— Я так кахаю цябе, ты смелы, я ўся твая! Але ж гэта вар’яцтва! Ты б мог апынуцца ў паліцыі.
— Я марыў убачыць цябе,— шэптам сказаў Гурн.— Я кахаю цябе.
Закаханыя глядзелі адно аднаму ў вочы.
— Як добра было нам разам! — уздыхнула лэдзі Белсом.
Яна ўспомніла вайну ў Трансваалі, дзе ўпершыню ўбачыла Гурна,— закуранага парахавым дымам сяржанта. А потым быў вялізны параход, на якім яны плылі па сінім моры да туманных берагоў Брытаніі.
— Там, на поўдні Афрыкі,— азваўся Гурн,— па дарозе на Радзіму...
— Пасля пекла вайны настаў спакой, мы пазнаёміліся бліжэй. I пакахалі адно аднаго,— лэдзі Белсом змоўкла, не маючы сілы казаць далей.
— Я ўкленчыў перад табой у нашым пакоі на вуліцы Левэра, і раптам... дзверы расчыніліся! Зайшоў твой муж! Злосны, раз’юшаны лорд Белсом!
— Я не памятаю,— перапыніла яго лэдзі Белсом,— не памятаю, як усё адбылося.
— Затое я памятаю! — крыкнуў Гурн і выпрастаўся.— Ён прыставіў рэвальвер да тваіх грудзей. Варта было бачыць ягоныя вочы. Я кінуўся да яго, стукнуў малатком, а потым сціснуў яму горла...
— Так, я ўспомніла...— бясколерным голасам вымавіла лэдзі Белсом, погляд яе знерухомеў.— Я бачыла твае напятыя пальцы на ягонай шыі.
— I я забіў яго,— пагадзіўся Гурн.
Лэдзі Белсом спужана паглядзела на Гурна.
— Здаецца, паліцыя высачыла мяне,— казаў ён далей.— Вядома, я змяніў сваю знешнасць да непазнавальнасці, але мяне ледзь не арыштавалі.
— Мяркуеш, паліцыі вядома, як усё адбылося?
— Не,— сказаў Гурн,— яны толькі ведаюць, што я забіў яго малатком.
— Жах! — прастагнала лэдзі Белсом.
— За мною палююць, як за забойцам.
— Так, мы паводзілі сябе неабачліва. А можа, зрабіць усё так, каб падазраваць пачалі іншага? Ну, якога-небудзь вядомага злодзея? Фанта...
— Не згадвай Фантамаса,— перапыніў яе Гурн.— Магчыма, мне давядзецца ўцякаць — і, магчыма, у Англію.
— Гэта будуць нашыя з табою ўцёкі!
Гурн усміхнуўся, ён чакаў такога адказу.
— Да заўтра.
Лэдзі Белсом бязгучна адсунула засаўку, вярнулася да каміна і націснула гузік званка — з’явіўся Уолтэр.
— Правядзіце гэтага пана да брамы, я адпускаю яго!
Гурн моўчкі выйшаў. Уолтэр — за ім.
Раптам цішу ўскаланулі крыкі і тупат.
— Гэта ён! — крычалі знадворку.— Лавіце яго! Трымайце яго! Вось ён!
— Пан камісар, сюды! Забойца! Гурн!
Збялелая, як палатно, лэдзі Белсом прашаптала:
— Божа літасцівы, што з ім зробяць?
У калідоры Сілвертаўн крычаў:
— Арыштавалі Гурна! Забойца лорда Белсома быў тут!
А потым усхваляваны голас Лізбэт:
— Лэдзі Белсом... Раптам ён забіў і яе?!
Здалёк, з парку, прагучаў голас Гурна:
— Прэч ад мяне, быдла!
Лэдзі Белсом сцялася ад гэтых слоў. У гасцёўню зайшоў задаволены аканом Сілвертаўн:
— Я адразу здагадаўся, што гэта той самы нягоднік. Я пазнаў яго, не дапамагла барада. Я адразу патэлефанаваў у паліцыю. Яны і перахапілі яго.
— I што? — ледзь чутна спытала лэдзі Белсом.
— Дзякуючы мне арыштавалі забойцу.
Лэдзі Белсом самлела. У парозе з’явіўся камісар Жуў.
— Дазвольце зайсці? — спытаў ён.
XXII
Знаходка
Калі камісар Жуў прыехаў на вуліцу Левэра, гадзіннік прабіў тры разы.
Кансьержка дома нумар 147, таго самага, дзе ў кватэры Гурна знайшлі запакаваны ў чамадане труп лорда Белсома, сядзела за філіжанкай кавы. Узнімаючыся па сходах, камісар Жуў разважаў:
«Дагэтуль невядома, нашто Гурн забіваў лорда Белсома? Ды і наогул, хто ён такі, гэты Гурн? Дзёрзкае, да драбніц прадуманае, бліскуча здзейсненае забойства — аніхто не бачыў, аніхто не чуў».
Камісар адамкнуў дзверы сваім ключом і прайшоў у гасцёўню.
«Я агледзеў усе шафы. Нічога. Перабраў усе рэчы, што запакаваў Гурн, але нічога вартага ўвагі не знайшоў...»
Камісар перайшоў у спачывальню. Каля каміна, пад сцяною, стаяў невысокі сакрэтнік, над ім віселі паліцы з кнігамі.
«Можа, паглядзець сярод кніг? Мае хлопцы ўжо займаліся гэтым, наўрад ці якая дробязь абмінула іх».
Камісар Жуў пачаў метадычна перакладаць паперы. Нарэшце знайшоў патрэбную. Ён разгарнуў вялікі аркуш шчыльнай гербавай паперы і ўважліва прачытаў пасведчанне на прысваенне сяржанцкага звання Гурну.
— Неверагодна! — ускрыкнуў ён.— Дакумент сапраўдны, і ён сведчыць пра тое, што некалі гэты нягоднік быў сумленным чалавекам.— Камісар Жуў пляснуў па стале.— Дык няўжо Гурн — гэта толькі Гурн? Няўжо я памыліўся?
Камісар пачаў праглядаць лісты, потым падняўся з-за стала і падышоў да паліц з кнігамі. Пагартаў асобныя томікі, яшчэ раз праглядзеў чыгуначны даведнік, потым марскі расклад.