Жуў і Фандор цяпер стаялі пасярод пляца, перад гільяцінай. Па эшафоце праходжваліся мужчыны ў чорных рэдынготах і цыліндрах.
— Гэта мае калегі,— сказаў Жуў Фандору.— А вось і твае калегі — кіраўнікі аддзелаў хронікі галоўных сталічных газет. Табе пашанцавала, што менавіта ты будзеш прадстаўляць такую газету, як «Капіталь».
— Прызнаюся вам, пан камісар,— адказаў Жэром Фандор,— што я сюды прыйшоў таму, што хацеў убачыць, як адсякуць галаву Гурну, які, як вы давялі, і ёсць Фантамас. Я хачу на свае вочы пераканацца ў ягонай смерці. На іншае катаванне я б не прыйшоў.
— Я гляджу, ты перажываеш.
— Так.
— Я таксама,— прызнаўся паліцыянт.— Вось ужо пяць гадоў я змагаюся з Фантамасам. Пяць гадоў пераконваў усіх у ягоным існаванні. Пяць гадоў жадаў смерці гэтага мярзотніка, і смерць пакладзе канец усім яго злачынствам.— Жуў зрабіў паўзу, Фандор маўчаў, і камісар загаварыў зноў: — Няхай я сам тройчы перакананы, што Гурн — гэта Фантамас. Няхай мне ўдалося пераканаць у гэтым усіх, хто ўважліва вывучаў матэрыялы расследавання. Але з юрыдычнага боку я так і не змог нічога давесці. Для ката Дэйблера (дынастыя французскіх катаў), для пракурора і для грамадскасці галаву страціць Гурн, а не Фантамас.
Паліцыянт змоўк. З боку публікі пачалі даносіцца воплескі і заклікі «брава!».
— Што гэта? — спытаў Фандор.
— Гэта натоўп сустракае гільяціну.
З’явілася чорная фура, якую суправаджалі на конях чацвёра жандараў з аголенымі шаблямі. У фуру быў запрэжаны белы конь. За колькі метраў ад Жува і Фандора фура спынілася, жандары паскакалі далей, следам пад’ехала аблупленая карэта, адтуль выйшлі трое ў чорным адзенні.
— Дэйблер і ягоныя памагатыя!.. — сказаў камісар.— Міне не больш за гадзіну, і Фантамас спыніць шлях на зямлі.
Памагатыя ката выцягнулі з фуры доўгія цяжкія брусы ў чахлах з шэрага палатна і асцярожна расклалі іх на зямлі.
— Глядзі,— сказаў камісар,— вось брусы гільяціны, як яны далікатна з імі абыходзяцца!
Мужчыны ў чорным падмялі пляц, каб ніводны каменьчык не парушыў раўнавагі канструкцыі, паставілі чырвоныя слупы памоста. Дошкі падганялі ўсутыч, а каб было надзейней, мацавалі іх тоўстым медным дротам. У загадзя прарэзаныя пазы эшафота вертыкальна ўставілі брусы, па якіх павінен быў слізгануць нож гільяціны.
Кат Дэйблер узроўнем праверыў гарызантальнасць сабранай канструкцыі і замацаваў унізе брусоў дзве дошкі, выразаныя паўколам,— люнет, якім заціскаюць шыю асуджанага. Прысунуў скрыню, упэўніўся, што яна лёгка адкідваецца, і загадаў:
— Нож!
Ён прыняў галоўную дэталь. Уставіў нож у пазы вертыкальных брусоў і падняў бліскучую прыладу ўгару, пад самую папярэчыну, прыдзірліва агледзеў гільяціну і загадаў:
— Салому!
У люнет усунулі тоўсты пук. Дэйблер выслабаніў стопар. Нож бліскавіцай слізгануў па пазах і рассек салому. Рэпетыцыя прайшла паспяхова, можна было заняцца сапраўднаю справай.
— Цяпер кат можа спакойна ўскласці рэдынгот,— камісар Жуў нервова смактаў цыгарэту,— і чакаць, покуль да яго прывядуць Фантамаса.
Каля падножжа гільяціны паставілі два кашы з вотруб’ем. У адзін з іх павінна зваліцца галава пакаранага, у другі — безгаловае тулава.
Кат здзьмухнуў пылінкі з рукавоў і звярнуўся да членаў магістрата, якія стаялі каля турэмнай брамы:
— Панове, праз чвэрць гадзіны світанак. Можна пабудзіць асуджанага.
Ахоўнік Нібэ бязгучна адамкнуў дзверы камеры. Пракурор увайшоў першы. Ён спадзяваўся, што асуджаны будзе спаць, але вязень, апрануты, сядзеў на ложку і глядзеў шклянымі вачыма на сцяну перад сабою.
— Гурн,— сказаў пракурор,— мацуйцеся! У памілаванні вам адмоўлена!
Твар вязня сказіўся. Вусны зрушыліся, ён здолеў толькі вымавіць:
— Я... Не...
Да яго наблізіўся турэмны святар:
— Вы жадаеце памаліцца?
Вязень прыўзняўся і паўтарыў:
— Я... Не...
Адвакат Барберу, збялелы, наблізіўся да яго:
— Гурн, ці магу я што-небудзь для вас зрабіць?
Асуджаны паспрабаваў устаць, але, зняможаны, зноў прываліўся да сцяны і ледзь гучна вымавіў:
— Я... Я...
Дэйблер рашуча падышоў да начальніка крымінальнай паліцыі.
— Пан Авар, падпішыце, што асуджаны вызвалены з-пад варты!
Покуль той няцвёрдаю рукою ставіў подпіс пад актам перадачы Гурна, Дэйблер адрэзаў нажніцамі каўнер кашулі вязня і валасы на патыліцы... Тым часам адзін з ягоных памагатых зацягваў вяроўку на руках асуджанага да смерці.