Выбрать главу

— Зрабіце ласку, пачакайце мяне ў кабінеце,— ён правёў яе і адразу ж вярнуўся.

— Выбачайце, я стаміўся, апошнія дні шмат працаваў,— Рамбэр штучна ўсміхнуўся.

— Гэта з-за мяне, мы сыходзім,— сказала баранеса,— няхай пан кладзецца адпачываць.

Калі за жанчынамі зачыніліся дзверы, Рамбэр зайшоў у свой кабінет, замкнуў дзверы і кінуўся да незнаёмай.

— Шарль! — закрычаў ён.— Чаму ты тут?!

— Бацька,— адказала дзяўчына і села на канапу,— я больш не хачу, не магу, гэта невыносна!

— Так трэба! — уладна сказаў Рамбэр.— Я патрабую!

Жанна скінула з сябе цяжкі парык, расшпіліла гарсэт, пад кашуляй праступалі моцныя мускулы мужчынскага цела.

— Не! Я больш не магу! Толькі не гэта! — Шарль Рамбэр камячыў парык.

— Ты ж для ўсіх нежывы!

— Лепш мне і сапраўды памерці.

— Я ўратаваў цябе насуперак усім, рызыкуючы сабою, таму што лічыў цябе хворым... А ты...

— Я мушу ведаць, якім спосабам вы ўратавалі мяне. Адкуль узяўся тапелец?

— Я выпадкова заўважыў труп на рацэ, апрануў яго ў тваю вопратку, а ягоную закапаў. Табе знайшоў сукенку. А далей, Шарль, ты сам ведаеш, відаць, чытаў газеты: я сядзеў на лаве падсудных і не ведаў, што рабіць ад сораму.

— Дзіўнае супадзенне...— сумна сказаў Шарль.— Але не я забіў маркізу дэ Лангрун!

— Я забараняю называць гэтае імя! — Эцьен Рамбэр устаў.— Ты прыйшоў, толькі каб сказаць мне гэта?

— Я не магу больш!

— Здаецца, пачынаю разумець,— задумаўся Эцьен Рамбэр.— Так, цяпер разумею. У «Раяль-Палацы», дзе паненка Жанна выконвае адказную працу, адбыўся крадзеж. I калі хто раптам дазнаецца, што касірка — гэта Шарль Рамбэр...

— Я не краў!

— Краў! — рашуча сказаў Эцьен Рамбэр.

— Я не рабіў гэтага. Зноў, як у замку Бале, вы даймаеце мяне жахлівымі здагадкамі. Чаму вы так настойліва пераконваеце мяне, што я злачынца?

Рамбэр паціснуў плячыма:

— Ты аднекваешся, як дзіця, а мяне могуць пераканаць факты і толькі факты.

Страціўшы надзею пераканаць бацьку, Шарль Рамбэр маўчаў.

— Але калі ты тут,— нечакана зацікавіўся Эцьен Рамбэр,— калі ты прыбег да бацькі шукаць ратунку, то значыць — нешта здарылася?

— Колькі дзён таму ў гатэлі з’явіўся паліцыянт,— пачаў тлумачыць Шарль,— назваўся Анры Верб’е, але я адразу пазнаў яго. Гэта быў камісар Жуў.

— Жуў? — перапытаў Эцьен Рамбэр.

— Так, я пазнаў яго. Ён пад выглядам Анры Верб’е ўчыніў мне нешта накшталт допыту, а ўвечары прыйшоў да мяне ў пакой, узяў за руку і пачаў заляцацца. Я з усяе сілы ўдарыў яго кулаком, ён паваліўся, як нежывы, а я уцёк.

— Ён памёр? — спытаў Эцьен Рамбэр.

— Не ведаю.

Эцьен Рамбэр прынёс пакунак з рэчамі і аддаў Шарлю.

— Бяры, гэта мужчынская вопратка, апранайся і сыходзь.

XV

Змова з вар’яткай

Як пісалася ў рэкламных праспектах, неўралагічная лячэбніца ў Пасі дапамагала людзям у стане ператамлення і пераўзбуджэння, а таксама хворым з больш сур’ёзнымі формамі псіхічнага расстройства. Гэтую клініку наведаў лекар з Англіі Свелдзінг.

— Што ў нас тут цікавага? — перапытаў лекар Перэ лекара Свелдзінга.— У мяне тут ёсць адна хворая, яна падыходзіць пад ваш артыкул пра галюцынацыі. Пані Рамбэр, сорак гадоў, манія праследавання, беспадстаўная боязь.

— Цікавы выпадак. Як яна зараз?

— Ёй лепш, а хворая лічылася безнадзейнай. Я нават даслаў ліст яе мужу, бо мушу атрымаць яго згоду, каб перавесці яе ў санаторый, але ён не адказаў. Баюся, што гэты Рамбэр не захоча забраць яе дамоў.

— Давайце наведаем яе,— сказаў лекар Свелдзінг.

У садзе на лаўцы сядзела немаладая жанчына і вышывала.

— Гэта пані Аліса Рамбэр,— прашаптаў лекар Перэ.— Яна ў мяне ўжо дзесяты год. Ёй паўсюль мроіліся забойцы. Але я здолеў паправіць яе псіхіку, цяпер гэта зусім іншая жанчына.

— Хвароба не вяртаецца да яе? — спытаў Свелдзінг.

— Не,— лекар Перэ падвёў госця да жанчыны.— Пані Рамбэр, гэта прафесар Свелдзінг. Ён прасіў пазнаёміць вас.

— Я рада пазнаёміцца з панам Свелдзінгам,— пані Рамбэр паднялася,— але адкуль ён ведае мяне?

— Пані Рамбэр,— прафесар апярэдзіў мясцовага доктара з адказам,— мы, вядома, нідзе раней не сустракаліся, але пан Перэ расказваў мне пра вас, выбачайце, што патурбаваў.

Аліса Рамбэр села і зноў вярнулася да вышыўкі, але раптам падхапілася.

— Хто мяне клікаў? Хто сказаў «Аліса»? Гэта ягоны голас! Прэч, забойца!

Аліса Рамбэр пусцілася наўцёкі. Лекар Перэ і медыцынская сястра Берта кінуліся яе лавіць, але яна, спрытная, як усе вар’яты, не давалася ў рукі.