Выбрать главу
Без коміна няўтульна хатцы, А небу — Без маладзіка…

Восень паспела

І здасца, журыцца няма прычыны. Хлапчо, Ці анёлак з цёплага раю Кусае мёд з адломка вашчыны, Нібы на губным гармоніку грае. Лісцё не апала — Яшчэ не паспела — А восень абласавацца паспела.

* * * Трамвайшчык…

Трамвайшчык Голасам адсырэлым Аб’яўляе: — Трамвай на возера йдзе… Калючым дротам дажджу Дзялянку горада Угароджвае восень.

Пасля

У памяць пастановай не ўвайсці, І гнеў людскі Гранітам не зацерці. Як сумна ўзносяць помнік Пры жыцці, Дык зносяць з веласялосцю Пасля смерці.

Ужо

Нахабна зіркне малады, Як сам ты З тых гадоў забытых, Дзе ў роспытах і перапытах Іне задумваўся тады, Што й на цябе калісці так Зірне юнак, Як на старэчу. Ну вось, і прычакаў сустрэчу! Хвалі, жабрак, Сваю галечу, Дзе ззяе золатам мядзяк.
Ты па інерцыі адно Смыліш яшчэ Ў цяперльца служкай, А час цябе Жарынкай-дзьмушкай Здзімае, як і ўсіх, На дно.

Хачу сустрэцца

Урэшце ўсё сатрэцца, Патухне медзяком. На схіле год сустрэцца З забытым юнаком, З чубатым і насатым, Няўклюдным, вінаватым —
Хачу сустрэцца ціха, Сам-насам памаўчаць, Адыдуць гнеў і ліха. А ўсё наноў пачаць.
Захочацца сустрэчы. І палец качарга Загне ў гарачай печы, І выць па-чалавечы Пачне туга.
Хачу на быстрай рэчцы З самім сабой сустрэцца, Зноў сынам называцца, Рунець, красаваць, налівацца…

* * * Чыстыя ад гаманы й маны

Чыстыя ад гаманы й маны, Дзе толькі не палуналі Словы ўсявышнія? Пахнуць яны Снамі ды палынамі.
Вешчыя сны Адасніліся нам, Зніклі калыскі чаўнамі. І засталося цяпер палынам Раскашавацца над намі.

Інструкцыя

А ўсмешка б’е нуду, Як пуга пастухова. Расчэсваць бараду Звыкаю паступова.
Лагодна час брыдзе, Ўцякаюць прэч абразы. Здаецца, ў барадзе Растуць на ўсё адказы.
І сцені на сцяне Праходзяць чарадою. Пытанне: «Быць ці не?» Таксама з барадою.
Нашто шукаць брады, Як рэчка перасохла. Наяўнасць барады Змушае філасофстваваць.
Ні пад чыю дуду Не след збіваць падковы. Расчэсваць бараду — Занятак разумовы.
Каб ашукаць бяду І заставацца з краю, Расчэсваць бараду Усім рашуча раю!

Рыпі!

Пяро! Паперу леш, Чарніла цэбар выпі. Рыпі, бо ў рыпе лепш Зайсціся, чым ва ўсхліпе.
Рып змоўніцкіх дзвярын І крокаў рып на снезе. І рып — Аж да жмурын! — На маладым начлезе.
Хапала й чарнаты. Страх рупіўся ўтрупела. Ды ні на кога ты Употай не рыпела!

* * * Дыхнула блізкасцю з пакоя…

Дыхнула блізкасцю з пакоя. І ты канкрэтная… І мне Так захацелася спакою, Каб там з табой, З адной табою, Быць у магчымай старане, Дзе можна прачынацца разам, Задуманыя бачыць сны, Дзе сад І плот з патайным лазам, Дзе, непадлеглая абразам, Адчуе радасць смак віны. Але… Пра гэта іншым разам.

Лістападаўскае

Скруціў вятрышча ялінавы млён, Не дамалоўшы парошу ў муку. Залістападзіла. Скалануўся клён: Дрыгатлівы агонь Павесіўся на суку…