Выбрать главу
Надзею напавер Бяру, што нешта будзе. Паважна жыць, як людзі, Зьбіраюся й цяпер.
А дождж імжыць: ім жыць, Наступнікам настрою. І кладка над вадою Дрыжыць… А цень бяжыць.

Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках

Картавы крумкат крумкача. Чабохканне ўсычэлых качак. Галантны горнецца гарлачык На край каравага карча.
Падрыць спрабуе бераг крот. Хмель млявы лёгкі на ўспаміне. Любіць лабатыя глыбіні Ці не, Вагаецца чарот.
Ляшчыннік моліцца на лог. Маліннік млее ад блазенства, На возе возера вязецца Аблокаў малады мурог.

Жыві і доўжы цень!

Жыві і доўжы цень сваім дарогам, Пакуль вязуць твой воз Наіву колы, Пакуль не здасца белы свет астрогам І ты не станеш перад панам Богам, Як і твая душа, Таксама голы.

* * * Вясёлы і ў сваёй пакуце…

Вясёлы і ў сваёй пакуце І сумны — Радасці назло — Гук выдзімаюць, як у гуце Са шкла гарачага святло.
Бярэ знямогласць на парукі Апошні ўскрык, Апошні ўздых. Змаўкаем. І змаўкаюць гукі — Чакаюць вуснаў маладых.

* * * Вякі перасвістваюцца скразнякамі…

Вякі перасвістваюцца скразнякамі. Маўчання ў рот набіраюць званы. Датуль чалавек у нябыт не знікае, Пакуль жывуць ягоныя сны.
І п’юць, і сварацца, як суседзі, Яны мілуюцца, як мілуны, Зязюльку ўчуўшы, Бразгаюць меддзю, Вандруюць сны І жабруюць сны.
Сны аржаныя, Сны баравыя — Свае ў русалак, у лесуноў. Мы ўсе, і мёртвыя і жывыя, — Начлежнікі толькі Ў гасподзе сноў.

Бясконцасць

Бясконцасць болей дбае аб касьбе, Касу трымаючы напагатоўку, Знакі вякоў саскрэбвае з сябе, Нібы з рукі татуіроўку.
І застаецца толькі рэк зліццё І нашай прагі яміна пустая. Бясконцасць чыстая, як забыццё, На дробязь часу ўвагі не звяртае.

Брэх

Сабака аж давіцца брэхам — Быццам глыбока ў горла Зелле горкае Заліваюць спехам. З ёкатам замаўкае — За ваўкамі Наўскоч пабег Азяблы брэх Па мулкай араллі. Хоць ваўкоў звялі, Вочы сабачыя У падхартаным сне Зграю ўбачылі.

* * * Смерць як жыццё…

Смерць як жыццё. Жыццё як смерць. І немінучасць і мінучасць. Жыві І ў гэтым свеце сцвердзь, І ў тым Сваю нежывучасць.

Ave!

Чатырохнога табурэткі Хадзіць вучыліся па зале. Нябожчыкамі пахлі кветкі, Што з вокнаў ранішніх звісалі.

* * * Мы, як апошнія ваўкі…

Генадзю Бураўкіну

Мы, як апошнія ваўкі, Пасляваеннікі-паэты. Ужо настаўлены цвікі, Каб шкуры нашыя з імпэтам
Распяць на прыцемнай сцяне, Дзе рэбрацца старыя бёрны. І ўрэшце сківіцы сцяне Апошні адвячорак чорны.
Мы па інерцыі бяжым, У свет яшчэ знаёмы выем, Ды цені тоіць кожны выем У змроку покуль што чужым.

* * * Гібее пад ільдом рака…

Гібее пад ільдом рака, Каб адагрэцца крыгаломам, Каб веснаход пачаць з рыўка, Каб безбярэжнай Стаць з раўка, Паказытаўшы спіны стромам, Не пакідаць ні астраўка Адмелінам — Былым знаёмым. Прыняць, як веру, раўнавагу, Але зімовую знявагу Трымаць у памяці бруйка.

* * * Чуючы цёмную сілу ў слове…

Чуючы цёмную сілу ў слове І не дужа верачы ў словы свае, Чалавек найменні дае Сабаку, каню, карове.