Выбрать главу
А старасць шукае мяне, Я выгляд раблю, што не тая, Якую, сівеючы ў сне, Прысніў, Неадступна ступае.
Мне сталасцю старасць лягчэй Назваць І спагадней для слыху. Змаўкай Ці, як шлях, язычэй, Аднолькава радасці й ліху.

Чорны грай

Голова моя машет ушами.

Сяргей Ясенін
Як восеньскі лес, Галава Ад чорнага граю цяжкая. І рэха, Нібыта знава, З былой бліскавіцай блукае
Па сцежкай, Дзе памяць мая Хадзіла яшчэ маладая, Цяпер з-пад рукі ручая Той след Забыццё выглядае.
Пуляціцца страху сава. Шуміць І на страх не зважае, Як восеньскі лес, Галава Чужая Аж да небакраю.

* * * Хвалям разгубленага ўспаміну…

Хвалям разгубленага ўспаміну На цьмяны бераг не прыгайдаць Здрадай падкупленую хвіліну, Пра гаць дарозе не прыгадаць.
Уцякаючы ў забыццё, Як у гета, Вар’яцеючы ў цішыні, Памяць сабе заслужыла Хоць гэта — Права на выхадныя дні.

Пад ціхую старасць

Звыкаюць сівець аблачыны І цёпла зрадняцца з дымамі. Пад ціхую старасць жанчыны Падобныя болей да мамы
Паглядам, хадою, журбою, Лагодай, няспешнасцю, стомай І нават хусцінкай рабою, І грозьбай да плачу знаёмай.
Таму, пэўна, памяць трымае Нясмелы акрайчык надзеі, Каб думаць, Што мама жывая, Аднекуль вярнуцца паспее…

Буслова нарачонка

Паэма кону

Крылы не развінуў у палёце, Адляцелі ў вырай чароды. Ён зазімаваў на балоце. Перамерзлі цёплыя броды.
Выйшаў парабак да жывёлы. Босы бусел ходзіць па снезе. Белы — як зіма. Невясёлы. Нават сны не сніць аб начлезе.
Ногі, зябнучы, ппадымае, То адну нагу, то другую. Ні парады, ні рады не мае, Як зіму перажыць даўную.
Глянуў парабак на пакуты І сказаў, як роднаму брату: — Не калей раздзеты, разуты. Буслік! Буслік! Хадзем у хату.
Гаспадыня ткала красенцы І сказала: — У хаце пакіньце. Ён ад холаду ўвесь трасецца. Ды ў яго ж чалавечыя кіпці…
Пачала ў невядомым страху Узірацца ў кіпці наўскоса. Маладзіцы бусел з размаху Дзюб — і выдзеўб палову носа.
— Бусле! Што ж ты зрабіў ліхое! Я калекаю засталася. Бусел кажа: — Ляці са мною. Выгаю ўсё па хуткім часе.
— Як ляцець мне, бяскрылай? — Пытае. — Апрану цябе, — кажа, — ў крылы. Выйшлі ў двор, І хвіліна тая Таямніцаю ўсё акрыла. Узняліся ды паляцелі.
І зрабілася цёмна ў хаце. Дзеці дробныя асірацелі, Засталіся яны без маці.
Маладзіца ў гасподзе новай Новыя навяла парадкі. Стала жонкай яна бусловай. Нарадзіліся бусляняткі.
Ды зрабілася сумна гэтак. Просіць мужа: — У край паляцім мы, Дзе пакінула першых дзетак. Прыпаду хоць крылом да радзімы.
З буслянятамі прыляцела, Села на сваім азяродзе. Галаву закідвае смела І клякоча, І ў ціхай згодзе Памагаюць ёй бусляняткі Клекатаць: — Кле, кле, кле! — на палеткі Льецца клёкат.
— Бы ў нашае маткі Голас, — Кажуць першыя дзеткі. Дай жа ў клетку зловім бусліху, — Дзеці раяцца. З азярода Не ўцякае бусліха. Паціху Захінаюць сетку.
З гарода Дзеці ў хату ўнеслі бусліху, А на грушыне бусляняткі.
Пачакаўшы на моры крыху, Прыляцеў бацька бусел, Бы ў ладкі, Плешча крыламі ды клякоча. У акно як ударыць дзюбай — Шыба дзынкнула па-сірочы. Бусляняткі да маткі любай.