Выбрать главу
Ён завагаўся, морам ідучы, І пеўнеў крык пачуў, Каб адрачыся. І ў вернасці да скону кленучыся, Ад брамы раю атрымаў ключы.

Выхад

І праявіцца будзе час праяве, А цеста закісліць няма калі, І ўцёкам з рабства Сам Гасподзь спрыяе, І ў ценяў за плячыма хатулі.
Дык на вадзе ўчыняй муку няволі, І цеста прэснае, як дні твае, Кладзі на плечы — Сонца агнявое Хай праснакі пячы не прыстае.
І вёў Майсей… І пёк пясок, як прысак… Не скажуць ні дажджы, ні маразы: У праснакоў саленаваты прысмак Ад поту Ці ад радаснай слязы…

* * * Чым Бог бліжэйшы да зямлі…

Чым Бог бліжэйшы да зямлі, Тым Ён нябеснейшы… І тут, відаць, Прывычна дзіва здзейсніўшы, Уборы, што з блакіту, Лёгка скіне — і, Нябачны, ўбачыцца Сляпым і жабракам. Як выдых, выйдзе З ветрасценнай скініі, За сынаў боль Даруючы цвікам…

* * * Усходняя калючая краса…

Усходняя калючая краса Сама сябе калючасцю бароніць. На свет глядзіць, Як быццам з-пад крыса, Альбо ўтрымае цень, Альбо аброніць…
Усё жыве, Пакуль свой мае цень. Паласкавеўшы, Перакаці-поле Згубіла цень І марна дзень у дзень Бяжыць.
Бо цень свой не дагнаць ніколі.

* * * Я царкву сваю ў душы нашу…

Я царкву сваю ў душы нашу З алтаром святла, званіцай болю. Правіць смутак мой па мне імшу, Хоча хваласпеў злагодзіць долю.
Я хаджу, ўпавіты праз вякі, Як шляхамі да сябе, Грахамі. Прычашчаюся з Яе рукі, Спавядаюся прачыстай Маме.
З тлумам ды з малітваю жыву, Паважаючы зямлю сырую. І за тое, Што нашу царкву, Думаю, Ўсявышні мне даруе.

Мальба

Калі маю суцішыць галаву Напханая габлюшкамі падушка, І змоўклы запярэчу — Я жыву, Бо за мяне жыве мая дачушка!
Яна мая па духу, па крыві, Крывіцкая крывінка, Крывічоўна. Святы Гасподзь, Душой не пакрыві І не падумай пра яе грахоўна.
Нябесны пыл ператварае ў бруд Нахабны свет захаканы, шалёны. Няхай не трапіць толькі ў перакрут, Як з лёну тканая, душа Ілоны.
І на каленях аб адным малю, Бо пачынаю адчуваць расстанне, — Гасподзь, Дачушку не забудзь маю, Будзь Бацькам ёй, Калі мяне не стане.

* * * А святлом да святла прабіцца…

А святлом да святла прабіцца З паднявольнае глухаты Можа толькі бягуха-крыніца Ды яшчэ, мама вечная, Ты.

Позірк

Нязмерклым позіркам ікон Глядзіць на нас Прысуд халодны, А ў позірку дакор, і кон, І прага выбеліць палотны Зямных шляхоў, —
На іх вякі, Што будуць, што былі аднойчы, Нібы сухія васількі, Ляжаць, Нябесны сум не тоячы.
Не змераць зорнаю вярстой Жыццё. І зверыць час няма чым. А можа, гэта позірк Той, Што ўбачыць хочам І не бачым?

* * * А камень на сэрцы…

А камень на сэрцы, Каб вецер не знёс І сэрца, І нас, ветрагонаў. Той камень ад жорнаў, Дзе меле лёс Авёс неўзараных загонаў.
І цёмныя жорны, І зорны латак, І смех, Пабялелы ад мліва, Пытаюць падтакліва: Так ці не так?
І камень Цяжэе маўкліва.

Па чарзе

Спачатку ловім мы жар-птушку, Узняўшы ў небе зорны пыл. А потым — Палку-падпірушку, Каб свой падперці небасхіл.