... вочы чорныя, вочы хмурныя, вочы-ездакі,
вочы коннікі,
хто стрывае вас, хто стрымае вас,
вочы-ездакі, вочы-коннікі...
А цябе ўжо не кормяць. Праўда, яшчэ раніцой пані Крыся, абыякава неяк, без лішняй ангажыроўкі ўліла ў цябе малочную порцыю, вось і ўсё. Працуй, страўнік, адпачывай, галава. А недзе пад абед прыйшоў пан Франак і адным спраўным рухам вызваліў цябе з няволі.
— Ідзі, — кажа — душа грэшная, выпрастуй косці. І паслухмяная будзь. Паслухмяных не вяжуць.
Няпраўда, пан Франак. Вяжуць і пакорлівых. Бляху бліскучую на грудзі, гадзіннік на руку, дыплом на сцяну. Наймацнейшыя вузлы з малых прывілеяў. І не парваць іх голымі рукамі. А тут сказана “ідзі”, значыць — трэба выканаць. Вось і ідзе душа, туды, адкуль чуецца пах нікаціну. Пабачыць Венецыю і памерці. А перш за ўсё — закурыць.
— Пан, пачастуй папяросаю, — азываешся. Пан у зялёнай уніформе каўтае якраз салідную порцыю дыму, ігнаруе цябе, а добра вядомы арамат навылёт пранізвае мазгі. Яшчэ, здаецца, хвіліна і выскачыш са скуры!
— Пан, закурыць...
— Кастра ён. І не ляпай “панам”, бо ў зяпу заробіш, — падказвае чыйсьці ласкавы голас. — Калі сапраўды хочаш закурыць, скажы: камэрадэ. Або таварыш.
А закурыць хочацца сапраўды, дык кажаш “таварыш” і курыш ужо, прагна, абы хутчэй. І сам сабе даеш адпушчэнне: бывае, для меншай карысці ідуць у таварышы, у тыя камэрады.
А памятаеш? Ёсць у школе такі прадмет — прапедэўтыка. І сам дырэктар пытае цябе: хто першы сакратар ПАРП? Пытаць пра такія рэчы ў суботу, пасля абеду, звычайны садызм. Чалавек задумоўваецца, з кім будзе танцаваць “Пад дубамі”, плануе, як выкарыстаць час пасля танцаў, а тут вось хочуць ведаць, хто першы ў ПАРП. Асобу ведаеш, але ж не скажаш так звычайна: Герэк. Значэнне чалавека не ў прозвішчы, выпадковым наогул. Прозвішча трэба чалавеку, каб было да чаго прышпіліць дадатковыя вартасці нашага існавання. Прафесар, доктар, ваша вялічаства, ваша высокасць. Стаіш і думаеш. А думаць трэба хутка, дырэктар глядзіць на цябе, бы на нейкі палітычна запознены элемент і яго цярплівасць мае таксама сваю непарушную мяжу. Пан Герэк? Абывацель Герэк? Усё звычайна, усё не так, гучыць фальшыва, бы расстроены раяль. Кажаш тады, як і чуеш штодзённа з тэлевізара: першы сакратар ПАРП — таварыш Герэк. Значыць — выратаваўся. А дырэктар, дзеля дакладнасці, паясняе, што Эдуард Герэк яшчэ табе не таварыш. Дырэктару ён таварыш, і сакратару раённага камітэта партыі, і Толіку Дубоўскаму, як старшыні гуртка сацыялістычнай моладзі, таксама Эдуард Герэк таварыш. А табе, пакуль яшчэ, не. Але можаш запісацца, уступіць, прыступіць. Закончыш васемнаццаць і да-вай будаваць будучыню! Лепшую за добрае сёння. А тэлевізар, ідучы з дапамогай дырэктару, каторы ўжо раз пытае: Таварышы, паможаце? І рабочыя — хто таварыш, а хто і не — згодна адказваюць: Паможам!
А памятаеш Пецю? За акном восень імглістая і залатая, час інфантыльнай настальгіі, пара, калі сеюць благія паэты, а плён збіраюць добрыя земляробы.
— Залатая польская восень на беларускай Гайнаўшчыне, — кажа Пеця. Упіхвае за нагавіцы спелае восеньскае яблыка, узлазіць на парту і таксама хоча ведаць: — Дзяўчаты, паможаце?
Дзяўчаты хіхікаюць і войкаюць, збіваюцца ў чародку, як спалоханыя ястрабавай атакай кураняты. Не з за страху горнуцца дзяўчаты да сябе. Напятыя нагавіцы — не такі ўжо і вялікі страх васемнаццатцы. Для прыстойнасці ўсё. Рабочыя дэманструюць сваю гатоўнасць на вуліцах, на мітынгах, заўжды натоўпам, пад пошум штандараў і транспарантаў. Дзяўчатам трэба больш камерныя, так сказаць, інтымныя ўмовы. Вечар, парк, музыка. А калі ўжо нешта чырвонае — то выключна віно.
Заўтра будзе “выпіска”. Дасланыя бацькамі грошы ляжаць у шпітальнай канцылярыі і можаш заказваць гарбату, папяроскі, парфуму. Санітарка ўсё прынясе. Заўтра куры-закурыся, а сёння ты асуджаны на кубінскую дапамогу. Тупаеш наўкол Кастра, у вочы зазіраеш, хвалішся, што ты — равеснік ягонай дэмакратыі. Танна прадаеш сябе і ведаеш аб гэтым. Праўда, можаш іначай, можаш крыкнуць: Я — беларус! Паглядзіце, там, за лесам — мая імперыя! Я не прашу, я патрабую! Маўчыш аднак. Не зразумеюць. — А, беларус, — скажуць. — Значыць, рускі. — Бо ўсё тут, калі не польскае, то напэўна рускае. Просты падзел. Хай тады будзе рускі. Pies czyli kot, як у кабарэ. Сабака, пёс, кот — Масква разберёт, — рыфмуецца міжвольна. А калі ўжо пачынае нешта табе рыфмавацца, заўжды прыходзіць на памяць Віця Валасюк. — Хто ён, — спытаеце, — гэты Віця? А вось, Віця не абы-хто. Папярэднік, так сказаць — і бацька ён усім скандалістам беларускай літаратуры. Каторы год змагаўся з шостым класам, Гуменюкі і Адамовічы кашулі ў зубах яшчэ насілі, калі Віця склаў свой першы верш: