.
Ён адразу заламіў ёй кісць болевым прыёмам, і яна мусіла выпусціць нож, які, як і раней, апынуўся ў яго руках. Ад неглыбокага парэзу, які ён убачыў на сваім перадплеччы, заструменіла кроў. Ён сарваў нейкую расліну і прыклаў да раны. Дзяўчына з зямлі сачыла за тым, што ён робіць.
«Уставайце, — сказаў ёй Слядак. — Больш вы мяне не падманеце. Я — не вораг, зразумейце гэта».
Упершыню яна расцяла вусны.
«Ідзіце адсюль. Уцякайце».
«Але чаму?»
«Я тут не адна. Сюды прыйдуць».
З паўхвіліны ён думаў над яе словамі, а потым выказаў сваю здагадку:
«Я ведаю, што вас расшукваюць і што вы з тых траіх, хто аб’яўлены ў вышук. Гэта вы спілавалі бранзалеты, калі хаваліся ў доме старога Крэза?»
Дзяўчына імклівым рухам ускочыла на ногі.
«Чаго вы хочаце?» — спытала яна.
«Я хачу знаць праўду, і я пайду».
Ён у другі раз працягнуў дзяўчыне яе нож.
«Больш не рабіце глупства!»
Яна выхапіла з яго рукі зброю.
«Уцякайце, пакуль не позна».
Слядак ужо быў упэўнены ў слушнасці сваіх здагадак. Гэтая дзяўчына, безумоўна, адна з тых самых траіх уцекачоў, пра якіх яму расказваў стары апантаны. Дык гэта іх ён хаваў у сваім жытле, а пасля дапамог знікнуць? Так. Але, чаму яны не сыходзяць з гэтых месцаў назаўсёды?
«Чаму вы не сыходзіце адсюль? — спытаў ён. — Хутка пачнецца сезон дажджоў, тут усё залье, а потым увогуле прыйдзе зіма».
«Яшчэ зарана».
Слядак на секунду-другую адвёў позірк, каб агледзецца — ён інтуітыўна адчуў, што агрэсія яе пайшла на спад, — і раптам убачыў на вяроўцы, працягнутай ад дрэва да дрэва, нешта накшталт карнавальнай маскі. Сапраўды, гэта была менавіта маска, пэўна, яна сушылася. Маска ўяўляла сабой не што іншае, як птушыную галаву.