Выбрать главу

— Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, — распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.

“Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступленнях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі, добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў, Какаліцкі ды іншыя грамадзяне — не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.

Іншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?

Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. І Алесь — таксама.

Гарэм

Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.

Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.

А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, а людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.

— Я не хачу ў гарэм, — жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.

— Якое “не хачу”? Няма “не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.

Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці — усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.

— А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.

— Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, — аргумент заявіў сваю прысутнасць.

Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль.Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці і дылема “ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.

— А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое — шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў — бы вады ў Семяноўцы...

— Даляры... Даляры ж не ўсё. Ёсць яшчэ і сорам...

— І нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. Не адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.

— А як — багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? — Усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.

— Вось табе і параўнанне! Шэшаль — у найлепшым выпадку! — можа гэтаму шэйху чаравікі глянцаваць.

— Значыць, калі б добра падысці, дык і нейкую кватэру можна было б з яго выціснуць? — пацікавілася кабета.

— Ну, хоць маленькую... Хай сабе і аднапакаёвую. Нам, ведаеце... Што нам трэба! А вось дачцэ — было б хай. Памятка такая. — Муж вудзіў думку асцярожна, каб не спалохаць. Падцягваў яе бліжэй, замацоўваў на здабытай пазіцыі.

— А ты маўчы! — натапырылася жонка. — Бачыў хто: нашай дачцэ — аднапакаёўку! І камяніца будзе. — Круцілася ў месцы, то крок наперад ступаючы, то крок назад, быццам чырвоны, распалены вугельчык прыпякаў ёй пяты.

Тым часам Тадзік дайшоў да высновы, што ўсё-такі няма сэнсу псаваць добрыя адносіны з гасцямі з за невялікай іхняй памылкі і, вярнуўшыся ў рэчаіснасць, цяпер толькі глянуў на сваіх субяседнікаў. Стаў перад вачыма ладны, жывы кус гісторыі чалавецтва.

— Калі, ведаеце... — трэба ж было канчаць гэту дзіўную сустрэчу ды шукаць спосаб, які паспяхова адправіць гасцей туды, адкуль яны прыйшлі. — Шэйх гэты, так сказаць — вельмі ж непрыгожы! Ну, што я кажу. Непрыгожы! Зусім ён брыдкі. А-гід-ны!

— А гэты бамбула, па-вашаму, дык прыгожы?! — паказала рукою кабета. І да мужа: — Ну, скажы сам: прыгожы ты?