Выбрать главу

— Глядзіце за гэтым юнаком. Ён мой сябар. Але я не хачу, каб ён сышоў адсюль без майго дазволу. Зараз я мушу сустрэцца з адным чалавекам, а потым вярнуся зноў.

Перад кабінетам камісара ўжо чакаў наведвальнік.

— Я маю гонар бачыць камісара Жува?

— Менавіта так, а я — пана Жэрвэ Авантэна?

Наведвальнік устрывожыўся:

— Адкуль пан мяне ведае? Вы збіралі пра мяне звесткі?

Камісар усміхнуўся:

— Вядома. Мяне зацікавіла, чаму пан не адгукнуўся на абвесткі ў газетах, дзе я прасіў звярнуцца ў паліцыю ўсіх, хто дваццаць трэцяга снежня ўвечары выехаў з Парыжа пасажырскім цягніком на Люшон, першым класам.

— Вы сочыце за мною па даручэнні майго цесця? — збянтэжыўся Жэрвэ.

Камісар зарагатаў:

— Вы ездзілі ў Лімож да каханкі...

— Я не ведаў, што паліцыя цікавіцца прыватным жыццём.

— У мяне няма ніякага інтарэсу да вашага жыцця. Я хацеў бы атрымаць інфармацыю іншага характару.

У Жэрвэ Авантэна выцягнуўся твар.

— Не разумею, — прамармытаў ён.

— Я хачу, каб вы дакладна расказалі, як ехалі ў цягніку, як зайшлі ў вагон? Каго там бачылі? Я мяркую, што ў тую ноч вы ехалі разам з забойцам.

— Я сеў у цягнік у Верзоне, у вагон першага класа.

— Вагон быў з калідорам?

— Так, з калідорам, старой канструкцыі. Калі цягнік спыніўся, я знайшоў свой вагон і хацеў сесці ў купэ для тых, хто не курыць. Але тут была выбіта шыба. Давялося перайсці ў купэ для тых, хто курыць. Там на адной з паліц стаялі чамаданы і пакункі, але гаспадара не было. Я лёг на другую паліцу і неўзабаве заснуў. А свайго суседа я так і не пабачыў — калі выходзіў у Ліможы, яго зноў не было.

— Калі выходзілі, рэчы ляжалі на тым самым месцы? — спытаў камісар.

— Здаецца, так,— задумаўся Жэрвэ.

— Такім чынам,— падсумаваў камісар Жуў,— дваццаць трэцяга снежня вы ехалі ў вагоне першага класа цягніком Парыж — Люшон і бачылі ў вагоне нечы багаж, але самога пасажыра не бачылі. Магчыма, яго там і не было.

— Так, але як вы даведаліся, што я ехаў гэтым цягніком?

— Вы аддалі свой квіток кантралёру...

XIX

Жэром Фандор

Камісар Жуў ішоў па калідоры і высвістваў марш — прыкмета добрага настрою. Адчыніўшы дзверы ў маленькую пачакальню, дзе спаў Шарль Рамбэр, ён нейкі час глядзеў на яго.

— Юнаку пагражае катарга, а ён спіць, як міністр юстыцыі Французскай рэспублікі.— Жуў патрос юнака. — Уставай, гультай!

— Куды?

— Паедзеш да мяне!

Жуў запаліў дарагую цыгару, адкінуўся на спінку крэсла і заклаў рукі за галаву. Насупраць сядзеў Шарль Рамбэр.

— Хачу цябе павіншаваць,— нарэшце сказаў камісар,— ты не забіваў маркізу дэ Лангрун, не рабаваў княгіню Данідаву!

— Нашто мне пан гэта кажа? — насцярожана спытаў Шарль.— Я сам ведаю, што не рабаваў і не забіваў! Але як вы пазналі мяне ўчора ўвечары, калі я быў Жаннай?

Жуў усміхнуўся і адкінуў з ілба пасму валасоў.

— Слухай, хлопец, у «Раяль-Палацы» касірка Жанна дала мне так поўху, што на маім месцы кожны б задумаўся, што гэта за паненачка такая!

— Але як вы пазналі мяне сёння?

Жуў паківаў галавою.

— Запомні раз і назаўсёды: калі камісар Жуў хоць раз бачыў чалавека, то таму не дапаможа аніякі маскарад.

— Але ж факты супраць мяне?

— Ты памыляешся,— запярэчыў камісар,— княгіню Данідаву і пані Ван дэн Розэн абрабаваў адзін і той жа чалавек, а для такой справы ты надта нягеглы.

— Нягеглы? — абурыўся Шарль Рамбэр.— Але як быць з забойствам маркізы дэ Лангрун? Магчыма, я дзейнічаў як вар’ят.

Але Жуў зноў не пагадзіўся:

— Ты думаеш пра сваю маці? Мяркуеш, у цябе кепская спадчына, але пі спакойна сваю каву з малаком! Ніякі ты не вар’ят.

— У такім разе вы скажыце гэта майму бацьку!

— Які ты спрытны. Я адзіны чалавек, які перакананы, што ты не вар’ят і не забойца.

— Што ж цяпер са мною будзе? — сумна спытаў юнак.

Жуў адказаў пытаннем на пытанне:

— А што ты сам збіраешся рабіць?

— Пайду да бацькі.

— Не раю гэтага рабіць. Табе лепей зараз знікнуць. Вось калі я арыштую Фантамаса, то сам пагавару з Эцьенам Рамбэрам.

— А нашто чакаць арышту гэтага Фантамаса?

— Таму што ты не вінаваты ў злачынствах,— адказаў камісар Жуў.— Хутчэй за ўсё, гэта Фантамас.

— Што ж пан камісар мне параіць?

Жуў падняўся і прайшоўся па кабінеце.

— Скажу шчыра: ты мне спадабаўся, і я табе дапамагу, а ты дапаможаш мне знайсці Фантамаса. Вось што я прапаную: змяні імя, здымі дзе-небудзь пакой. Прыстойна апраніся і прыходзь да мяне, і я пазнаёмлю цябе з адным сваім сябрам — рэдактарам вячэрняй газеты. Ты адукаваны і энергічны, я ўпэўнены, у якасці рэпарцёра-журналіста ты неўзабаве зробіш кар’еру. Станеш вядомым чалавекам. Ну як, табе падабаецца?