Выбрать главу
Табе ж ці лёгка, Шэрая, Паабяцаць, пазычыць?

Спёка-92

Аблокі, дзе ваш лёд высокі? Сухмень, Пакінь свае пракуды! Нікому не ўцячы ад спёкі, Нібы ад старасці, Нікуды.
Злятае яблык вялабока. Зямля пытае: — Я сырая? Здаецца, Толькі слова спёка Усё засмягла паўтарае.
Свет выгарыць, згарыць, Здаецца, Цень у палон святла Здаецца.

Дзяўчаты з маладой пары

Дзяўчаты з маладой пары, Дзе вашы станы, вашы рукі, Дзе спадкаемцы скрухі — рухі, Што маладзілі дол стары?
Вы тут, а я вас бачу там, Дзе вы былыя, маладыя, Сваёй нясмеласцю худыя, Непадуладныя гадам.
Мне вашы з даўніх вечароў У непадробленым суроку Ўсплываюць позіркі здалёку, Кругі нібыта з дна віроў.

Бурштынавы тост

Як вечнасць у бурштыне, Не стынь у душы на дне. Праменься, Пакуль душа Не рупіцца з кірмаша. Шалее табой душа, Як акіянамі ЗША!

* * * Ціха прывыкаеш да красы…

Ціха прывыкаеш да красы, Як сняданак посны да закрасы. У цябе, Што ў цёмныя лясы, Адчуваеш, Сівярок закраўся.
І жывеш ужо не ў забыцці, Трацячы нязнойдзенае штосьці. Ростань тут жа рупіцца прыйсці Міласэрнаю сястрой мілосці.

Не хочацца

Адвіхурыцца сцюжа, Спёка з выраю вернецца, А не хочацца дужа Жыць душы па інерцыі.
Па інерцыі рання, Па інерцыі вечара. Думка росная вяне, Як ахрап’е, Што ў сечыве.
Аж з запасам насеклі, Ад старання пацеючы. Час, Заўчасна ніцеючы, Усміхаецца здзекліва.

Самаіранічнае

На ўснежанай галіне Чарнеецца варона. Імгненне гэта згіне, Закруціць вір шалёна.
Вір клопату пустога, Вір звягі, вір знявагі. Стажар’ю стыць без стога. Масніцам славіць лагі.
І недзе ва ўспаміне Сарвецца жалю грона: Датлела на яліне Былой тугі варона.

Твая мілосць з вачыма лані

Табой напоўнена да краю Мая душа, Ты ведаеш сама. Сябе з ахвотай дакараю, Што месца мне ў маёй душы Няма.
Ці насланнё, а ці пасланне З нябёс, Дзе толькі Бог ды лёс Жыве? Твая мілосць з вачыма лані, Напэўна, Знае толк у ведзьмаўстве.
Бяда й спагада — Ўсё ад Бога. Твой стыне гнеў, Як іней хрупаткі. Ці ў грудзі грукае трывога, Ці гэта Лёгкай лані капыткі?

Тлумачальная запіска

Не разгадаў я ласку акварэлі. Вясёлцы я не закасаў рукаў. І ў даўніх тых, што сэрца мне сагрэлі, Я падабенства да цябе шукаў…

Белыя замовы

З аблокамі абшар на «ты». Зімовы дзень. Настрой зімовы. І снегу белыя замовы Ад голасці, ад чарнаты. І вырывае вецер словы — Там… пра хвасты… пра капыты… Пра крыгаломныя падковы… Да глухаты.

* * * Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю…

Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю, Сарока бялеецца ў гарадскім двары. Пытае, бы тая вяскоўка, ды перапытвае, Чаму заляцела ў муры, Як у бор сыры.
Можа, бабкаю, а ці прабабкаю Быў абстракатаны Гэты ўзлесак былы. Сарока асфальт нехалодны Мацае лапкаю. І мне не хапае паху Баравое смалы.

* * * Вадой замерзлай затоплены човен…

Вадой замерзлай затоплены човен, Як след ад нагі босай велікалюда. Чарот парудзеў ад зімовых абновін. Трашчаць берагі ад лядовага склюда.