Зноў удар па галаве. Ён не паспеў нырнуць, як яму апякло шчаку — пэўна, тая чайка, што заходзіла на яго пасля першай, пусціла ў ход кіпцюры. Ён зноў даў нырца. Праз хвіліну вынырнуўшы, ён паплыў так, каб вада больш не трапляла ў вушы і ён мог пачуць набліжэнне небяспечных істот. Гэтая тактыка прынесла яму нейкую надзею: як толькі ён чуў над галавой свіст крылаў, то адразу набіраў як мага больш паветра і пагружаўся ў ваду з галавой.
Бераг ужо быў побач — ён адчуваў гэта, а калі на імгненне прыўзняўся, каб зірнуць, то ўбачыў, што ён ужо нарэшце блізка да мэты.
Якраз у гэты момант ён адчуў моцны ўдар і потым другі, зноў глынуў вады і з цяжкасцю выплюнуў яе, каб прачысціць лёгкія.
«Йа-ха-ха! Йа-ха-ха!» — пачуў ён пранізлівы крык і — раптам стала ціха. Ён плыў наперад, і было ціха. Птушкі пакінулі яго.
Ён амаль выпаўз на бераг і доўга ляжаў так, не маючы сіл узняцца на ногі. Сонца пераваліла зеніт, і цела яго хутка абсохла, мухі абляпілі рану на руцэ і ўзбуджана гудзелі над галавой — адчувалі пах крыві.
Урэшце ён з цяжкасцю падняўся, знайшоў у хмызняку схаваныя раней шорты і красоўкі, апрануўся і паволі рушыў у Паселішча.
Навокал ужо ўсё даўно абудзілася. Насустрач яму цяпер траплялі ў асноўным жаўта- і цемнаскурыя постаці, як звычайна, жукаватыя і гучнагалосыя. Крочылі яны ўпэўнена і не саступалі дарогі, бачылі, што нешта з ім не так, ён змораны і сілы яго на зыходзе. Таму і не саступалі. Адзін раз яму ўслед шпурнулі каменнем, але ён спадзяваўся, што сустрэчы з абколатымі і азлобленымі падлеткамі на гэты раз мінуе.
Крэза дома не аказалася. Слядак знайшоў кавалак люстэрка, агледзеў твар і збольшага галаву. Твар быў апухлы ад укусаў жамяры, з вялізнай драпінай на шчацэ, а на галаве ён намацаў некалькі гузакоў і неглыбокіх ран з ужо запечанай крывёй.
Ён знайшоў рэшткі віна ў бутэльцы, якая, пэўна, засталася нейкім чынам па-за ўвагай Крэза, выпіў з рыльца, дабраўся да ложка і адразу праваліўся ў сон.
Прачнуўся ён толькі апоўначы. У прыбудове было душна, і ён выйшаў на падворак. Неба, усыпанае зоркамі, раз-пораз засцілалі пасмы дыму з тарфянікаў. Там-сям з далёкіх і блізкіх дамоў гучала музыка, рытмічна білі барабаны, даносіліся няўцямныя крыкі і брыдкая лаянка. Ён успомніў Шэрыфа, які казаў, што кожную ноч тут кагосьці калечаць ці забіваюць. У рэшце рэшт тое ж самае адбывалася і ў Мегаполісе. Гора чалавеку, калі ён застаецца адзін і не знаходзіцца нікога, хто б прыйшоў яму на дапамогу.
Разбудзіў яго Крэз. Ужо, пэўна, даўно развіднелася, сонечны прамень прабіваўся праз запыленае шкло. Крэз сказаў, што назбіраў тое-сёе на стол.
«Вас, я бачу, падмаладзілі», — дадаў ён іранічна.
«На беразе я зваліўся з абрыву. Толькі і ўсяго», — не стаў развіваць далей гэтую тэму Слядак.
«Вы калі едзеце?» — спытаў стары нерашуча.
«Што, надакучыў?»
«Ды не. Жывіце. Тут і пагаварыць няма з кім».
«Значыць, еду сёння, — падвынікаваў Слядак. — Якраз пасля абеду тут пройдзе цягнік».
«У вас сабачая работа», — заўважыў стары.
«Затое я многа бачу».
«Жыццё — гэта бруд. Няма чаго і бачыць».
«Я чуў, што вас пагражалі падпаліць, — сказаў Слядак. — Вы б асцерагаліся».
«Не мае сэнсу. Мяне абкрадвалі некалькі разоў, забіралі апошняе, а калі вырашаць пусціць „чырвонага пеўня“, то ўсё роўна не ўберажэшся».
«Займелі б якую зброю».
Крэз махнуў рукой.
Праз гадзіну Слядак пайшоў з мэтай забраць з сейфа свой рэвальвер і развітацца з Шэрыфам. Той сядзеў у сваім крэсле і начыняў пісталетную абойму патронамі.
«Чулі, ноччу стралялі?» — спытаў Шэрыф.
«Не, — адказаў Слядак. — Я моцна спаў».
«Стралялі па мне».
Слядак уважліва ўгледзеўся ў змрочны твар участковага.
«І што?»
«Я заваліў аднаго. Гэта людзі Ларыёна. Вы ўсё роўна з’язджаеце, так што гавару вам як ёсць. Цяпер я тут доўга не працягну».
«Вас возьмуць на службу ў любым іншым месцы. Я магу закінуць за вас слова. А пакуль пастукайце па дрэве».
«Ну не. Адсюль я не пабягу. Не дачакаюцца».
«Чым жа вы ім так не ў масць?» — спытаў Слядак.
«Здараецца, што белыя ідуць на супраціў: падпальваюць дамы дробных наркагандляроў. Ці быў выпадак — „замачылі“ аднаго. Я не вельмі рэагую на гэта, таму тут стаў лішні».
«Д’ябла б пабраў гэты свет», — з горыччу адзначыў Слядак.
«Ён, пэўна, і пабраў», — усміхнуўся Шэрыф.
Яны памаўчалі. Абойма пстрыкнула і ўвайшла на сваё месца.
«Вы, пэўна, ведаеце, што апошняя так званая „канкіста“ пракацілася тут пяць гадоў назад, — сказаў Шэрыф. — Мяркую, чарговая ўжо на падыходзе. Так што самі разумееце, маё жыццё будзе яшчэ менш значыць, чым любога з гэтых нашых прыхадняў. А большасць з іх, між іншым, пятая калона. Вось толькі мясцовым белым я сапраўды не пазайздрошчу».