Выбрать главу
V
Ціха ад піўняка да турмы. Шчокі горада ветрам паголены. Як хранічныя алкаголікі, Закадзіраваны дамы.
VI
Гораду сняцца І негарадскія сны — Загарадныя, Прыгарадныя І з даўніны — Местачковыя, Пулятыя, стракатыя, Як палотны мастачковыя; І вясковыя, Васковыя, Кужэльныя й шарачковыя, Дзе гнецца маладзік Над стрэхамі, А маладзіца Над лехамі Урачкоўвае. Ноч думкі скаромныя Параскоўвае, Ды «Хуткая дапамога» Ад болю завойкае. Збялеецца дасвецце За вокнамі, Як малако парашковае.
VII
Захацелася urbi Пакачацца ў гурбе, Абцерусіцца, Абеларусіцца. Дзе конь качаецца, Там поўсць астанецца, Дзе слова заручаецца, Там кігіча чаіца.
Зажадалася orbi Пабыць у торбе Ды патупаць па ворбе. Дзе слова ступіць па раллі, Там ходзяць з песні жураўлі.
Гораду й свету Доўгія леты!

Зноў пра паэзію

Кабета надумала піва варыць (Ад мамы помню показку гэтую), І будзе да хмелю яна гаварыць: — Сто год Хай твой род і зімуе й летуе! Ты ў піва за кума, Чубаты мой хмелю, Дарадца застолля адзіны. З цябе ж і вяселле, З цябе ж і пахмелле, Ігрышчы, гульбішчы, радзіны.
А хмель паварушвае кутасамі, А кутасы ў рукі просяцца самі. Кабета ўзлезла на дуб І гала На піва хмель З асалодай ірвала. Ды не ўтрымалася, Рухнула з дуба. І ўсё кабеце стала нялюба. І хмель хвалёны, Яшчэ зялёны, Аж пажаўцеў, Як пачуў праклёны:
— Ты звадыяш, Зелянейшы ад змея, Твой дух адно што чмурыць умее. З цябе блазенства, З цябе шаленства, З цябе махлярства, З цябе курвенства…
Шпарчэй падганяю Радкоў чараду маю І зноў пра паэзію Сумна думаю.

* * * Паэма, закончаная толькі што…

Паэма, закончаная толькі што, Толькі, нібы дзяўчына, з якой быў Толькі што блізкі: І вочы сыплюць яшчэ Бессаромныя ўзбліскі, І цела перасмыкаюць яшчэ Нецярплівыя колькі.

* * * Чайнік з забінтаванм носам…

Чайнік з забінтаванм носам Разлівае зялёны чай. Пацвяліць завейны адчай Замігцелася белым восам.
Сырадойна дымяцца горы. Снег няўпэўнена растае. І з нагоды Лагоды тае Чай дыміцца ў зялёным гуморы.
Тут, як з сябрам, Сустрэўшыся з лёсам, З вышынёй яго заручай. Хай смяецца бяседы ручай Душным краскам, Скрушным нябёсам.
Разлівае зялёны чай Чайнік з забінтаваным носам.

* * * Замчышча — як бульбяная яма…

Замчышча — як бульбяная яма. Уздрыгвае Касплі халодная свечка. На магазіне «Прадукты» аб’ява: «Прадаецца маладая авечка».
У далечы глуха, як у сычоўні. Берагі пагойдваюцца аблачынна. Палошча бялізну, Стоячы ў чоўне, На сярэдзіне плыні жанчына.
Мужчына човен вяслом трымае. І сушыць хвост на карме сабака. У слядах дажывае Вада дажджавая. Сагрэцца не можа ніяк імжака.
Дзягай маланкі Хмару не перапсюрыш. Не хмурыцца неба стараецца шчыра. Па бульбянішчы Дыбае ў ботах Сураж.
Суравейна. Самнасамна. Сыра.

* * * Як з небасхілу маладзік…

Памяці

Якава Абрамавіча Серпера

Як з небасхілу маладзік, З крывіцкіх местаў і мястэчкаў, Не распачаўшы З лёсам спрэчкаў, Калі Яўрэйскі профіль знік?
Мне не хапае дружбака, Суседа, лекара, дарадцы. Бяседа стала папярхацца, Як п’яніца ад першака.