Выбрать главу

— Чалавек, — кажу , — я сталы. І хаця мне пад сорак, адчуваю сябе намнога маладзейшым. Ёсць у мяне кватэра, фінансавыя сродкі — няхай сабе і не самыя вялікія — аднак басяком сябе не лічу.

Стандартныя какеткі ў такіх выпадках пачынаюць цікавіцца вашымі фінансамі, а вось, аказваецца, панна Рэня і не стандартная, і не какетка. Панна Рэня сказала, што тузін гадоў, які быццам бы нас раздзяляе, для яе не мае ніякага значэння. Найважнейшы — чалавек. І яшчэ сказала панна Рэня, што я чалавек прыстойны і што яна мне верыць. Больш верыць, чым інжынеру Кашалюку. Я не пазнаваў сам сябе: хай чэрці на касматых хвастах разнясуць усе планы, пасады і машыны! Галоўная справа: сённяшні дзень! І яго трэба лавіць, бо іначай уцячэ беззваротна.

Мы не прыкмецілі нават, што выйшаў апошні госць. І толькі тады, калі наблізіўся афіцыянт, каб і нас тактоўна адправіць дамоў, я глянуў на гадзіннік, а потым і на рахунак. Глянуў і здзівіўся: у маім нутры не заенчыла і не лопнула ніякая спружына, хаця ладны кусок аўтамашыны ад’язджаў у глыбокую кішэню афіцыянта.

Мы ішлі дамоў. Мы ляцелі, мы плылі, а горад глядзеў на нас, як усе маткі свету глядзяць на сваіх, ад’язджаючых да шлюбу дзяцей. І калі на вуліцы Баторыя, якраз насупраць малога рыначку, прыклеіўся нейкі разбэшчаны спіртам асобень, я адмаляваў яму такі партрэт, што асобень той, не паспеўшы і войкнуць, скруціўся ў цяні прыдарожнай ліпкі. Мне вельмі хацелася, каб быў гэта той самы тып, які ў кастрычніку здзекаваўся над маёй асобай. А Рэня пацалавала мяне ў вусны. У кватэры ўзяла мяне за рукі і павяла прама ў спальню. Я не паспеў і падумаць, адкуль яна так дакладна ведае маю кватэру, бо свет, зварушаны Рэнінымі пацалункамі, расхістаны далікатнымі і якімі ж моцнымі далонямі, раз’юшаны яе дзявочым крыкам, зваліўся на мяне і на гадзіны прынамсі тры адабраў здольнасць якога-небудзь цвярозага думання..

3

Тайныя спружыны ў маім упарадкаваным нутры азваліся ў суботні поўдзень. Рэня сышла, не ведаю нат калі, пакідаючы па сабе цьмяны арамат замежнае парфумы. Я глядзеў у злашчасны рахунак, множыў, дзяліў і дадаваў малазразумелыя лічбы, усё-такі сума атрымоўвалася сумная: чвэрць месячнай зарплаты пайшла ў бліжэй неакрэсленым напрамку.

Не дурны сказаў, што жанчыны каштуюць. Дурны той, які гэта правярае ў кавярні “Цюльпан”.

Мінорны мой настрой працягваўся б хіба ў бясконцасць, калі б не пазваніў інжынер Стручук. — Ёсць, — сказаў, — пільная справа і нам трэба яе раскусіць. — Тады прыходзьце.

Мне не хацелася нікога бачыць, аднак сяброўству патрэбныя ўсякія выпрабаванні. У такіх выпадках міжчалавечыя сувязі трэба паставіць вышэй за маральнае ці фізічнае пахмелле.

А справа, аказалася, з тых жа добра мне вядомых. Інжынер Стручук збіраецца ў сталіцу, дзе, спалучыўшы свае сілы з сіламі інжынера Кашалюка, будуць расслаўляць нашу фабрыку. „Час, — кажа, — трапіўся нам нецікавы, наўкола капіталізм, і той не прападзе, хто ўмее сябе карысна прадаць. А з парожнімі рукамі ў сталіцу не паеду, трэба падрыхтаваць прапагандысцкія і справаздачныя матэрыялы. А дома, як гэта дома — мітусня і калатнеча”.

Далей я мог не слухаць, і я — фактычна адключыў вушы, больш думаючы, дзе мне шукаць начлег. Ехаць у вёску не хацелася, ліміт непрадбачаных выдаткаў вычарпаўся, здаецца, на круглы год, а Рэня, як даведаўся , жыве ў адным пакойчыку з маці.

— Пане Владку, вы мяне не слухаеце...

— Але ж слухаю, пане інжынер, шчыра слухаю. Думаю толькі, куды мне падзецца нанач?

— Я прашу прабачэння, так неспадзявана ўсё склалася... Але, разумееце...

— Што тут не разумець, — кажу. — Зрэшты, горад вялікі, не прападу. А калі ўсё гэта дзеля нашай фабрыкі...

Інжынер паглядзеў на мяне дзіўна неяк, не так, як начальнік глядзіць на свайго падначаленага. Ён спаглядаў на мяне так, як старэйшы брат спаглядае на малодшага, менш вопытнага брата.

— Пане Владку, — пачаў цяжка, сарамліва неяк, здабываючы словы. — Я абавязаны прызнацца вам у сваёй віне. Інжынер Кашалюк даўно ўжо згадвае, што вы заслугоўваеце больш, чым можа даць гэтая інструктарская пасада, а я вось, бачыце, усё сумняваўся. Прызнаюся, памыляўся я. Але, — уздыхнуў цяжка, разумеючы, відаць, сваю віну, — усё наперадзе. Здольны, інтэлігентны, а што галоўнае, адданы фабрыцы чалавек напэўна знойдзе належнае сабе месца.

Чакаючы належнае сабе жыццёвае і прафесійнае месца, я падаўся ў горад, каб разглянуцца за месцам куды больш празаічным, а менавіта — за начлегам.