x + 2x + 25x + бясконцасць... Ад гэтых іксаў і бясконцасцяў табе хочацца шуснуць між Райчыны калені. Гвалтоўна і нецярпліва, як гэта ў васемнаццаць. А яна — не! Усміхаецца і ў яе ўсмешцы ёсць абяцанне: мо заўтра? мо паслязаўтра? А табе васемнаццаць і не разумееш, чаму лепшаму заўтра не быць сёння, ужо, зараз жа! Не памагае ні паўсвятло фатаграфічнага атэлье, ні заўчасна прыдбанае віно, нат Ленан дарма падспеўвае з грамафона маркі “Бамбіна”. Не, дык не! Калі няма таго, што хочаш, хочаш тое, што ёсць і накіроўваешся ў другі бок, туды, дзе кажуць “так”.
А “так” кажа чорная Гэлька. Ленка? Зрэшты, якая розніца? Галоўнае, што Гэлька не адмаўляецца і хто гэта ведаць хоча, той ведае. І ўсе кахаюць Гэльку, як кахаюць першую настаўніцу, і помняць, як помніцца першы крок у даросласць, і шануюць, як шануецца зброя помсты.
На паддашку, між фатаграфічным атэлье і школьнай канцылярый, невядомыя архітэктары — свядома, альбо і не — упхнулі маленькае, лішняе афіцыйнай навуцы памяшканне. Старая чарапіца сям-там прапускае вузкія стужкі святла, дастаткова якраз, каб вылавіць з мораку бель Гэльчыных сцёгнаў. За сцяною школьная сакратарка нешта друкуе на машынцы. — Стук-стук-стук, — паддае рытм машынка. Уключаешся ў гэты рытм, а потым, мімавольна зусім, апярэджваеш яго, спяшаеш, паглыбляешся ў тайныя раёны часу і прасторы, дзе бель і чарната кандэнсаваныя да непрытомнасці, раптоўна расшыраюцца, распырскваюцца на ўсе магчымыя колеры.
— Стук-стук-стук, — наскі Гэльчыных туфляў высока, над галавою недзе ўзлазяць на счарнелыя кроквы, на абымшэлую чарапіцу, ператвараюцца ў птушку, у воблака, у абсалютную пространь, без дна і без мяжы. А на цябе сплывае спакой пераможца, і сытасць мсціўца, і самазадаволенасць разбуральніка. У першую хвіліну не думаеш нават, што адпомсціў і каму, як і не здагадваешся, што і дзеля чаго разбурыў? Каханне? У васемнаццаць усюды яно ёсць і нідзе яго няма .
Зімовы вечар пачынаецца зараз пасля поўдня. Халоднае сіняватае сонца апускаецца на ліпавыя кроны і ліпы ценем кладуцца ў дыяментавы снег. Паўзуць далей і далей ад родных пнёў, ад жыватворных каранёў, і халадзеюць, і чарнеюць, аж, пераступіўшы нябачную мяжу, знікаюць, расплываюцца ў мёртвай, бясформеннай плоскасці. Уяўнае нашэсце вядзе ў тупік, — думаеш, паглядаючы за акно. А акно і не акно ўжо, а чорнае люстра і тваё аблічча спазірае з чорнага бяздоння. Здзіўляешся: няўжо — гэта я? Страшная думка, што ты — сам сабе чужынец! — напаўняе вячэрнюю цішыню.
— Пілюлькі, — медсястра Чэся, рослая, закругленая спелай, эратычна-экспансіўнай жаноцкасцю, перасоўваецца між ложкамі, абдзяляе каго чым. Сінія, зялёныя, чырвоныя пілюлькі з маленькіх кілішкаў высыпае на слухмяна падстаўленыя далоні. Выпадкова нібы апускаеш руку ніжэй і медсястра схіляецца, а накрухмалены фартух на адну кароткую хвіліну моргае заружавелымі зрэнкамі цяплом набрынялых грудзей. Цесна гэтым птушкам у клетцы станіка, — думаеш. А табе васемнаццаць і таксама ж нязручна ў памяшканні без клямак. Вырвацца на волю разам з сакавітымі цыцкамі медсястры Чэсі, чаго больш і трэба! Не ты адзін так думаеш. На ложку, першым, калі лічыць ад дзяжуркі медсясцёр, уцякае ад пачэснага абавязку вайсковай службы Мірак, а ўцякаючы, пільна сочыць за кожным крокам Чэсі. Бо Мірак не любіць армію. Ён любіць “Мальбора”, свабоду і прыгожых жанчын. Такіх вось, як Чэся.
— Я мушу яе ... — не канчае, хаця і так можна здагадацца, што ён мусіць. — А калі я задумаў, то mur-beton! Праўда, сёстро?
— А мяне цікавяць хлопцы так больш-менш пад трыццаць, — агрызаецца Чэся. — І каб не было недамоўкі, не ўзрост маю на думцы.
Але Чэся адбрэхваецца так толькі, для прыстойнасці. У зялёных вачах яе пабліскваюць какетлівыя іскрынкі, а ружовыя птушкі мацней і мацней трапечуцца ў накрухмаленай клетцы. І Мірак пра гэта ведае. Неадукаваны ў ваеннай справе, тут ён аднак з цярплівасцю выдатнага стратэга штурмуе Чэсіну барыкаду. Хто ведае, мо і споўніцца той апавешчаны мур-бетон?
— Яшчэ месяц і могуць мне... — вялікі палец Мірак прыстаўляе да разрэза ў нагавіцах, а чатыры апошнія перабіраюць паветра, быццам бы ігралі на нябачнай гітары. — Вось што праз месяц могуць мне зрабіць усе вайсковыя камісіі. Але яе, — спаглядае на дзверы, за якімі схавалася Чэся, — яе раней я, пабачыце.
Міраку месяц. А табе колькі яшчэ? — думаеш, заглядаючы ў чорнае люстра. Унізе, за голымі ліпамі, мястэчка рыхтуецца да звычайных, вячэрніх спраў. Жоўтымі прамавугольнікамі вытыркаюцца са змроку вокны, дымяць каміны і дым няспешна вандруе, уздымаецца ў бязветраную, крышталёвую высь, туды, дзе, задзіраючы рогі, маладзік абыходзіць даручаны яму ўчастак касмічнай імперыі.