— Рацыя. Куды мне там да прыгажосці, — муж вытарашчыў вочы, стараючыся адагнаць ад сябе апошнія доказы мужчынскай красы.
— Дык яшчэ, — Тадзік пачухаў патыліцу, — стары гэты шэйх. Ці не пад сотню набліжаецца?
— А тут што, маладосць? — жанчына зноўку махнула рукой. І да мужа: — Ну, скажы сам: маладзён ты?..
Пасля першай прэзентацыі муж і не паспеў паставіць вочы на сваё месца. Выкліканы другі раз да адказу, ад нечаканасці не ведаў ён: пярэчыць ці пацвярджаць.
— А доўга жывуць яны, гэтыя шэйхі? — у бабінай галаве вокамгненна нараджаўся наступны план, новы вобраз, дзе яна, як шчырая ўдава, нясе свой горкі лёс з плачам, з енкам, з поўнай пакуты цярплівасцю.
— Наогул не так і доўга. Асабліва багатыя — паміраюць раней. А гэты ваш... Як тут сказаць... Бачыце — абанкруціўся якраз. А такія абанкручаныя шэйхі, о-го-го, доўга яны мучацца на белым свеце. Бывае — дзве сотні і яшчэ адзін год цягнуць.
Пачуўшы такое, баба войкнула. Камяніца, у якую паспела ўжо амаль пасяліць дачку, раптоўна і з за нас, цэгла за цэглай, сцяна за сцяной пачала ператварацца ў руіну.
— А я так і ведала, што ёсць тут нейкае ашуканства! Хопіць глянуць на вашы морды! Лепшае сваім прыхоўваеце. Падмазка, падкупка, хабар — вось яно, ваша крэда! Хадзі, стары, пайшлі!
Стары глянуў на нас позіркам, у якім было ўсё: расчараванне, спачуванне, нянавісць. І паплёўся ўслед за сваёй прадпрымальнай паловай.
На другі дзень з’явіліся ў горадзе погаласкі пра наш прадажны, з матчыным малаком высмактаны, характар.
Магіла
Біндзюк заўсёды быў інструктарам. Іншыя яго сябры ўзлазілі вышэй: ішлі ў кіраўнікі, у начальнікі, у дырэктары, каб там, засмакаваўшы ў бязмежнай прасторы, праваліцца ды апынуцца зноў у цеснай інструктарскай клетцы. А часам і яшчэ ніжэй.
Чалавечы арганізм кепска ўспрымае такія вандроўкі ўздоўж вертыкальнай лініі. Бунтуецца сэрца, страўнік азываецца непрыемным голасам, разбэшчваецца крывяны ціск, псіхіка западае ў дэструкцыю...
А вось Біндзюку не было прычыны хварэць. Ягоныя вандроўкі адбываліся па гарызантальных шляхах, і калі цярпеў ад гэтага падарожжа нейкі орган, толькі і выключна — сарамлівае месца ніжэй спіны. І гэта зразумела. Іначай жа муляе крэсла інструктара аховы здароўя, іначай — інструктара скупкі малака, а яшчэ іначай — інструктара будаўніцтва. Біндзюкова спіна, як і блізкая гэтай спіне сваячка — добра знаёмыя ўсім інструктарскім крэслам у нашым горадзе.
Прайшоўшы такі вось жыццёвы шлях, дабрыў Біндзюк да магілы.
— Як гэта магчыма? — спытаеце. — Чалавек зрабіў жа усё, каб уцячы ад хваробы і раптам апынуўся ў такім непрыемным становішчы?
А я скажу вам: прычыны ёсць. Праўда, да медыцыны яны ніякага дачынення не маюць, гэта чыста палітычныя прычыны, ды і магіла ж не такая, пра якую думаеце: копчык зямлі, уквечанае ўсё, з крыжыкам у галовах. Біндзюкова магіла — абкладзеная бетонам яма, зусім яшчэ парожняя і, калі б не навакольны краявід, можна было б лічыць яе звычайным, невялікім па памерах склепам на бульбу ці буракі.
— Тут вось будзем ляжаць. Месца прыгожае. Цэнтральная алейка, наўкол пушча, а паветра чыстае-чыстае... Ніякай серы, ніякіх двухвокісаў. Дыхай — на ўсе грудзі! — як актуальны інструктар аховы асяроддзя не мог Біндзюк абмінуць маўчаннем такі неабыякавы для сваёй будучыні факт.
— А суседзі?! Не якія — барані Бог! — п’яніцы?! — Біндзючыха не надта разбіралася ў складанай экалагічнай тэрміналогіі. У іерархіі неабходных для жыцця спраў добрую кампанію лічыла справай ці не найважнейшай.
— Суседзі — першы сорт. Як жа іначай. Па левы бок — Лапаевы, па правы — Сукачы, а ў галовах — начальнік Какаліцкі ва ўласнай асобе.
Спадабалася Біндзючысе суседства. Тысяча пяцьсот злотых за такое месца — зусім разумная цана.
Глядзела на мужа з захапленнем, а ў думках хваліла яго за разважнасць, за прадпрымальнасць, за ўсё тое, што ў вялікім свеце называецца адным словам: клас.
Прытуліўшыся, бы ў найлепшыя гады маладосці, прагульвалася спадарства Біндзюкоў, наведвалі знаёмых, разглядалі актуальныя напрамкі гранітнай архітэктуры. Завандравалі амаль пад капліцу. Усё-такі нейкая сіла спыняла іх, клікала. Мімаходзь вярталіся на гэтае — яшчэ не сваё, а ўжо і нечужое месца. Асцярожна, каб не перасяліцца без пары на другі бок, заглядалі ў бетонную яму. Унізе, на гліністай мяжы паміж двума светамі, паблісквала жоўтым вокам калюжына.
— Але памятай, я буду зверху, — ад думкі, што давядзецца калі-небудзь класціся ў гліністую мазь, Біндзючысе зрабілася няёмка.
— Зверху-то буду я, даражэнькая, — запярэчыў інструктар. — Не на тое чалавек стараўся ўсё жыццё, каб пасля смерці нейкія бабскія маслакі тапталі яго ў балота.