Выбрать главу

Апошняе не сказаў ён уголас, бо і навошта выклікаць ліхое, асабліва на парозе новага жыцця...

— Ой, не гневайся. Я ж жартавала. Яно вядома: хто першы, той знізу будзе. Лёс вырашыць.

— А прычым тут лёс? Я зверху, і так мае быць! І канец дыскусіі.

Інструктар зацяўся. У такіх выпадках усякае лагічнае тлумачэнне — зусім лішняе, і жонка, ведаючы пра гэта, адступілася.

Калі б не тое месца, калі б іншае сцэнічнае афармленне, справа, магчыма, скончылася б нічым. Тут аднак, хто ведае — ці не апошняя нагода раз прынамсі паказаць сябе? І Біндзючыха паказала.

— Думай, што хочаш, а я пад табою і так ляжаць не буду!

— Не будзеш?!

— Не. Твая віна — лягай знізу. А віна твая і твайго гультайства. Нават найлепшыя твае калегі гаварылі: месца гультаёў — тут!

— Калі ўжо дакладна, то не калегі, а тыя кучаравыя засранцы! Трымайся фактаў. Яны, во, будучыню нам рыхтуюць! — Біндзюк кіўнуў на бетонны дол. — А ты памятай: усё магу сцярпець, а ілгунства — не!

Інструктар Біндзюк казаў праўду. З яго чалавечых слабасцей менавіта ілгунства было яму чужое і зусім агіднае. Ён ніколі б і не падумаў, што жанчына, якой аддаў трыццаць год свайго жыцця, свядома размінецца з праўдай! Яма, якою так цешыўся ў апошнія дні, здалася раптам чымсьці сумным і непатрэбным. Падсвядома здагадваўся, што жонка ўсё-такі застанецца пры сваім. Як жа тады класціся на ўсю вечнасць з кабетай, якая не табе верыць, а іншым — нейкім кучаравым, без гісторыі і без традыцыі?!

— Ну, тады шукай сабе асобнае месца! — не думаў нават, што калісьці давядзецца сказаць такія словы! Непрадказальнае бывае ж жыццё!

Была гэта апошняя гутарка паміж Біндзюкамі адзін на адзін. Далей размаўлялі з дапамогай суддзяў і адвакатаў, а перш за ўсё пракліналі Партыю кучаравых, якая варварскім спосабам разбурыла яшчэ адзін асноўны грамадскі твор.

Югаславія

— А заўтра тут будзе Югаславія, — адвакат Нязгула склаў прачытаную газету, зручней уціснуўся ў старое крэсла і знерухомелым вокам упіўся ў столь.

— Езус-Марыя! — войкнула пані Анельця і таксама ж прабегла вачыма за позіркам пана адваката. Можа спадзявалася ўгледзець там сербскія самалёты, як у зграбным, сталёва-алюмініевым страю, запоўніўшы неба злавесным гулам, спяшаюць бамбіць збунтаванае Косава? А можа пасыплюцца са столі брудныя, непаголеныя парашутысты, каб з дзікім крыкам уварвацца ў пакой і раз яшчэ дашчэнту знішчыць збудаваную цяжкай працай сякую-такую стабілізацыю гэтага дома?!

Аднак ніякія дантаўскія сцэны не парушалі спакой на белай роўнядзі. Праўда, можна было прыкмеціць нейкі рух, нервовую мітусню, аднак усё, што адбывалася там, адбывалася не па мілітарных прычынах, а па чыста біялагічных: муха ўзлазіла на муху, праяўляючы неабвержную цягу да прадаўжэння крылатага роду. Можна такое рабіць, час ад часу нават трэба, аднак трэба ж ведаць і месца, і час, не гаворачы ўжо пра павагу да гаспадароў. У другім выпадку вынік можа аказацца зусім нязгодным з ранейшымі намерамі. І тут вось непрыстойнымі паводзінамі мушыная пара падпісала сабе смяротны прыгавор. Сэрца пані Анельці, добрае і чуллівае, выхаванае ў прыстойнай хрысціянскай сям’і, не магло сцярпець такую яўную парнаграфію, і рука, ідучы за голасам гэтага сэрца, схапіла прачытаную газету і ляснула ёю ў столь. Ад мух засталося тое, што застаецца ад жыхароў харвацкіх і мусульманскіх вёсак пасля сербскага пераходу. Скасаваўшы распусту ў самым яе зачатку, пані Анельця пасвятлела, папрыгажэла, памаладзела на гадоў ці не дзесяць і, ганарыста выпінаючы грудзі, паплыла ў гардэроб падрыхтаваць пану адвакату яго святочны касцюм. Такія былі нядзельныя раніцы. Пані Анельця рыхтавала касцюм, пан адвакат апранаў яго і Трэцямайскай вуліцай маршыраваў на сустрэчу з Усявышнім. Мінаючы базар, сплёўваў тры разы ў бок натоўпу, які замест таго, каб аддавацца духоўным раскошам, мітусіцца сярод малых, цялесных справаў.

Чым пан Нязгула жыў у будзённыя дні — цяжка здагадацца. Вядома толькі, што адвакацкай практыкай не займаўся. Свабодныя хвіліны ахвяраваў палітычнай дзейнасці, удастойваючы сваёй асобай шэрагі нейкай маленькай правай партыі. Пра палітыку ведаў тое, што і іншыя грамадзяне нашай краіны, гэта значыць — усё.

Тым часам пані Анельця справілася са святочным гардэробам. Ачышчаны ад найменшай пылінкі пінжак спачыў на спінцы крэсла, там жа знайшлі сабе месца і нагавіцы, а з кашуляй, адпрасаванай і свежай, пані Анельця паявілася перад абліччам свайго дабрадзея. Пан Неўдалота сядзеў у крэсле так, як раней мы яго тут пакінулі, і толькі замест столі зноўку глядзеў у злавесную газету.