Выбрать главу

Лінь-Лікёр далікатна падымае мядовую прынаду, аглядае яе пад святло. Няма куды спяшацца, няхай Пеця памаўчыць, абдумаецца ды сам скажа, чаму на ягонай біржы жыцця наступіў такі гвалтоўны крах.

Пеця, быццам здагадваючыся чаго ад яго чакаюць, пачынае расказваць.

— Няма Казіка. Не далей як учора ў “Жамчужыне” сядзелі ўтраіх... значыць я, Казік і Казікаў цесць, а сёння Казіка няма. І цешча ягоная — удава таксама... Піва заказалі... а там прыпынак аўтобусны недалёка. І раптам — страляе нехта, не страляе. Грук пранізлівы. І пабег Казік з цесцем глянуць, што такое робіцца. Потым высветлілася, што гэта паліцэйскі выйшаў пастраляць сабе крыху на аўтобусным прыпынку. І няма ўжо ні Казіка, ні ягонага цесця. Нат піва дапіць не паспелі. Жыццё — гаўно!

У бары робіцца маркотна.

Куфлі апаражняюцца яшчэ, але піва, запраўленае нейкім дзіўным сумам, не смакуе ўжо як раней. Той-сёй адстаўляе пасудзіну, падцягвае нагавіцы і, пастаяўшы хвіліну, кіруецца ў дзверы. Яшчэ некалькі хвілін і бар выплюне апошняга госця, а вуліца захопіць усіх і панясе каго куды. Адных завядзе ў хатні ачаг, іншых у нейкі падазроны прытон. А яшчэ іншыя будуць да белай раніцы вандраваць доўгімі вуліцамі і зоры лічыць дарма, бо гаснуць яны і распальваюцца без канца і пачатку.

(Лета, 1997)

Краявід без клямкі

1

Вось табе і дзіва — адною клямкаю адчыняеш усе дзверы. Ніякіх шыфраў, ніякіх ключоў, ні тайных замоў, от, звычайная, паспалітая клямка, мізэрны вынік серыйнай вытворчасці. Сотні такіх клямак у блёках, у крамах, у школах. Пабліскваюць у промнях сонца, заахвочваюць холадам срэбнай гладкасці і дастаткова працягнуць руку, каб праверыць, што хаваецца з другога боку. А за дзвярыма ўсё можа быць. Чакае там твая дзяўчына, прыгожая ад свежай, толькі што развітай маладосці, або паліцы, выгнутыя ад таннага віна, як пропуск у свет дарослай самастойнасці, а, можа быць, і настаўнік нямецкай мовы — дужа пажылы дзядзька, зіма-лета апранашаны ў тры кашулі, пяць пінжакоў і сам чорт ведае ў што яшчэ.

Круціш, блытаешся, шпрэхаеш няўмела, а дзядзька глядзіць на цябе з за масіўных акуляраў і яго вочы, павялічаныя крывізной лінзаў, яшчэ больш пашыраюцца ад шчырага здзіўлення.

— Зэц дыш, цвай, — кажуць агромністыя вочы. — Лернэн, ву-чыц-ца! Іначай — з чым у Еўропу?

Робіш загаданае “зэц дыш” — абавязкова побач хлопца — бо зрабіць “зэц дыш” ля дзяўчыны — самы вялікі, самы смяротны, самы незмывальны грэх. За адну парту — адзін пол.

Дзіўная, як на сямідзесятыя гады дваццатага стагоддзя, педагагічная логіка, але пан дырэктар кажа, што дзядзька зусім нармальны, прынамсі, на свой узрост. Семдзесят заўжды разумнейшае за семнаццаць. А вам якраз семнаццаць і, зарыентаваўшыся ў чым справа, нават апошні разява ўсаджваецца пад бокам класнай прыгажуні, а працэс вяртання да прадбачанага парадку паглынае тры чвэрці ўрока нямецкай мовы. Так і быць. На халеру табе гэтая мова! Ты — славянін і Еўропа пабразгвае табе бруднымі міскамі ў кухнях элегантных рэстаранаў. Хіба што — як дзед — застукаеш у дзверы калашом або дулам танка Т-34, але навошта тады ўсякія “эншульдыге бытэ” і другія цацы-цацы. Немцу скажаш: Давай пад стенку! — А ягонай фраў кароткае: Лажысь! А калі б яна не зразумела, пакажаш вядомы міжнародны жэст: сагнутая ў локці рука, далонь у кулак, а ўсё разам працуе, бы поршань рухавіка ўнутранага згарання. І яна зразумее. Усе жанчыны свету дасканала разумеюць гэты жэст, асабліва — калі ты смярдзіш спіртам і накіроўваеш у іх грудзі ствол аўтамата. Кладуцца, каб з высока задзёртымі спадніцамі пакутаваць за радзіму, міністраў і свой жаночы род.

А тут адна клямка, кавалак металу, выгнуты ў прамы вугал, адчыняе ўсе дзверы. І трэба толькі, каб гэты звычайны кус металу быў якраз у тваёй кішэні. Бо ўсякія прадметы валяюцца ў людскіх кішэнях. Ключы і насавыя хустачкі, банкноты і блакноты, нават цвікі і шмат якога калібру гайкі. Хто, аднак, без канкрэтнай прычыны носіць клямку?

А вось пан Франак вядзе цябе доўгім калідорам, а ў кішэні свайго белага фартуха мае звычайную, універсальную клямку. Калідор цёмны і смярдзючы, ні малюнкаў, ні цокаляў, ні іншых непрактычных аздоб. Час ад часу ў фіялеце сцяны белай плямай выскокваюць дзверы. Прачытваеш зграбныя таблічкі: доктар-псіхіятр Жабоўскі, доктар-псіхіятр Ліповіч, Антонаў — таксама доктар і абавязкова псіхіятр. Іншых тут і няма.

— Хворае сэрца? Балючая нага? Прабачце, гэта не ў нас. Мы рамантуем адно мазгавыя апараты, скрыўленыя характары, пакамечаныя душы. Задавальняе? Значыць — вы добра трапілі. Калі ласка, заходзьце.

Пан Франак пакажа дарогу, пан Франак правядзе, пан Франак ведае. Першы аддзел вітае вас апошнімі камплектнымі дзвярыма. Направа ложак, налева ложак, а ты, як Вісла, плывеш пасярэдзіне і пан Франак дзьме ў ветразі. З-пад пакамечанай пасцелі сочаць за вамі вочы: адна пара, другая, пятая, дзесятая. Перастаеш лічыць. Малаважнае. Дробязь. Лішняя матэматыка. Дарэчы — якая матэматыка падсумуе і страх, і цікавасць, і абыякавасць у гэтых вачах? А падсумаваўшы — што атрымаецца? Лічба? Сума? Сум? Стоп. Дзверы. Рука пана Франка вандруе ў кішэню, вяртаецца з клямкай, адзін спрытны рух і другі. Смела ступай, не разглядайся, гэта толькі дзяжурка медсясцёр. А паглядзець ёсць на што. Шкляныя шкафчыкі. Паліцы, перапоўненыя пілюлькамі, крычаць, бы гандляры на базарах. Адна паліца для спакойных, другая для самадураў! Для смутных і вясёлых! Балбатунам і буркунам! Komu, komu, bo jadę do domu!?