Выбрать главу

І так яно ўжо бывае, калі найбольш спадзяешся на розум, калі ўсю сваю надзею ўскладаеш на галаву, тады ў месцы вышэй шыі паяўляецца пранізлівая пустэча, або — у найлепшым выпадку — нябачныя рэцэптары абвяшчаюць аварыю нервовай сістэмы.

Перамераўшы вуліцу Рэя, павярнуў я ў Пілсудскага, каб з нешматлікімі ўжо пехацінцамі паплысці ўніз, да скрыжавання. Аварыя нервовай сістэмы зацягвалася і нічога лепшага не заставалася, як брысці далей, у вуліцу 3 га Мая. Іду вось, а восеньскі дождж забівае ў зямлю апошнія асколкі маёй надзеі. Надзеі на якое-небудзь лагічнае заканчэнне суботняга дня.

Раздвойваючыся, плывуць асфальтам залатыя фары аўтамабіляў, чужыя людзі з’язджаюць у цёплыя кватэры. “Так, папраўдзе, усе мне тут чужыя”, — падумалася, хаця ад гэтай разумнай думкі не стала ні крыху цяплей.

Скуль узялася тут пані Ліза — не ведаю. На пачатак пачуў я цёплае: “Пане Владку, а вы куды?”, а потым з за мокрай шыбы ўсміхнуўся твар пані Лізы. Адзіны, здавалася, добры і адзіны ў горадзе знаёмы твар. А потым, у машыне, я многа гаварыў. Я гаварыў, што вельмі люблю шпацыраваць вечарамі, асабліва, калі ідзе дождж, і што такія прагулкі карысна ўплываюць як на фізічнае, так і псіхічнае самаадчуванне, і што чалавек у горадзе адзінокі. Пані Ліза маўчала, а я, баючыся спалохаць нешта незвычайнае, не глядзеў на яе — толькі ў люстэрка над лабавой шыбаю. І люстэрка ўсміхнулася мне вуснамі пані Лізы.

— Як вы дашчэнту прамоклі, — прашаптала пані Ліза, у кватэры ўжо, расшпільваючы маю кашулю. — Трэба пераапрануцца.

А я сказаў, што не, што не трэба, і яшчэ, што можа ж вярнуцца інжынер Стручук, а тады нешта кепскае падумае пра мяне і пра яе, хаця яна такая добрая, і такая мілая, і прыгожая.

— Муж паехаў у Варшаву, — сказала пані Ліза, падсоўваючы мне шаўковую, сінюю ў белыя палоскі піжаму.

Чаму замест таго, каб сказаць, што інжынер Стручук усё яшчэ тут, у Гайнаўцы, узяў я і надзеў на сябе гэтую злашчасную паласатую піжаму? Так хіба было трэба. А пані Ліза засмяялася: аформленая на патрэбы інжынера Стручука піжама, ніякім спосабам не магла прыкрыць усе мае сто дзевяноста два сантыметры.

— Раней было значна лепей, — сказала.

Зняла з мяне дзіўную піжаму і кінула яе прэч. Цяпер выглядаў я зусім не смешна і пані Ліза таксама перастала смяяцца. Стаяла насупраць, бы драпежная львіца, у любы момант гатовая скокнуць на мяне, зубамі ірваць і кіпцюрамі, як у старажытным Рыме дзерлі на кавалкі першых хрысціянаў яе дзікія продкі.

Такое, страшнае, аднак, не здарылася.

Разбудзіў мяне голас інжынера Стручука. У першы момант я нават спалохаўся і засаромеўся: “Вось, — падумаў, — здрамнуў у бюро”. А потым, вярнуўшыся да поўнай свядомасці, засаромеўся яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ.

— Апранайся, — інжынер прама ў твар кінуў мне пакамечаныя нагавіцы, а сам пайшоў на кухню.

У той час, калі я апранаўся, на кухні адбывалася сямейная гутарка. Гаварыў муж, а жонка маўчала.

— Я ўсё разумею. І твае мазахісцкія схільнасці, і пошукі першапачатковых прымітывізмаў, разумею нават твой культ фалічнага самца, як прычыну і вынік існавання ажыўленай матэрыі. Магу дараваць інкасатара з доўгім носам і булаватага камінара, але зразумець, чаму завалакла ты пад коўдру галоўнага ідыёта ў нашым горадзе — занадта вялікая, як на мой розум, задача!..

Так гаварыў інжынер Стручук, а пані Ліза рыхтавала ранішнюю каву. Я здагадаўся, што мяне гэтай кавай частаваць не будуць, і сышоў.

Перамена з інтэлігентнага, адданага фабрыцы чалавека ў апошняга ідыёта, якая за адну ноч адбылася ў спальні інжынера Стручука, была самай вялікай і найважнейшай трансфармацыяй у маім жыцці. Усё, што здарылася потым — вымова з папярэджаннем, паніжэнне на рабоце, а ў рэшце рэшт і звальненне з працы — я не лічу актам помсты. Гэта толькі лагічны рэзультат маёй ранейшай перамены.

Паклонніца літаратуры

Задажджылася кастрычніцкая субота. Нагінаючы да зямлі сырыя, абшарпаныя крылы хмарын, кароткі дзень шпарка пайшоў на спад. Базарны гоман аддаляўся, расплываўся ў шэрых закавулках і знікаў там, затоптаны спешнымі крокамі, заглушаны восеньскім паветрам. Людзі пад парасонамі трушком спяшалі дамоў, старанна прыбіраючы апошнія клопаты дня.

Мястэчка пераступала той нябачны, але характэрны для ўсіх невялікіх мястэчак парог, за якім у восеньскія і зімовыя адвячоркі існуе ўсё ва ўмоўным адно значэнні, а натоўп, раздзелены на паасобныя адзінкі, жуе ў задуме мінуўшчыну, зусім ігнаруючы цяперашні, як і будучы час.

Я таксама падумаў, ці не пара ўжо збірацца, апрануў паліто і надзеў капялюш, патушыў святло. Зрабілася ціха і цёмна, і толькі вокны зялёным, у ліхтароў пазычаным, святлом разлажыліся на каменных паркетах. Ад гэтай зелені так і падумалася: ненатуральнае тут усё, нежывое, мінулае, як адбітак часу і здарэнняў у каменным люстэрку. Над дзвярыма азваўся званок і пабег на паркеты жывымі іскрынкамі, збянтэжыў, разбудзіў каменную абыякавасць. І спыніў мае роздумы над тайным абліччам свету.