— Я проста быў уважлівы, не больш за тое,— ізноў запярэчыў камісар.
— Як пан мяркуе, хто забіў маркізу? Ці вінаваты Эцьен Рамбэр? Ці справядлівы прысуд?
— Пан Фузілье,— сказаў камісар Жуў,— каму іншаму я не адказаў бы, а калі па-сяброўску, то справа дэ Лангрун яшчэ не скончана, і покуль нельга казаць што-небудзь пэўнае.
— То што, Шарль Рамбэр не забіваў?
— Я гэтага не казаў.
— Ну, добра, а Эцьен Рамбэр, ён не вінаваты ў смерці сына?
— I гэта магчыма.
— Пан камісар,— нарэшце сказаў Фузілье і паківаў пальцам,— ці не Фантамаса вы збіраецеся абвінаваціць у забойстве маркізы?
— Менавіта так.
— Мне здаецца, што вы ані пра кога іншага і думаць не можаце, паўсюль гэты Фантамас! Тады, мой шаноўны камісар, як можна было абмінуць і не зацікавіцца рабаўніцтвам у «Раяль-Палацы»?
— Гісторыя з Соф’яй Данідавай?
— ... і з Фантамасам!
— Наўрад ці, Фантамас ніколі не пакідае пасля сябе такіх слядоў. Не ягоны стыль.
— А калі Фантамас пажадаў падражніць паліцыю? Ці да такога ён не здатны?
— Я, пан Фузілье, мяркую інакш. Звычайны злодзей вырашыў згуляць у Фантамаса...
— Наўрад ці, пан камісар! Звычайны злодзей не здолее ўкрасці столькі дыяментаў і сто дваццаць тысяч франкаў. Тут Фантамасаў маштаб і галоўнае — нахабства!
— Я хачу ведаць падрабязнасці, пан Фузілье!
— Самае дзіўнае — гэта спрытнасць злодзея: ён абрабаваў княгіню, заскочыў у ліфт, пераапрануўся калідорным і паспрабаваў уцячы на вуліцу, але швейцар спыніў яго, толькі злодзей не разгубіўся, зноў сеў у ліфт, узняўся, падышоў да дзяжурнага Мюлера, ад якога атрымаў заданне папярэдзіць паліцыю. I цяпер ужо швейцар, падпарадкоўваючыся загаду дзяжурнага, выпусціў злодзея з гатэля.
Рабаўнік, які мае такі спрыт, можа звацца толькі Фантамасам!
— Неабавязкова,— задумаўся камісар Жуў,— кожны злодзей-прафесіянал зрабіў бы тое ж самае.
— Але трэба было яшчэ мець пэўнасць, што ў нумары ёсць вялікая сума наяўных грошай, яму магла дапамагчы ў гэтым Надзін. Аднак нават калі ведаць, што грошы ёсць, трэба дазнацца, дзе яны схаваныя. Не сама ж княгіня паказала яму шуфляду сакрэтніка?
— Самае дзіўнае, што паказала! — камісар Жуў наблізіўся да Фузілье.— Княгіня кладзецца ў ванну, а рабаўнік дакладна ведае, як яму сябе паводзіць. Ён выходзіць з-за фіранкі, пагражае княгіні, запалохвае, потым супакойвае, прытвараецца закаханым. А потым фокус са святлом, і, магу запэўніць, не для таго, каб злітавацца над цнатлівасцю княгіні, а каб агледзець яе рэчы. Я маю пэўнасць, што, каб ён знайшоў грошы, то адразу ж уцёк бы... Але ён не знайшоў і застаўся ў спачывальні чакаць княгіню. Ён не ведаў яшчэ, дзе грошы, і таму ўважліва сачыў за кожным рухам княгіні, міжволі яе погляд спыніўся на сакрэтніку... Ён цудоўна зразумеў, што непакоіць ахвяру. Выцягнуў грошы і кінуў у сакрэтнік сваю візітоўку. Адзінае, што мы маем сёння, гэта тое, што злодзей, калі пераразаў электрычны дрот, моцна апаліў сабе далонь.
— Так,— пацвердзіў следчы.
XII
Удар у скроню
Полудзень у «Раяль-Палацы» заканчваўся. У вялікай зале мэтрдатэль гатэля казаў слугам:
— Вы ведаеце, я толькі што чуў размову паміж герцагам і герцагіняй дэ Вінжале. Яны казалі, што гэтыя рускія дамы не вартыя даверу, да таго ж гэтая гісторыя з ваннай. На мой розум, усё лёгка вытлумачыць, калі пашукаць сярод яе каханкаў.
За суседнім столікам таксама гаварылі пра крадзеж. Мюлер размаўляў з Анры Верб’е.
— Следчы каго-небудзь падазрае? — спытаў Анры.
— Нікога,— адказаў Мюлер.
— Выбачайце,— умяшаўся ў іх размову мэтрдатэль Луі,— паліцыя ўсё ж падазрае нашую мілую паненку Жанну.
Анры Верб’е павярнуўся да касіркі Жанны:
— Як паліцыя ўблытала вас у гэтую справу?
— Проста, раніцою ў той дзень я выдала княгіні сто дваццаць тысяч франкаў.
— У гэтым няма ніякага крыміналу,— адказаў Анры Верб’е.
— Вядома,— пагадзіўся Мюлер.
Не паспела касірка Жанна вярнуцца ў свой пакой на шостым паверсе, як да яе пагрукалі. У дзвярах з’явіўся Анры Верб’е.
— Я цяпер ваш сусед,— сказаў ён,— вось убачыў вас і вырашыў, што, можа, вы не адмовіцеся выпаліць егіпецкую цыгарэту?
— Што ж, ахвотна.
— Я чалавек сентыментальны і вельмі пакутую ў адзіноце. Надараюцца такія моманты, калі хочацца закахацца.
Жанна пагардліва зірнула на яго.
— Каханне — гэта глупства.
— Не, не глупства. Уявіце сабе, што мы закаханыя...— Маладая жанчына маўчала, і Анры Верб’е ўзяў яе за руку. — Гэта цудоўна. Я бяру вашу руку вось так і цалую яе. Пяшчотна, пяшчотна.