Выбрать главу

Мусіць доўжыцца

Ліставейны лівень Белаввежы, Цёплы град зрудзелых жалудоў. Зубрант вятрыстае начлежжа. Ціхі смех няпуджаных слядоў. Мох, расчулены баравікамі. Мокрыя бабровыя хлуды.
Гэта мусіць доўжыцца гадамі, Успамінам грэць у халады.

Традыцыйнае

Журавы пасуцца на балоце, Грэюцца ў дарогу журавінамі. А туга стаілася на ўзлёце, Каб знікаць сваімі пуцявінамі.
Журавы падымуцца ў нябёсы Даганяць тугу далёка ў выраі. Восеньскі настрой перапялёсы Зябкавата пер’е натапырвае.
У ставок вада цішэй сцякае. А над чаратамі, Па-над пушчаю З туманом плыве і не сціхае — Як пачуць — Курлыканне скрыпучае…

Турлюй

Тураў рог І паляўнічы рог Ладзілі ймяніны баравіне. Сам паганскі дух яе сцярог, Лёгкую ў аблокаў на паміне.
Не адзін віхор Зламаў язык, А Турлюй не вымавіў з разгону. На імхі Пад закіпелы рык Лось губляе Галаву й карону.

Цяжка

Дзяцел ісціну даводзіць дзюбай, Толькі пра сваё шуміць сасна. У сасны з вясны дума адна — Высіцца й не гнуцца перад згубай. Беразняк Усмешкай белазубай Так і прасмяецца давідна. На хвасце ў сарокі пер’іна Пераважыць ісціну рахубай. Біся лобам Ці сякерай дзюбай — Не памірыцца з маной віна. І лясная знае даўніна — Цяжка Ісціну даводзіць дзюбай.

Імша

Сцішаю свой спех і з пашанай У шуму спагады прашу. Тут правіць У світцы імшанай Лясун па спакоі імшу.
У пнёўе ўпіраюцца пяты. На шыі дарогі пятля. Дажджамі абмыты, Працяты Вятрамі, Нябожчык каля
Магілы свае спачывае. А грукат балюе смялей. І ў лесу душа як чужая. Хоць ёй на смаляк усмалей.
Ад хмар хваравіта і шэра На сэрцы ў нябёс І ў вачах. Не хоча паганская вера Са сценьмі Згасаць у карчах…

Памяці Валянціна Ждановіча

Ты вёў свой рызыкоўны торг з нябытам — Хацеў даўжэй пакінуць на зямлі Жывых і тых, што ціха адышлі Ды засталіся быць святлом адбітым. Жыццё радзейшым, смерць гусцейшым сітам Прасейвае чаго, каго, калі. Тваіх вачэй турботныя чмялі Спалохана віталіся з блакітам.
Сяброў усмешкі і зласліўцаў кпіны — Ты ўсё ў сябе прымаў, як вечны дол, Абавязкова за людзей павінны. Ды хто прыспешыў твой жалобны стол? Чаму ж ён не адвёў абвіў змяіны, Рахманы, як і сам ты, твой анёл?

Знаёмае

Чарсцьвяды. Чаравэчча. Завыдрана. Павулле. І вечар горбіць плечы У дажджавой затуле.
Палын нудзьгуе горка. Дыміць туман ядлова. І скача, Як вавёрка, На вусны з вуснаў слова.
Начуе золь па шатах. Па некім каня плача. Вушача — Мой пачатак, І мой канец — Вушача!

Залачу далонь

Я сцяжыне далонь залачу Жаўталісцем З бяроз Беразвечча. Я з табою сустрэцца хачу Ў варажбітна заснежаны вечар. Каб ад шпаркай хады Халады Чырванеліся шчокамі ў белі. Каб аж да Беразвечча сляды Учарнелі. Ад бяды.

* * * Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў…

Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў, Мама капу ткала, Ткала «ў дымкі». Бацька сына песціў і любіў. Я трапляў з абдымкаў у абдымкі.
Бацька на Вялікадня зубіў Яйка — Выбіраў мацак найсамы. Бацька сына, Бацьку сын згубіў, І застаўся я ды смутак мамы.