Выбрать главу

Між вечарам і раніцай западаеш у сон. Прымяркоўваешся да нябыту і нават не ведаеш, што такім чынам даеш згоду на вякамі ўстаноўлены парадак рэчаў і здарэнняў. Сон — уяўная смерць, абуджэнне — першае ўваскрэсенне. А колькі трэба часу на ўваскрэсенне апошняе? Не ведаеш. А вось Збышак, пэўна, ўжо і ведае, але сказаць табе так і не скажа. Ляжыць у трыццаці метрах ад адміністрацыйнага будынка, нерухомы ўжо, а яшчэ некалькі хвілін таму назад падрыгваў, біўся ў смяротных канвульсіях, згартаючы пад сябе змёрзлы снег, быццам бы хацеў адагнаць, суцішыць апошні боль.

Сыходзілі з панам Франкам па лесвіцы і пан Франак паслізнуўся, прысеў на хвіліну, а Збышак нырнуў у белую сцежку, наляту дастаў з кішэні брытву, расчыніў яе і пякучым лязом рэзануў свой кадык...

Колькі крокаў можа зрабіць чалавек з падрэзаным горлам? Падручнікі не пішуць пра гэта, а вось Збышак зрабіў такіх крокаў дзевяць. Ляжыць цяпер нерухома на стаптанай сцежцы, побач, адвярнуўшыся спіной, ванітуе пан Франак, а з пад зялёнай Збышкавай курткі выпаўзае ўсё яшчэ жывая кроў. Распаўзаецца далей і далей, не здагадваючыся, што яе місія ажыўляння нежывога якраз закончылася, а снежная, агромная губка вып’е цёплую чырвань да апошняй кроплі.

— Навошта людзі носяць у кішэнях брытвы? — пытае Кока.

— А навошта носяць клямкі? — адказвае чыйсьці голас. Не глядзіш нават, хто гэта сказаў, але згаджаешся: навошта?

Панура распачынаецца новы дзень. Збышкаў ложак, абдзёрты ўжо з пасцелі, міжвольна прыцягвае зрок. Стараешся не глядзець туды, а ўсё-такі зазірнеш, бы той настаўнік фізікі на дзявочыя майткі.

— Чаму ён так, — схіляецца над кубкам чаю Кока. Сёрбае асцярожна і адразу відаць, што сённяшні чай мае зусім іншы, горкі і непрыемны смак.

— Дзіўны быў, — паціскае плячамі Мірак. — Зрэшты, не першы раз выпраўляўся ў такую дарогу.

— Толькі цяпер вось дзейсна.

На Міракавым століку стыне збожжавая, прыпраўленая бромам, кава. Бачыш на ёй далікатную, срэбна-сівую плевачку? А на зубах чуеш саладжавы, металічны смак? Значыць, медыцына клапоціцца, каб твае жыццёвыя сілы надта тут не буйнелі. Інстынкт — першы вораг дысцыпліне.

А вось бром — галоўны вораг Міраку. І Мірак доўга аглядае рассыпаныя на далоні пілюлькі, спаглядае на Чэсю, на алюмініевы кубак, усміхаецца прыжмуранымі вачыма.

— Дык як будзе, сястрыца? Піць гэту каву ці не піць? Oto jest pytanie!

Чэся таксама ўсміхаецца. Высунуўшы ніжнюю губу, дзьмухае на свой курносы тварык, а шпаркасць гэтага ненатуральнага дыхання адкідае з над вачэй кучаравую, залатую грыву.

Значыць — усё нармальна. Свет нанава стае на свой звычайны, раней прадбачаны шлях і, толькі добра напружыўшы зрок, на Збышкавай падушцы ўгледзіце далікатную ўгнутасць, след ад ягонай галавы. Дык і ён, хвіліна за хвілінай, падымецца, выпрастаецца, закругліцца, як закругляецца і зарастае травою наш шлях і наш час.

За кругаглядам, з новымі рэзервамі зелені стаіць вясна.

Крах

1

Чацвёрты месяц сталуюся ў пана Метка. Прыходжу заўжды раней, пакуль рабочыя з нашай — гэта значыць — хімічнай фабрыкі пачнуць улівацца менш ці больш шматлікімі групкамі, прыносячы з нагамі добра мне знаёмы, хаця не вельмі прыемны смурод спаленага вугалю, перамешаны са смольным араматам шкіпінару.

Я і раней бываў тут, аднак не дзеля спажывецкіх мэт, а як і ўсе мае тагачасныя калегі, я заходзіў выпіць піва, пасядзець у вясёлай кампаніі і пабалакаць пра Марыніны ягадзіцы. Калісьці сказаў бы звычайна: “дупа Марыні”, цяпер аднак я — сярэдняга калібру служачы, вораг піву і безразважнай балбатні — маю абавязак паводзіць сябе адпаведна са сваёй пасадай. Мая лексіка сведчыць пра мяне і, як лібералам агідная планавая гаспадарка, так мне агіднае слова “дупа”.

Прысаджваюся з левага боку ад увахода, далёка ад цэнтра, там, дзе ніхто мяне не чапае, ды і я нікому не стаю на дарозе. Я не люблю, так сказаць, выступаць у святле юпітэраў — гэта першае, а другое — не хачу, каб хтосьці падумаў, што я такі, як і яны: рабочы хімічнай фабрыкі. Дзеля падкрэслення сваёй тут — звышпіўнай — прысутнасці раскладаю на століку газеты “Палітыка” або “Літаратура”, пералістваю іх старонка за старонкай, стараюся вылавіць нейкі цікавы або, што галоўнае, тэкст,які б развіваў індывідуальнасць. Палітыкай не займаюся. Слова “палітыка” не менш мне агіднае за слова “дупа”.

Рабочыя, прысеўшы за столікамі, расшпільваюць “артальёны” і джынсы, пералічваюць грошы, сцішанымі галасамі вядуць кароткія нарады. А потым п’юць піва, кураць папяросы, струменячы дым між жоўтымі зубамі. Гамоняць. Галасней і галасней, найчасцей пра фабрыку, кіраўнікоў і зарплаты. Не цяжка здагадацца, што ў аповедах іхніх кіраўнікі — ідыёты, а зарплаты — смешныя.