Гурн падпарадкаваўся. Ахоўнік Сьежанталь замкнуў за ім дзверы. Гурн застаўся адзін. На калідоры пачуўся голас:
— Камера сто дваццаць сёмая, зняволены Гурн, падрыхтавацца, вас выклікаюць да адваката!
Гурн моўчкі ішоў па калідоры паперадзе ахоўніка. Дарогу да адвакацкага пакоя ён ведаў добра. У ім Гурн убачыў не свайго знакамітага адваката Барберу, а яго сакратара, маладога Ражэ дэ Серá — элегантнага адваката-стажора.
Як высветлілася, спатканне мусіла быць нядоўгім. Ражэ дэ Сера папрасіў за гэта прабачэння, бо быў чалавекам далікатным, але Гурн абыякава паціснуў плячыма.
— Ну, у маёй справе што новага?
— Нічога, наколькі мне вядома,— адказаў дэ Сера. Але адразу ж спахапіўся: — Дарэчы, лэдзі Белсом...
— Што лэдзі Белсом? — перапытаў насцярожаны Гурн.
— Ды так... Проста я з ёю знаёмы. Я нярэдка бываю на афіцыйных прыёмах. Мне даводзілася бачыць яе ў салонах. Прывабная жанчына!
Гурн разгубіўся, не ведаў, як паводзіць сябе з адвакатам, які стаў ці не залішне нахабным. Стажор ужо збіраўся адыходзіць, але раптам спахапіўся і сказаў, смеючыся:
— Так, на галоўнае я забыўся! Уяўляеце, камісар Жуў, гэты хітрун, які марыць стаць нацыянальным героем, учора правёў яшчэ адзін, не ведаю ўжо які па ліку, вобыск у вашай кватэры!
— Сам, асабіста? — зацікавіўся Гурн.
— Нават уласнаручна. I ён сцвярджае, што зрабіў сенсацыйнае адкрыццё. Іду ў заклад, вы ніколі не здагадаецеся, што ён знайшоў.
— Я ніколі не іду ў заклад! — перапыніў яго незадаволены Гурн.
Адвакат-стажор узрадаваўся, што здолеў зацікавіць такога вядомага кліента, вытрымаў паўзу, паківаў галавою і вымавіў:
— На вашых кніжных паліцах ён знайшоў падраную карту Тарыда...
— Што з гэтага вынікае? — Гурн змяніўся з твару.
— А тое, што для камісара Жува,— адказаў адвакат-стажор,— гэта, відаць, мае вялікую вагу!
Паміж намі кажучы, камісар апошнім часам зашмат бярэ на сябе, а таму нярэдка памыляецца. I якім чынам, цікава, гэтая карта зможа паўплываць на следства? Вам не варта хвалявацца, мне даводзілася прысутнічаць не на адным судовым працэсе, я кажу як прафесіянал: у вашым выпадку шмат абставін, якія зменшаць вашу віну, гэта напэўна. Хаця... — раптам ён перамяніў тэму.— Яшчэ адна навіна! Следства запатрабавала новага сведку.
— Новага сведку? — здзівіўся Гурн.
— Так, яго завуць, здаецца, Далон, мажардом Далон.
— Не разумею,— ціха сказаў Гурн і адвёў позірк убок.
— Не, сувязь тут ёсць! Мажардом Далон служыць у баранесы дэ Вібрэ.
— То што?
— А гэтая баранеса дэ Вібрэ апякунка той самай дзяўчыны, якая была ў лэдзі Белсом у той самы дзень, у той самы вечар... Калі вы... Ну, карацей, яе завуць Тэрэза Авернуа.
— I што далей? — спытаў Гурн.
— А далей я не ведаю,— сказаў стажор.— Тэрэзу Авернуа лэдзі Белсом наблізіла да сябе па рэкамендацыі нейкага Эцьена Рамбэра. А Эцьен Рамбэр — бацька маладога Шарля Рамбэра, ён летась забіў маркізу дэ Лангрун... Асабіста я не разумею, нашто следства запатрабавала ў якасці сведкі мажардома Далона?
— Я таксама,— уздыхнуў Гурн.— А калі прыязджае гэты Далон?
— Вось копія тэлеграмы: «Выязджаю заўтра, дванаццатага, цягнік на сем дванаццаць увечары. У Парыжы буду а пятай раніцы».
XXV
Нечаканы саўдзельнік
Пасля размовы з маладым адвакатам Гурн усхвалявана крочыў па камеры. Грукнулі дзверы. За імі ўзнік ахоўнік Нібэ.
— Добры вечар,— павітаўся ён.— Ужо шэсць гадзін, у рэстарацыі пытаюцца, ці несці вам вячэру?
— Не, абыдуся казённай.
— Вам, відаць, цяжка з фінансамі?
Раззлаваны Гурн хацеў паказаць ахоўніку, што не хоча з ім гаварыць, але той зайшоў у камеру, наблізіўся да Гурна і паклаў яму ў далонь нейкую паперку.
— Трымайце вось гэта.
Гурн здзіўлена зірнуў на банкноту, якую атрымаў ад ахоўніка.
— Калі яшчэ спатрэбяцца грошы,— шаптаў Нібэ,— не саромейцеся, я ўсё зраблю.
Гурн хацеў спытаць, ад каго гэты падарунак, але ахоўнік перапыніў яго:
— Я зараз вярнуся, толькі закажу для вас добрую вячэру!
Калі Гурн застаўся адзін, ён з палёгкаю ўздыхнуў. Каханка не кінула яго ў няшчасці. Але і ён маўчаў пра сваю сувязь з ёю, ахоўваючы яе ад падазрэння ў саўдзеле.
Дзверы ў камеру зноў адчыніліся.
— Ну, што? — сказаў ахоўнік. Ён трымаў у руцэ плецены кошык, напоўнены рознымі ласункамі, з-пад якіх тырчала бутэлька віна.— Тут шмат смачнага.
— Я вельмі ўдзячны вам! — узрадаваўся Гурн.
Нібэ шматзначна падміргнуў, задаволены сваёй дапамогай.
За вячэрай Гурн казаў Нібэ:
— То гэта вы цяпер замест Сьежанталя?