Выбрать главу

Івянецкі зазімак

Даланя й дзве свячыны              ўніяцкага храма Бласлаўляюць мястэчка              й вятрыстае ранне. Ціха стыне              стаўка перашклёная рама, І надрэчная вулка              хацінамі вяне, Як галіна лістамі,              што звыклі вініцца. Сад стаіць галаруч.              І не чыняць турботы Недасмалак вароны,              імглінка сініцы, Акалелага яблыка              страх круглароты.

Памяці ліпы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча

Тут са стагоддзямі вялі вайну, Не толькі палявалі на дзічыну. Адстрэльвалі святую даўніну. Тут выбівалі думку пра Айчыну.
І жах, і кроў Перапаўнялі роў, Што рылі чужакі, Забыўшы стому. Прах ваяроў, Сядзібы песняроў Кідалі ў пашчу полымю сляпому.
Гукні ў абсяг у голай цішыні І хворае пачуеш адгалоссе, Ад пушчы пні, Ад гмахаў камяні — Адно, што для нашчадкаў Засталося.
Якая ж гэта д’ябальская сіла Скасіла нас І веру пагасіла?

Параненае рэха

Стогн захлынаўся, рэха шугала, І захапілі вятры для разгулу Памяці даўняй глухія прагалы, Поўныя перастаялага гулу. Абараняючыся, абаранялі Лёс, Што цяпер жа на іх наракае, Людзе з падсечанымі каранямі, Дрэвы з адсечанымі рукамі.

* * * Як гэта ты, маладзіца-зіма…

Як гэта ты, маладзіца-зіма, Выплыла неяк ціха? Енчыць завея — Ратунку няма — Белая спарадзіха.
Дзень нараджаецца белы, як свет, Хмарамі не спавіты. Белы на чорнай бяскрайніцы след — Восень здала іспыты.
Грэйся, зіма, з маразамі ў шатры, Не ўспамінай аб марцы. З лёгкімі торбамі Прыйдуць вятры — Змерзлыя старцы.

Усё роўна

Каб нават зрабіўся анёлам, Дык, твой пралятаючы дом, Зваліўся б, Бо я зачапіўся б крылом Ці дужа рагатым нечым, Па-грэшнаму чалавечым…

Сагнуліся

Сагнуліся Прыдарожных бярозаў цвікі, Золь Забівае іх ціха ў сутонне. Храпуць Гарабатыя грузавікі, Як нейкія Марсіянскія коні. А недзе Вячэра расселася ля катла, Стамілася Супраціўляцца пакора. У заўтра Дарога спяшаецца да святла, Каб З цёмным Вярнуцца паспець ва ўчора.

* * * І хочацца дабрадзею…

І хочацца дабрадзею У гэтым зябкім жыцці, Назваўшы жонкай надзею, Да скрухі пайсці ў зяці.
Са скрухай думаць аб страце, З надзеяй зіму перажыць. Ліпець у прымацкай хаце І вока не запарушыць.
Кастрыцай благога настрою, Як клопат сатрэ свой лён. З усмешкай — З вясёлай сястрою Сустрэць невясёлы скон.

* * * Аглухне…

Аглухне І адчырванее медзь Ад сораму перад самой сабою. Не ўсё ж грымець. Час цьмець І зелнець Ад зайздрасці. Яна ж была трубою…

* * * А з дна калодзежа святлей…

А з дна калодзежа святлей Свет бачыца над галавою. Ад холаду аслеплы глей Хацеў бы Зелянець травою.
Але траве не ў галаве, Што не адна яна жывая. Цячэ вада, І глей плыве, І дно паволі заплывае.
А свет Святлее ўсё адно Рамонкам У сусветнай багне. Пакуль ёсць дно, Датуль яно Забраць таго, хто ўверсе, Прагне.

* * * Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве…

Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве І цьмяна блісне, як нарог ратая: Тваё жыццё — Апошні сказ у бібліі, А першы сказ наступнік разгадае.