Выбрать главу

— Каторая гадзіна? — спытаў незнаёмы голас, калі пан Марцін павярнуў з вуліцы Першай Брыгады на вуліцу Першай Арміі. Гэтая першаармейская вуліца перажывала якраз доўгі і цяжкі заняпад — яе асвятляюць толькі ў выхадныя дні. Калі ў звычайны, будзённы вечар, на вуліцы Першай Арміі гжэчна спытаюць вас: “Каторая гадзіна?” — не хітрыце, што вы слаба бачыце або — што гадзіннік застаўся якраз дома, і не клічце на дапамогу выпадковых прахожых. Усё тут мае свой парадак: Богу — боскае, кесару — кесарава, а жулікам — ваш гадзіннік.

А потым можаце ісці ў паліцыю.

— Мне ўкралі гадзіннік і я дамагаюся, каб вы гэты гадзіннік зараз жа знайшлі! — запатрабаваў пан Марцін Ціхапук, выклікаючы бязмежнае здзіўленне на твары вусатага сяржанта. Сяржант, не зусім давяраючы сваім вушам, паклікаў другога сяржанта і цяпер яны, удвая большымі сіламі, стараліся зразумець, чаму гэты незнаёмы чалавек парушае іхні, гарантаваны сяржанцкай канстытуцыяй, час сузірання і задумы. Памылкі, аказваецца, не было. У чалавека фактычна спёрлі гадзіннік і ён дамагаецца, каб дзяржаўная паліцыя зрабіла сваю чорную работу.

Калі б гаворка ішла пра “Форд”, “Мерседэс” ці нейкую іншую машыну, тады кожны паліцэйскі ведаў бы, як выканаць сваю прафесійную місію. “З-за невыяўлення...” справа ідзе пад сукно, і ўсё ў найлепшым парадку. “Мерседэс” не жонка, якую ўкрадзе невядома хто, дзе і калі, а цераз тыдзень звоняць вам з гатэля “Грант” і пытаюць: “Высокая бландзінка ў зялёнай сукенцы — ці не ваша ўласнасць?”

Быў на нашай вуліцы пан Сарока. Адны госці ад’язджалі, іншыя займалі іхняе месца. Словам, чалавек ён быў гасцінны. І вось, аднойчы гасцяваў у пана Сарокі добры сябрук. Тыдзень гасцяваў, аж ноччу сеў у машыну і паехаў, забыўшыся высадзіць з багажніка чароўную гаспадыню. Пан Сарока праплакаў адзін дзень, і другі, а на трэці дзень папрасіў у госці панну Анелю, і яшчэ тры дні яны плакалі ўдваіх, аж шостага дня вярнулася законная гаспадыня і на тры галасы заплакалі ад шчасця. А потым, уцякаючы ад маламестачковага каўтуна, пераехалі ў Беласток, дзе ўтраіх шчасліва жывуць. А ці доўга — час пакажа.

А “Мерседэсы” не вяртаюцца. Шукаць “Мерседэс” — тое ж, што шукаць легендарны келіх Граал. Лішняя турбота.

А з гадзіннікамі цалкам іншая справа, не на колах яны і — хто ведае — мо калісьці, у будучыні, пры нечаканай ды спрыяльнай нагодзе, выявіцца хранометр фірмы “Патэк”, прыдаючы паліцыі бляск і славу.

Вуліца Добрай Надзеі

Генезіс

Ёсць у гарадах вуліцы ахвяраваныя Дзяржынскім і Антыдзяржынскім, імператарам і камісарам, магнатам і пралетарыям. Ёсць вуліцы мучанікаў гісторыі і яе блазнаў.

Лёс такіх вуліц на добрае і благое сплятаецца з ідэалагічнымі шляхамі вашай дзяржавы. Бо дзяржавам здараецца звярнуць направа або налева, рухацца наперад або назад, а вуліцы абавязаны загадзя прадбачыць усе нечаканыя эвалюцыі і рэвалюцыі ды паспяхова справіцца з актуальнымі патрабаваннямі гісторыі.

Наша вуліца жыве сваім жыццём. Ні ідэалагічныя хістанні, ні палітычныя катаклізмы не прымушаюць яе мяняць імя ці пераапранацца ў чужыя транты. Вуліца Добрай Надзеі — так было, так ёсць і будзе.

Калі ў хаатычнай вандроўцы цераз свет і жыццё давядзецца вам зачапіцца і за наш парог, не здзіўляйцеся, адкуль такая арыгінальная, амаль паэтычная назва. Паэтаў у нас шмат, можна нават сказаць, што мы проста не людзі, а чыстая, жывая паэзія. Значыць — не здзіўляйцеся. Пытайце. І калі лёс паставіць на вашай сцежцы цётку Варвару, усім праваднікам правадніка, значыць — вы шчаслівыя людзі. Вышэйшая сіла пасяліла цётку Варвару на самым пачатку нашай вуліцы, загадала вартаваць, прынамсі, восем гадзін у дзень, з падбародкам на штыкецінах брамачкі, ды ніколі не кіравацца прынцыпам “мая хата з краю”. Нават калі б тая хата была і сапраўды самай крайняй.

Людзі ў горадзе нічога наогул пра сябе не ведаюць. Спытайце вось першага сустрэчнага чалавека, кудою дабрацца на базар, на вакзал ці ў другое любое месца і чалавек гэты, зусім выпадковы і чужы, набок адставіць прыватныя клопаты, дэталёва растлумачыць усе магчымыя падыходы, а мабыць, калі адыдзеце, адчакае хвіліну, наглядаючы над правільным развіццём вашага маршруту.