Выбрать главу
Пушча — недашаптаная казка, Дзе сняцца борцям мядзведжыя сны, Дзе хочуць рэха ўцвяліць лесуны, А ў восені воўк наняцца падпаскам.
Пушча — Пушчаны голас на волю, Гул капыту І разгул лычу, Грахі, адпушчаныя крумкачу, Што сыціўся дзікім мясам без солі.
Спытаецца вецер: — Куды вы, аблокі? Адкажуць дажджамі: — У Налібокі.

Быццам

Быццам просіць душа глухая: Не міні мяне, Памяні. Ціхі дождж ідзе й не сціхае. Аж чуваць, як растуць камяні…

На валожынскіх могілках

На могілках ні дрэўца. І здалёку Падасца — крушні ўсе разварушылі. Ці нават цень трымаць нялёгка лёху, Дзе ўсе Зямны свой клопат патушылі.
Імшэе мірна з зоркаю Давіда Менора, Што як восці з рэчку смутку. Дзядоўніку надломаная дзіда Трымае ля сцяны благую чутку.
Конь белы, Дзве казы Ды тры авечкі На восеньскай скупой пасуцца пашы. Палеглых камянёў глухія вечкі Схацелі засланіць магілам пашчы.
Як з Бібліі авечкі, Козаў быццам Прыгнаў Шагал, І конь з яго размаху. Грэць дол ужо астылы Звычна пыцкам. Скубуць траву, Што прарастае з праху.

* * * Гэта, як з цыганчынай маны…

Гэта, як з цыганчынай маны: Вечны дом, далёкая дарога. Адыходжу я ад гаманы, Адыходжу ад сябе самога.
Скрытна ад мяне ўцякае спрыт. Круціць сумна дні мае кружала. Рыба куплена, і воз накрыт, Як радня апошняя казала.
Спадабаецца траве мой след. Можа, зноў вяртаюся дадому. А чаго прыходзіў я на свет, І не адкажу сабе самому.

* * * І вянец, і вянец, і яшчэ вянец…

І вянец, і вянец, і яшчэ вянец. І аблокі і зруб імшылі. І звінеў пушчанскі званец — Івянец. І дажджы сум птушыны тушылі.
І надумаліся халады У балоты ды ў ляды выслаць, Цяжка ў торбу паклаўшы ляды, Быццам падчарку з казкі, Іслач.
Хоць гарэў, ды не грэў Веташка каганец, Як вісеў над зялёнай заслонай. Пушча З пошумам згодная йсці пад вянец. Іслач — Шаферкаю сцюдзёнай.

Завоз

Генадзю Равінскаму

У млыне з сілікатнай цэглы Як апошняе вытрасаюць. Іскры белыя выкрасаюць З зерня пад маразок набеглы.
І нясуць у мяхах на падводы — Так нясуць хіба сонных дзетак. Сумнай пляшкі зялёны ветах Затрымаў самагонны подых.
Гулка, Пыльна. Завозна. Золка. Млын жыцця — Ён таксама тлумкі. Забярэш свае мукі клумкі, Запыліўшы крыло анёлка.
Двор прапах, як млынар, мукою. Смачна квокча страха-чубатка. З белай лысінкай жарабятка Сыціцца трасянкай мяккою.

* * * Забыццё — не асцё…

Забыццё — не асцё, Ды нагадліва коле, Успамін — не язмін, Ды ўквячае сляды. Муравой захінаецца Слова «ніколі», У мурах адгукаецца Слова «тады»…

Кромань

Казіміру Камейшу

Пушчанскае возера Кромань З крамянай, З крамянёвай вадою. Ці тут гэта ісціны промень Намацвае ў цемры прадонне.
Ніяк не ўзляціць да чародкі Чарот — Хмары восеньскай хрэсьнік. Адбегся ад возера ўсё-ткі Прамерзлы на костку Бярэзнік.
Знікаючы, Пушча таропка Шукае гаючага трунку. І Кромань — Балючая кропка У сказе, Што просіць ратунку.