— I гэта ўсё? — спытаў Жафруа.
Берта кіўнула і машынальна паглядзела на невысокага маладога чалавека, які сядзеў насупраць яе.
— Добры вечар, Жуло. Што новага чуваць?
Жуло павітаўся. Поруч з маладым чалавекам сеў Бенуа.
— Паглядзі, хто гэта? Гэта ж той самы зеленатвары! — здзівілася медсястра.
— Сапраўды, ён,— пагадзіўся Жуло.
Зеленатвары размаўляў з гітарыстам:
— Валодаць іншымі мовамі нескладана для такога майстра, як наш Гурн,— тут ён раптоўна змоўк. Яму падалося, што шынкарка пачула іх размову.
Тым часам Бенуа напіўся. Сігналам да бойкі стала талерка, якою Жафруа пусціў у свайго саперніка Бенуа. Усе падхапіліся са сваіх месцаў. У шынку ўсчалася бойка. У паветры пачаў лётаць посуд, нечакана выбухнуў рэвальверны стрэл. Нейкі мужчына ў чорным паліто стрэліў па адзінай лямпачцы, залу агарнула цемра. Спалоханая Берта адчула, як нехта нахіліўся да яе і абмацаў каптурык, у шынку яна была адзінаю жанчынай у каптурыку. Нехта, дыхаючы ёй у твар, вымавіў:
— Ты не дасі ўцячы вар’ятцы Рамбэр!
Нягледзячы на страх, Берта прамармытала:
— ... хто?
Голас сцішэў, але Берта здолела разабраць:
— Гэта забараняе табе ФАНТАМАС!!!
Тым часам бойка мацнела. Прызвычаеныя да такога, паліцыянты разматалі пажарны рукаў і пачалі заліваць шынок вадой. Нечаканы душ імгненна астудзіў усіх. Брыгадзір стаў з ліхтаром каля выхада і рашуча загадаў выходзіць па адным. Мокрыя кліенты падпарадкаваліся. Адзін за адным яны пакорліва з’яўляліся ў дзвярах, паліцыянты адразу ж надзявалі на іх кайданкі, злучалі за рукі па дваіх і вялі ў пастарунак.
Калі ўсе выйшлі, брыгадзір спусціўся ў склеп праверыць, ці не застаўся там хто. На падлозе ў крывавай калюжыне ляжаў гітарыст — яго ўдарылі нажом у грудзі.
Чарговай парай, якую прывялі ў пастарунак, былі Жуло і дужы мужчына, які пад час бойкі сціпла сядзеў у куце. Ён адразу запатрабаваў дзяжурнага па пастарунку і паказаў яму сваё пасведчанне. Той адразу выструніўся і аддаў загад:
— Гэтага пана выпусціць неадкладна...
— I гэтага юнака таксама выпусціць,— перапыніў яго дужы мужчына,— пад маю адказнасць.
З іх знялі кайданкі, пасля чаго незнаёмы схапіў юнака за руку і вывеў на вуліцу. Насустрач ім паліцыянты неслі труп гітарыста. Незнаёмы, усё гэтак жа моцна сціскаючы руку Жуло, наблізіўся да брыгадзіра, той выструніўся.
— Пан камісар, больш там сапраўды нікога не было.
Загадкавы незнаёмы ўзлаваўся:
— Халера! Гурн уцёк! — Ён шпарка пацягнуў юнака ў бок Манмартра.
Каля касцёла Сент-Эстаж яны спыніліся пад ліхтаром. Незнаёмы павярнуўся да юнака і абвясціў:
— Я камісар Жуў... а ты, касірка Жанна, ты — Шарль Рамбэр!..
XVIII
Палонны і сведка
У шарым святле світанку мігатлівы ліхтар кідаў на зямлю брудна-жоўтае кола. Юнак зрабіў колькі крокаў... Але камісар Жуў схапіў яго за руку.
— Адказвай! Ты Шарль Рамбэр, і ты ж касірка Жанна?!
— Не разумею, пра што гаворка?
— Усё раскажаш! — усміхнуўся камісар.
Жуў спыніў начны фіякр, пасадзіў у яго юнака. Шэптам растлумачыў фурману, куды ехаць, і сеў сам.
Некаторы час камісар Жуў маўчаў, потым звярнуўся да юнака:
— Я ўпэўнены, ты — Шарль Рамбэр.
— Не, пан памыляецца,— запярэчыў той.— Шарль Рамбэр загінуў.
— Ты і гэта ведаеш? Чуў гэтае імя?
— Ну добра,— скарыўся юнак,— я — Шарль Рамбэр, і я — касірка Жанна! Але як вы пра гэта дазналіся? Пан прыйшоў у «Свінню святога Антона» арыштаваць мяне?
— Можа, і так.
— I куды цяпер, у турму?
— Ты занадта дапытлівы,— камісар паціснуў плячыма.
— Мы выехалі да Сены. Гэта мяне і непакоіць.
— Мы каля прэфектуры. Выбіраць табе не выпадае. Супраціўляцца не варта.
Фіякр спыніўся перад Спічастай Вежай, адзін выгляд якой палохае злодзеяў, бо праз яе браму можна трапіць адразу ў дзве турмы: «Кансьержэры» і «Дэпо»...
На ганак выйшаў паліцыянт.
— Пан камісар! Прывезлі здабычу? Гэты юнак ёсць у нашай картатэцы?
— Не,— перапыніў яго камісар Жуў тонам, які выключаў працяг размовы,— гэты юнак ніколі раней не быў у нас. Таму я і хачу, каб на яго завялі картку.
Покуль паліцыянт вымяраў Шарлеў рост, здымаў адбіткі пальцаў, камісар Жуў пайшоў у свой кабінет. Нарэшце дзяжурны паліцыянт прывёў Шарля Рамбэра.
— Ты ледзь стаіш на нагах,— спачувальна ўсміхнуўся камісар,— табе варта паспаць хаця б гадзіну.
Камісар завёў Шарля Рамбэра ў невялікі суседні пакой, дзе пераканаў яго легчы на канапу.
— Ні пра што не думай! Спі!
На калідоры камісар шэптам загадаў дзяжурнаму паліцыянту: