Выбрать главу
Я загадваў няраз, цот ці ліш Засталося мне ў долі ў прыполе. І прысніўся ў Вушачы Парыж. Заблудзіўся я ў ім, Як у полі.
І, як гэта заведзена ў сне, Я спазніўся, Таму ж і не ўбачыў Нечага. І хацелася мне Перанесці, як хату, Вушачу ў Падсуседзі Парыжу,
Каб вяз, Бацькаў вяз на палях Елісейскіх Зелнеўся на яблычны Спас, Як зямляк На азёрах усвейскіх.
Каб у гіз, Разганяючы кроў, Паспытаўшы з гарода грыжанкі, На паўдзён заганялі кароў У шкляныя хлявы парыжанкі.
І прачнуўся. Прыхмарваўся дзень, Як прытомлены думнік Радэна. І лавіла свой цень-круцень Над страхой у суседа антэна.

Парыжам поўная галава

Анёл вясёлы лыжы Настроіў на Парыж. І я жыву ў Парыжы, Бо смутак мой, Як віж, За радасцю цікуе, Што там маёй была, І похапкам цюкуе Парыжскага святла
Бязважкасцю цяжкія, Як воблакі, цюкі. І смутку рэжуць шыю Дакору асцюкі.
З Булонскага, былога, У лес вушацкі свой Яму ляжыць дарога З лірычнаю жарствой.
Хай смутак пакарпее! А я наўспыш, як пыж, Са стрэльбы нецярпення Лячу — Абы ў Парыж!

Запомнілася

Карласу Шэрману

Гляджу на афішы, І забірае ахвота Забраць дадому, Каб прымацаваць на фіранцы Гэтае На фоне нацыянальнага сцяга Каляровае фота Найлепшае срачкі Францыі тысяча дзевяцьсот дзевяноста першага года…

Выходзіць…

Туга, як пад венікам мыш, Чакае тае хвіліны, Каб зноўку сасніўся Парыж Лятучы Як рой чмяліны.
Каб вуліцу перайшла, Як рэчаньку, парыжанка, Пакуль набірае цяпла У хаце свая ляжанка.
Хай пал прабяжыць наўздрыж, Нібы той цягнік з адхону…
Выходзіць з мяне Парыж, Як градусы з самагону.

* * * У запушчаным…

У запушчаным, Пушчаным на самапас Садзе Гвалт падымаюць сарокі. Аблачыны маўчаць, як сурокі. Пазірае на ўсё ясназоркі Час, Набраўшы маўчання ў запас.
Што вяшчуюць — Бяду, навіну Траскатухі ў прытомленым садзе? Мне б хацелася вырваць віну, Як з глухое ляхі травіну, Павініцца, пакрыўдзіцца Звадзе,
Што мяне пасварыла са мной, Што звяла мяне з сумам, самотай, Сцежак шмат натаптала з адной, З той адной, што ўцякала з вясной І душы маёй раіла: лётай!
Я зусім заблудзіўся на сцежках чужых, Я згубіў сваю сцежку спакою. Дзякуй, сад, Што са мною таемна заціх. Твой, Паганец зялёны, І ўздых, і ўскалых Я хрышчу абмялелай ракою…

Расчуленае перадзім’е

Радзіславу Лапушыну

Калі б у свеце ўсім адзін такі, Як Вы, застаўся, Жыць на свеце варта. Чужэюць, халадзеюць дружбакі, І з хмелем шчырасці мялее кварта,
З якое ў маладосці п’еш нагбом, Як у люстэрка, ў дно Глядзіш на схіле. Званец на лузе, На званіцы бом, Здаецца, адцвілі, адгаманілі.
І ўзнікне звонка Сябра малады, Як гук, Што сум на глухасць правярае. Адлежна пацяплеюць халады, І крыўдаў і хвароб адстане зграя.
І возера паверыць астравам, І абмакнецца ў дождж Блакіту луста.
Я словы Вашыя вяртаю Вам: Без Вас у пана Бога будзе пуста.

Зялёны ўспамін

* * * Пушча…

Пушча — Зялёны ўспамін планеты Пра тыя часіны спакою, Калі Ўсё буяла па ўсёй зямлі, Калі збываліся прыкметы.