Дзвярэй у нас сотні, ключоў, можна здагадацца, у тры разы больш — і пакуль прыстасаваў я патрэбны ключ да адпаведнай дзіркі, званок паўтарыўся.
На парозе стаяла маладая дзяўчына. Дробная, невялікая, змораная дарогай, знясіленая дажджом і холадам.
— Я з Мінска, студэнтка, — сказала і назвала сваё прозвішча. — За фальклорам хадзіла, ноткі запісвала. Не бач калі і дзень зляцеў. Вось і шукаю начлег. А добрыя людзі сюды накіравалі. Не адкінеце, а? — усміхнулася, адсланяючы роўненькі, беленькі радок зубочкаў.
У гэтым “не адкінеце, а” было штосьці і па-дзіцячаму разгубленае, і па-жаноцку какетлівае, ды яшчэ і тое неназванае, што загадала мне шырэй раскрыць дзверы, правесці дзяўчыну на другі паверх і раскватараваць яе ў гасцінным пакойчыку.
— Тут будзе ваш ложак, там вось шафа, а туалет — калідорам налева, — сказаўшы ўсё, я адступіў крок назад, прытрымаўся на парозе. Хацелася паглядзець на яе маладосць, змораную, але усё ж такі жывую, і з за жывучасці гэтай ненатуральна дзіўную ў сырых, апусташэлых сценах. Дзяўчына зняла з сябе паліто і прысела на ложак.
— Хвіліну пачытаю, а потым — спа-а-аць, — раскошна пазяхнула, раскрыжавала рукі, пацягнулася, аж напяліся, падаліся наперад маленькія ўзгоркі пад швэдрыкам. — Я, ведаеце, не засну, калі не прачытаю, прынамсі, дзве старонкі. — Дастала з чамаданчыка нейкую кніжку, паклала яе побач сябе, хуценька, быццам бы сарамліва, так што на вокладцы паспелася толькі прыкмеціць якісьці твар з доўгім, высалапленым языком.
— Чытайце на здароўе, — сказаў я на развітанне і пайшоў.
На вуліцы церушыў дождж. Вецер, забягаючы з паўднёвага ўсходу штурхануў у плечы. Нецярпліва, бесцырымонна. І вецер той, і самота кастрычніцкага адвячорка, і мігценне неонавай рэкламы, перамешанае з араматам кітайскай кухні, накіравалі мяне да пана Зэнака. Наогул стараюся абмінаць такія экзатычныя раскошы, лічу іх непатрэбнай выдумкай ды стратай часу, аднак у гэты кастрычніцкі, сумны вечар атрымалася іначай. Я сядзеў у беларускай частцы кітайскага рэстарана, запіваў арыентальныя вустрыцы польскім півам, а санлівасць — дашчэнту тутэйшая, сачылася з ліхтароў. У галаве таўклася дзіўная думка, што я забыў сказаць нешта важнае дзяўчыне. І думка тая набліжалася, падкрадвалася да высокіх дзвярэй свядомасці, здавалася — яшчэ крок і пераступіць нябачныя парогі, і аб’явіцца зразумелым зместам. А дзіўная сіла затрымлівала яе, загортвала ў чорнае палатно, адкідала назад, у бязмежныя прасторы забыцця. Перамагаючы санлівасць, я павалокся на той другі паверх. У шчыліне між дзвярыма і падлогай жаўцела святло. Значыць — не спіць яшчэ, чытае — падумалася і адразу зрабілася неяк жвавей, весялей. Ідучы насустрач жоўтай шчыліне, мая рука застукала ў дзверы, і калі ніхто не адказаў, націснула клямку. Дзверы падаліся. Дзяўчына, напалову седзячы, напалову лежачы, вачыма круглымі, як пяцізлатовыя манеты, углядалася ў дзверы. Недачытаная кніжка выслізнулася са скамянелых рук і, з’ехаўшы па коўдры, шлёпнулася на падлогу.
— Ввв-ы мм-му-ззейнік, — ні то спыталі, ні то сцвердзілі яе пабялелыя вусны.
— У нейкім сэнсе так, — адказала мая санлівасць.
Вы прыйшлі, каб мяне... каб мяне... каб... — шукала адпаведнае слова, але такое слова не прыходзіла ў яе галаву. Скурчылася, учапілася за мяжу святла і ценю, як разгубленая ластаўка, калі з за вясёлай неасцярожнасці трапіць у незнаёмую клетку. Натапырыўшы пёркі, сачыла за кожным маім жэстам. — Не падыходзьце, — працягнула далоні, стараючыся затрымаць мяне на парозе. Не было ў гэтым ніякай цяжкасці. Я і не думаў набліжацца да яе, а ўсе сілы, фізічныя і інтэлектуальныя, аддаваў адной справе: успомніць прычыну, якая прывяла мяне ў гэтае месца.
— Гавораць, няма сэнсу змагацца супроць музейніка. Можа і няма. А я і так буду змагацца. Буду бараніцца. Жывую мяне не возьмеце! Я буду крычаць. Я ўжо крычу! Ратунку-ууу!
Пранізлівы крык пакаціўся калідорамі і, паўтараючыся глухім рэхам, слабеў, патухаў, аж дашчэнту пабіты бетоннымі кулакамі, прысеў у цёмных закавулках. Закрычала яшчэ раз і яшчэ, а вынік атрымоўваўся такі, як і раней: голас заглыбляўся ў калідоры, у сцены, у морак і знікаў, не знаходзячы ні падтрымкі, ні водгаласу. Дзяўчына забілася глыбей пад коўдру, так што глядзелі цяпер на мяне адно вялізныя, знерухамелыя вочы. Яе настрой раптоўна змяніўся. З беспардоннай, амаль адчайнай ваяўнічасці засталася адно пакорлівая, слухмяная абыякавасць. А можа здагадалася, што ўсякі крык на дапамогу і так задушаць, суцішаць тоўстыя абдымкі муроў? Непазбежнасць, няўхільнасць лёсу звалілася на яе з усіх бакоў. Цела напаўнялася цяжкім свінцом слухмянасці, і толькі вочы стараліся злавіць тую хвіліну, калі наканаванае ўсім жанчынам пачынае ператварацца ў відавочны факт.