— Вельмі арыгінальны погляд на Джойса. Вельмі арыгінальны.
Мне зусім неспадзявана прыйшлося займець функцыю цэнтральнай тут асобы. Бывае такое: жыве чалавек спакойна, ніхто яго не ведае, і раптам лінія лёсу паварочвае ў другі бок, і апошні ў калоне ўзначальвае калону. Вось падышла і мая чарга.
Трэба вам ведаць, што падчас тае дыскусіі, як і частунку, мы не сядзелі за сталом абы сядзець і абцяжарваць сябе ўсякім пітвом ды закуссю. Так паводзіць сябе можна адно ў пана Метка, а тут быў шведскі стол, няхай сабе і не зусім практычны ў трохпакаёвай кватэры, аднак людства ідзе ў цывілізаваным напрамку і нам таксама трэба накіроўвацца ў той жа бок, забываючы памаленьку нездаровыя славянскія схільнасці.
Мы ўвесь час шпацыравалі па пакоі, падымалі дрынкі за тое, што каму падабаецца, далікатна замочвалі губы і паходжвалі далей.
Уцякаючы з цэнтра, я не прыкмеціў нават, калі апынуўся на кухні, не памятаю таксама — ужо была там пані Ліза ці прыйшла пазней за мяне.
Жанчыны, такія як пані Ліза, чамусьці мяне бянтэжаць. Беззаганныя манеры, манікюр-педыкюр, салонная лексіка. На вуліцы мінаюць цябе абыякава, моднымі капелюшамі адасабляюцца ад шэра-звычайнага бабства, здаецца, не ім гэта свет, а яны свету робяць гонар сваёй тут прысутнасцю. Часам здаецца мне, што такія жанчыны ніколі не робяць тое агіднае, пра што расказваюць рабочыя хімічнай фабрыкі, седзячы за півам.
Праціскаючыся між сталом і маёй асобай, пані Ліза моцна прытулілася да пярэдніх раёнаў майго цела, уважліва прытым углядаючыся ў мой твар. Стаяла так, ягадзіцамі падпіраючы стол, і голасам хрыплым, нізкім, дабытым недзе з пад жывата, папрасіла:
— Пане Владку, раскажыце яшчэ пра сваіх быкоў.
Яе вусны, апухлыя і вільготныя, расхінуліся і я здзівіўся: язык, які выслізнуўся з за гэтых вуснаў быў зусім сухі, здаецца, вось-вось здранцвее ён і пачне трэскацца, бы сухая кара нейкага чырвонага экзатычнага дрэва. Я сказаў некалькі слоў, вядома, многае забыў ужо раней, а шмат што і цяпер раптоўна ўцякло з маёй памяці. Аб’ект, здавалася, недаступны, амаль з чужое планеты, тут зусім адчувальна ўбіваецца ў маё цела! Мне стала горача-горача і калі падняў руку, каб расшпіліць кашулю, натрапіў на напружаныя, ашчапераныя ў драпежнай гатоўнасці грудзі. А пані Ліза схапіла маю нязграбную руку ў свае далоні і ,працягваючы далікатным пальчыкам уздоўж лініі жыцця і лініі сэрца, гаварыла, бы сама да сябе:
— Такія моцныя далоні, такія мужчынскія. Мне здаецца, — тут пані Ліза раптоўна падняла маю далонь і прытуліла яе да сваёй шчакі, — мне здаецца, вы маглі б гэтымі рукамі паваліць самага вялікага быка! А для жанчын — якія яны?
Я не паспеў праверыць спраўнасць сваіх рук у адносінах да жанчын: увайшоў якраз інжынер Стручук, а пані Ліза, спалоханая, кінулася ўбок, адкрыла халадзільнік і руплівым вокам гаспадыні пачала разглядаць яго змесціва.
— Ах, вы тут, пане Владку. Ліза, — звярнуўся да жонкі інжынер Стручук, — ты забрала нам самага вясёлага кампаньёна. Давай, пане Владку, пайшлі. Без вас нам зусім нецікава.
У пятніцу, з самай раніцы інжынер Кашалюк спытаў:
— Пане Владку, калі добра ведаю, вы жывяце на кватэры адзін?
Я адказаў, што гэта праўда, жыву пакуль што адзін, аднак у недалёкай перспектыве планую заснаваць сям’ю. Такія словы ўсцешылі інжынера і ён пытаў далей:
— А што вы думаеце рабіць у суботу вечарам?
Нічога асаблівага ў суботні вечар я не планаваў, так вось і сказаў:
— От, пачытаю кніжку, пагляджу тэлевізар, вядома, калі пакажуць нешта вартаснае. Хаця, самі ведаеце, у гэтых адносінах наша тэлебачанне...
У інжынера Кашалюка была, аднак , свая праблема і ён, не ступаючы на тэлевізійную сцежку, пачаў мяне з гэтай праблемай знаёміць.
— А не думалі вы паехаць у вёску, бацькоў наведаць, знаёмых паглядзець?
Я, праўду сказаўшы, не думаў пра такую магчымасць. Па-першае, дадатковыя выдаткі, а гэта абазначае затрымку ў рэалізацыі пункта н р 4. Па-другое, пачаў якраз, ідучы за падказкамі інжынера Стручука, засвойваць Фройда. Аўтар складаны і я прымушаны ўвесь свабодны час і ўвесь у тэхнікуме набыты інтэлектуальны патэнцыял накіраваць вось у той бок.
— Бо, ведаеце, ёсць такая справа, — інжынер Кашалюк з прыемнай усмешкай рэкамендуе свае бел-белыя зубы, а далікатнымі пальцамі гладзіць мой плячук, быццам стрэсваў з пінжака нейкі ўяўны там пылок. Я так і падумаў, што мой халасцяцкі гардэроб не адпавядае неабходнай норме і мне зрабілася ніякавата.
— У мяне вельмі-вельмі пільная праца. Такія там, хімічныя вылічэнні, дыяграмы. Вы, зрэшты, як работнік разумовай працы, самі ведаеце. А дома, разумееце, жонка, дзеці, безупынная мітусня і куламеса. Проста — галава не варыць.