Слядак уважліва слухаў. Ён, вядома, ведаў, што такое «канкіста» і чым звычайна яна заканчвалася. Узброеныя банды з усходу — там быў цэнтр іх рэгіёна Еўрабіі, саслабелы і недзеяздольны, — урываліся ў паселішчы і дробныя гарады, дзе падобна старажытным канкістадорам (адсюль і «канкіста») учынялі гвалт. У гэтага гвалту было два напрамкі: рабаўніцтва харчовых прадуктаў ды наркотыкаў і захоп белых жанчын і рабоў на ўсход, дзе іх адпаведна выкарыстоўвалі.
«Дарэчы, — сказаў Шэрыф, — мне ўрэшце ўдалося „прабіць“ тых „хімічак“, пра якіх вы цікавіліся. Я прыціснуў кіраўніка Зары, і ён раскалоўся. Калі-небудзь я да яго дабяруся і ўпакую „садзюгу“ на нары. Але пакуль тое, вось што ён мне паведаміў: тры дзяўчыны, якія збеглі з папраўчых работ і якіх пакуль не знайшлі дый надта і не шукалі, — сёстры, белыя, амаль пагодкі. Іх бацькі загінулі ў Мегаполісе падчас Катастрофы, пасля чаго малалетак скінулі ў нейкі спехам сфарміраваны прытулак, дзе падчас неразбярыхі адбываліся жудасныя рэчы. Вядома, абараніць іх не было каму, а вось пакарыстацца іх становішчам ахвотнікі адразу знайшліся. Іх па чарзе гвалціў дырэктар таго прытулка, але аднойчы, калі крыху падраслі, яны забілі яго. Віну іх тады так і не даказалі, але на ўсялякі выпадак скіравалі ў папраўчую калонію, адкуль яны выйшлі, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту. Кажуць, яны пакляліся помсціць, і за імі цягнецца не адзін хвост, але яны надзвычай скрытныя, асцярожныя і чуюць небяспеку, як зверы. Хоць іх лёс і прадвызначаны».
«Вы будзеце іх шукаць?» — спытаў Слядак.
Шэрыф паціснуў плячыма.
«Калі загадаюць, пашлю сваіх двух вялікіх следапытаў. Можа, ім і пашанцуе».
«Рад, што вы ставіцеся да гэтага з гумарам, — сказаў Слядак. — Мне, напрыклад, іх па-чалавечы шкада».
«А-а, вось яшчэ што, — нібы ўспомніў Шэрыф. — Мне далажылі, што вы сплавалі на востраў».
«Хто гэта далажыў?»
«А вы ўгадайце».
«Штучнік? — выказаў здагадку Слядак. — Ну і зух!»
«Дык раскажыце, што там на востраве?» — замест адказу спытаў Шэрыф.
«Пуста. Балота. Твань».
«І ніякіх там, скажам так, адхіленняў?»
«Што вы маеце на ўвазе?»
«Ну, якая-небудзь кінутая лодка, у людзей яны часам сталі прападаць, мне скардзяцца».
«Пашліце Штучніка. Ён разбярэцца».
«Вы быццам сёння едзеце?» — не падтрымаўшы жарт, удакладніў Шэрыф.
«Так. Я прыйшоў развітацца».
«У вас на твары шрам і на галаве кроў».
«Я пабіўся, калі хадзіў да Зары».
«Што ж, удачы вам».
«Узаемна».
Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Слядак пайшоў. Ён не любіў доўга развітвацца.
Крэз чакаў яго, па звычцы седзячы на калодзе. Ён ужо глынуў з бутэлькі, якая стаяла побач. Нібы ўпершыню Слядак убачыў яго лядашчасць і што ён ужо амаль зусім стары: зморшчыны, набухлыя мяшкі пад вачыма, друзлая скура — усе прыкметы распаду арганізма.
«Не хацеў вас раней трывожыць пытаннямі, — сказаў стары, — а калі зазірнуў у краму, то вы ўжо раптам сышлі».
«Я хадзіў развітацца з Шэрыфам, — патлумачыў Слядак. — Праз паўгадзіны мне трэба на станцыю, інакш я спазнюся на цягнік».
Стары ўзняўся з калоды.
«Калі вы не супраць, я дапамагу вам сабрацца».
«Я сам, — сказаў Слядак. Ён выцягнуў з кішэні кашалёк і даў таму грошай. — Вось, вазьміце».
«Вы іх бачылі?» — спытаў Крэз.
«Каго гэта — іх?»
«Эрыній».
«Бачыў, — праз паўзу сказаў Слядак. — Яны ледзь не патапілі мяне».
«Цяпер вы мне верыце?»
Слядак паціснуў плячыма.
«Хіба што так».
Ён пайшоў, сабраў сваю дарожную сумку і зноў выйшаў на падворак. Сонца пакрысе губляла сваю сілу. Крэз па-ранейшаму сядзеў на калодзе. Бутэлька ўжо амаль апусцела, але ап’янець ён яшчэ не паспеў.
«Не хачу вас сурочыць, — асцярожна заўважыў Слядак, — але ж вы абмежаваныя часам, я маю на ўвазе тое, што наперадзе ў вас старасць, і дапамогі вам тут дачакацца цяжка».
«Я ведаю, — адказаў стары. — Пакуль я яшчэ ў сіле. Але як толькі я саслабею — мне гамон. Лёс многіх белых тут прадвызначаны, калі яны жывуць адзінока падобна мне. Як кажуць, за што змагаліся — тое і атрымалі».
Яны крыху памаўчалі.
«Што ж бывайце, — сказаў Слядак і працягнуў старому руку. — Калі што, вяртайцеся ў Мегаполіс. Я вам раней гаварыў пра свой пеленг, і вы лёгка знойдзеце мяне».
«Бывайце, — адказаў Крэз. — Наўрад ці больш пабачымся, так што дзякуй вам за дабро і ўдачы».
…У забітым людзьмі вагоне цягніка, а хадзілі яны рэдка, Следаку не знайшлося месца. Там-сям можна было і сесці, але яму наўмысна і з прытоенай нянавісцю адмаўлялі — ехалі ў асноўным цемнаскурыя і каляровыя, а таксама супляменнікі Ларыёна. Ён прымасціўся ў тамбуры ля акна і ўвесь час стаяў, раз-пораз прыціскаючыся, калі яго піхалі, часам знарок, да сценкі.