У суботу я паехаў праведаць бацькоў, а інжынер Кашалюк у маёй кватэры да белай раніцы рысаваў дыяграмы і рабіў складаныя хімічныя падрахункі.
Мой план далёкага дзеяння спыніўся ў пункце н р 4. З матарызацыяй нават дзяржава мае небанальныя праблемы, хаця ж ніхто яе не прымушае па ўсіх суботах каціць у глухія вёскі і мантачыць капітал на непатрэбныя білеты. А калі яшчэ і інжынер Стручук атрымаў таксама ж пільныя і патрабуючыя як унутранага, так і вонкавага спакою навукова-даследчыя працы, здаралася мне пабываць у бацькоў нават пасярод тыдня. Калі будуць прысвойваць ордэны за ўклад у развіццё дзяржаўнага транспарту, я спадзяюся на нейкую салідную, прынамсі сярэбраную бляшку.
Тым часам маім аўто карыстаўся ўжо праўдападобна хтосьці іншы, хтось — у каго не было такіх адказных, адначасова абцяжараных працай сяброў.
Я пачаў задумвацца, ці не пераскочыць адразу да пункта н р 5, рэалізацыю чацвёртага адтэрмінаваўшы на бліжэй неакрэсленую будучыню. Час уцякае, а ў чарзе яшчэ і дзеці, пра ўнукаў не згадваючы.
Кажуць — жаніцьба без кахання, як селядцы без солі.
Я не спрактыкаваны ў сямейным жыцці чалавек, ніколі яшчэ не жаніўся, аднак на ўсякі выпадак рашыў закахацца. Дзеля павелічэння эфектыўнасці ў пошуках адпаведнай для сябе нарачонай, падрыхтаваў я нават кароткі спісак. Памясціў там, вядома, пасля бязлітаснай з самім сабою кваліфікацыйнай размовы, ўсіх патэнцыяльных кандыдатак, а пані Ірэнка заваявала ў гэтым матрыманіяльным спаборніцтве вельмі адказнае, першае месца. Мо таму, што яна суседка з трэцяга паверха, а мо проста таму, што ў апошні час пачала на маю асобу спаглядаць дзіўна ласкавым і прыязным вокам. Калі раней праходзіла побач мяне так, як праходзіцца побач паветра, то цяпер першая дае “дзень добры” і нават усміхаецца і глядзіць услед мне. А сёння пані Ірэнка сказала:
— О-го-го, пане Владку! Учора ноччу такія водгаласы даходзілі з вашай кватэры, што ўвесь блёк аж калыхаўся! Па самыя фундаменты. А сёння, чуць свет і ўжо на нагах! Ну-ну, хто мог падумаць...
Вочы пані Ірэнкі цаля за цаляй абмацвалі маю постаць, стараючыся адшукаць той орган, які такім экстазам напаўняе ўвесь шматпавярховы блёк.
Я толькі што вярнуўся ад бацькоў, была шостая гадзіна раніцы, а тут яшчэ і пераапрануцца трэба, і туалет ранішні споўніць, і на фабрыку паспець. Узяў я пад развагу ўсе згаданыя акалічнасці, гутарка між намі не задоўжылася. Аднак гэтым “о-го-го” пані Ірэнка значна падмацавала сваю пазіцыю. Так значна, што пачаў я пра яе думаць як пра афіцыйную сваю нарачоную. Усякія сікуны кажуць у такіх выпадках: “мая дзяўчына”, або “moja laska”, або — зусім ужо прымітыўна — “moja dupa”. А мне вось падабаецца нямоднае слова “нарачоная” і ніколі ад яго не адракуся. Не на тое стаў чалавек інструктарам па бяспецы і гігіене працы, каб цяпер адступаць перад усякімі, лішнімі, модамі.
У бюро было пуста і ціха. Адно панна Рэня сартавала якраз штодзённую карэспандэнцыю і, не перапыняючы сваю працу, паведаміла мяне, што інжынер Стручук сёння ў водпуску, а інжынер Кашалюк на поўны месяц адкамандзіраваны ў сталіцу. Нейкае там, нікому непатрэбнае, абучэнне.
Я распрануўся і сеў за стол, каб таксама паглыбіцца ў паперы, аднак мае думкі, зусім нечакана, закружылі над галавою панны Рэні.
Белыя кудзеркі, набухлыя вусны, і — вочы! Вочы каціныя, далікатна-зялёныя, замглёныя няўлоўным вуалем дзявочай таямніцы... З гэтых зялёных вачэй адна за другой выплывалі ўвішныя шчупальцы нябачнага васьмінога, лісліва прыпадалі да маіх рук і да маіх думак, каб бесцырымонна зацягнуць маё зямное і астральнае цела ў абдымкі панны Рэні. Агідная гэта справа — ваяваць на два франты. У думках прасіў я прабачэння ў пані Ірэнкі, а потым, раз яшчэ нырнуўшы ў зялёную бездань, страціў астаткі сумленнасці і падумаў: “Няхай будзе, што мае быць”. Вераломнасць спадарожнічае чалавеку, пачынаючы з першага, крадзенага ў райскім садзе яблыка, аднак , калі ты ў свае сорак усё яшчэ халасцяк, не думай, як змяніць свет ды якім чынам паправіць чалавечую натуру. А гадзіне трынаццатай сорак я запрапанаваў панне Рэні схадзіць вечарам у кавярню, а яна, наўздзіў лёгка, згадзілася. Ад такой нечаканасці я забыў пра абед. А зрэшты — напляваць мне цяпер на Меткавы кулінарыі: сіняя ад холаду бульбіна і гуляш — пасля тыднёвых змаганняў са страўнікамі выпадковых спажыўцоў — сканцэнтраваны на маёй талерцы!..
Мы доўга сядзелі ў кавярні. Гутарылі пра мастацтва і пра цэны ў магазінах, жартавалі над знаёмымі і незнаёмымі, а каньяк маркі “Напалеон” падсоўваў новыя і выдаўжаў старыя тэмы. Мне здавалася — панну Рэню ведаю ад заўжды і толькі да сёння раздзяляла нас празрыстая, халодна-шкляная шырма.