Выбрать главу

— Хай ужо будзе, што мае быць... Але запамятайце: я была супроць. А кніжку, калі ласка, дайце сюды. Схаваю пад падушку. Брыдка ўсё ж, каб валялася на падлозе.

Я ступіў крок наперад, падняў з падлогі тое, што прасіла дзяўчына.

„Дама... Дамаві... Сам чорт не разбярэцца, што цяпер пішуць маладыя. Вадалейства”, — падумаў я і ў гэты момант успомнілася ўсё тое, што я раней забыў сказаць. Раптоўнае асвятленне зняло з маёй душы дзіўны, неназваны цяжар. Той цяжар, які не дазваляў мне ні вярнуцца дамоў, ні пасядзець у пана Зэнака. Цяжар, які прывёў мяне сюды, на другі паверх, у пакойчык незнаёмкі.

— Калі будзеце карыстацца туалетам, не забудзьце закруціць кран. Наш старшыня заўжды аб гэтым напамінае. А то, ведаеце, усяляк бывае з маладымі. А цяпер чытайце на здароўе, — я падаў дзяўчыне кніжку і выйшаў.

Кароткая гісторыя Партыі кучаравых

Зачацце

Паважаныя партыі, партыі, якія маюць амбіцыю валодаць светам або, прынамсі, ладным гэтага свету кавалкам, пасяляюцца наогул у манументальных, грандыёзных гмахах, найлепей у цэнтральным пункце горада, ля галоўнай вуліцы. Спаглядаючы з за высокіх, прыцямнелых вокнаў на шматлюдныя тратуары, партыйныя людзі наладжваюць штодзённы, зрокавы кантакт са сваімі выбаршчыкамі. З крокаў — шпаркіх або няскорых, з жэстаў, з позіркаў ловяць патрэбы, адгадваюць спадзяванні, ацэньваюць удачы і няўдачы звычайнага чалавека. За таўшчэзнымі мурамі прымаюцца пастановы, якія вядуць ананімны натоўп у найлепшым напрамку. А потым партыйныя людзі апускаюцца ніжэй, у маленькія піўныя, у залежнасці ад светапогляду — або да пана Зэнка, або пана Валодзі, дзе за куфлем піва разважаюць аб сродках і кааліцыянтах, заўжды неабходных для развіцця прынятай пастановы.

Каб зэканоміць на лішняй хадзе між кабінетамі, дзе нараджаюцца слушныя ідэі, і піўнымі, дзе тыя ж ідэі з папяровага быту пераўтвараюцца ў цалкам рэальнае існаванне, Партыя кучаравых пасялілася там, дзе ў цёплы, бязветраны чэрвеньскі вечар упершыню пабачыла свой свет. Месца называецца “Бар у Алеся” і яно добра вядомае тым, хто мае жаданне заглянуць сюды, як і тым, хто шырокім колам стараецца абмінуць гэты храм нестандартнага спажывання часу.

Значыць, Партыя кучаравых нарадзілася. А зачацце адбылося цалкам звычайна, і калі нехта спадзяецца паслухаць тут пра палавыя зносіны, пра дамска-мужчынскія гульні, словам — пра ўсё тое, што супярэчыць агульна прынятым хрысціянскім каштоўнасцям, той адыдзе з нічым. Людзі падымаюцца з праху традыцыйным, усім зразумелым спосабам, а вось партыі вылупліваюцца на свет іначай.

Сядзелі мы “У Алеся” — Тадзік Навіцкі, Валя Курапатка і я. Чэрвеньскі адвячорак, цёплы і бязветраны, наліваў нам у парожнія куфлі шаўкавістую радасць жыцця, перамешаную з задуменнасцю над яго непаўторнасцю і нядоўгатрываласцю. І нам захацелася зрабіць штосьці добрае і вялікае, што будзе між людзьмі нават тады, калі чэрвеньскі вечар пераўвасобіцца ў кастрычніцкую слоту, набрынялую холадам і парывістым ветрам.

Словам — хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.

Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.

А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.