Выбрать главу

Быццам разам прарвала гаць, і ўся прастора ад Міжземнага да Нарвежскага мора перакулілася з ног на галаву і на працягу якіх двух-трох дзесяцігоддзяў стала замест Еўропы… Еўрабіяй, ад спалучэння назваў Еўропы і Аравіі. Тэрмін гэты, прыдуманы значна раней, з лёгкай рукі сацыёлага і навукоўца Бат Йеар, якая, дарэчы, знікла без вестак падчас Катастрофы, так і прыжыўся, увайшоўшы апошнім часам нават у афіцыйную дакументацыю. Але яшчэ да Катастрофы масавы тэрарызм ператварыў еўрапейцаў у баязліўцаў, прымусіўшы іх спачатку ўсяляк запабягаць перад новымі варварамі, а потым і поўнасцю саступіць ім месца пад сонцам.

Якраз тады былі зарэзаныя ў сваіх кватэрах, пад’ездах, лецішчах і так нешматлікія прадстаўнікі эліты: навукоўцы, пісьменнікі-радыкалы, мастакі, палітолагі, нават некаторыя музыкі-барды і спевакі. I калі ў далёкім мінулым, як ведаў Слядак з падручнікаў па гісторыі, гома сапіенс выцеснілі неандэртальцаў з тэрыторыі сучаснай Еўропы, цяпер гэтак жа, з механічнай дакладнасцю маятніка, у новым варыянце адбываўся, хутчэй, заканчваўся адваротны працэс.

Сонца, між тым, хілілася бліжэй на захад. Крыху пасвяжэла, толькі дым ад нешматлікіх пажараў на закінутых тарфяніках казытаў горла і вочы. I цяпер, як увогуле днём ці ноччу, над Паселішчам стаяў грукат барабанаў: у бараках і былой школе працавалі музычныя аўтаматы, якія бясконца вывяргалі на нізкіх частотах афрыканскі джазавы рытм, і Слядак раптам успомніў старажытнага філосафа Шапенгаўэра. Той неяк заўважыў, што, бадай, узровень шуму, які можа вытрымаць чалавек, адваротна прапарцыянальны яго інтэлекту.

Крэз сядзеў на драўлянай напаўгнілой калодзе перад сваімі дзвярыма — пэўна, чакаў нязванага пастаяльца.

«Я наведаў возера, — паведаміў яму Слядак, — і добра паплаваў».

Крэз дапытліва глядзеў на яго.

«Вам не варта рызыкаваць, — урэшце азваўся ён. — На возеры сталі гінуць людзі. З невядомых прычынаў».

«Тое, што часам невядома ўсім, становіцца зразумелым для некаторых. Ва ўсялякім разе кожны з іх вызначае для сябе сваё тлумачэнне таму, што здарылася. Вы ж таксама, пэўна, зрабілі выснову?» — скончыў сваю заўвагу Слядак.

«Так, — кіўнуў гаспадар дома. — Але вам мая выснова, магчыма, падасца дзіўнай. Так што без паўлітра мы наўрад ці разбяромся».

«Яшчэ не позна, і ваша мясцовая крама, верагодна, не зачынена. Я зараз выдам вам, так бы мовіць, аванс, і мы з вамі працягнем гутарку», — закінуў вуду Слядак.

Крэз адразу ажывіўся, хоць і не згубіў самавітасці. Ён падняўся на ногі і сказаў:

«Думка ваша цалкам прыстойная. Што яшчэ трэба старому чалавеку ў гэтым жыцці? Глыток-другі гарэлкі і — размова з цікавым субяседнікам. Вы згодны?»

Слядак прынёс грошы і параіў старому купіць акрамя гарэлкі і што-небудзь паесці. Той ахвотна, без цырымоній згадзіўся і пайшоў.

Прыкладна праз паўгадзіны Крэз вярнуўся. Ён паставіў на стол літровую бутэльку таннага мясцовага віна, паклаў хлеб і нават бляшанку мясных кансерваў. Слядак дабавіў да гэтай сціплай закускі свае камандзіровачныя бутэрброды, і яны селі за стол. Стары наліў віна ў шклянкі.

«Я заплыў далёка ад берага, — асцярожна працягнуў напрамак гутаркі, які яго найбольш цікавіў, Слядак. — Я добра плаваю, і мне, мяркую, баяцца няма чаго».

«Ганцу — першая шклянка», — стары нетаропка праглынуў алкаголь. Праз хвіліну твар яго паружавеў, а мова стала больш гладкай і выразнай.

«Вы бачылі востраў? — спытаў стары і, не чакаючы адказу, працягнуў: — Ад берага да яго кіламетры тры — тры з паловай. Месца там гіблае, балотцы, твань, нават рыбакі там не спыняюцца, але з пачатку лета там жывуць».

«Жыве хто?» — спытаў Слядак.

«Эрыніі».

Слядак папярхнуўся.

Стары нібы са спачуваннем зірнуў на яго.

«У вас, пэўна, бракуе адукацыі, — з’едліва сказаў ён. — Вам патлумачыць, хто такія — эрыніі?»

«Не трэба, — усміхнуўся Слядак. — Калісьці я вучыўся на гуманітарным факультэце. Такія яшчэ існавалі да Катастрофы. — Потым, — ён раптам спахмурнеў, — калі ў падземцы згвалцілі і забілі маю сястру, я добраахвотна пайшоў у крымінальны вышук, а пасля таго, як мяне паранілі і выдалілі нырку, — у КрымПа».

«Выбачайце. Мне шкада, вельмі шкада».

Слядак наліў сабе і старому і адразу ж выпіў сам.

«Эрыніі, наколькі я ўспамінаю, багіні помсты, і пражывалі яны, паводле міфа, у пекле».