Выбрать главу

Час вылузвае чалавека з кароткіх штонікаў і забівае яго ў доўгія нагавіцы ды ў яшчэ даўжэйшы ланцуг штодзённых клопатаў. Пеця і Сенік не стрэліся на паднебных шляхах. Напароліся на сябе пад брамай фабрыкі, якую ў мастэчку называлі папросту тартак, а потым сустракаліся там ужо заўсёды. Пасля працы ішлі ў бар “Экспрэс”, выпівалі два-тры піва, чарачку гарэлкі. А часам, у дні, калі іхніх жанчын асабліва даймаў свет, і калі жанчыны без лішняй цырымоніі адплачвалі свету той жа манетай, у такія вось дні чарачка ператваралася ў бутэльку, а важныя мужчынскія гутаркі зацягваліся да глыбокай ночы.

Колька паехаў у далёкі свет і пра яго тут забылі, тым болей, што мы ўсе паспелі жаніцца і ва ўсіх нашых жанчын час ад часу здараліся благія хвіліны.

*

Вясна выпаўзла з пушчы белымі стужкамі анемонаў, разлілася фіялетавымі пралескамі, дзьмухнула цёплым, шаўкавістым ветрам, і нас, закарузлых у зімовым здранцвенні, пацягнула на гурнянскія лугі. Не шмат засталося з прызабытага дзяцінства. Палі, якія пачыналіся амаль з Вжасовай вуліцы і ператвараліся ў заліўныя лугі, у хісткія балоты ды, абмінаючы крутымі сцежкамі Старую Юдзянку, беглі дзесьці прад Барок, пад Пасечнікі, пад Пярэева, цяпер там і сям зарасталі мураванымі дамамі. На панадворках, бы экзатычная птушка ў клетцы, раскладала крылы роўненька падстрыжаная трава.

— Жыццё прыгожае, — як відавочны доказ банальнаму ўсё ж такі сцвярджэнню, Гжэсь расклаў здабытую на цесцях каўбасу. Сядзелі мы ва ўтульным закавулку за Старою Юдзянкаю і гулялі ў карты, папівалі цёплае піва, разважалі пра беспрацоўе, якое ў мястэчку пашыралася, бы інфекцыйная хвароба, не абмінаючы і нашай кампаніі. Дзень памаленьку хіліўся на захад. Верабей, што прысеў у цяністым нутры ляшчыны, задрамаў ад няма чаго рабіць і, страціўшы раўнавагу, шлёпнуўся на сухую траву. Падхапіўся засаромлены, паправіў дзюбаю ўскудлачаныя пёркі, разглянуўся і, супакоены нашай абыякавасцю, вярнуўся ў ляшчынавы цень.

— А да мяне зноў цёшча звалілася, — сказаў Сенік.

Хлопцы кіўнулі галовамі ў знак, што ўсё разумеюць і спачуваюць, аднак выказвацца ўслых нікому не хацелася. Стомленыя цяплотаю, півам і картамі, драмалі.

Сонную цішыню парушыў далікатны шоргат, затым працяглы свіст паветра, быццам не верабей ужо, а нейкая большая птушка звалілася на зямлю. Хаця не хаця паднялі мы галовы. Атрасаючы з пінжака нябачны пыл, стаяў перад намі Колька. Стаяў і ўсміхаўся.

— А ты тут адкуль? — Пеця падняўся, прысеў на кукішкі.

— Прыляцеў. Адтуль во, — Колька паказаў на чыстае неба.

— Як гэта — прыляцеў? — цяпер і мы адзін за адным выпаўзалі з сухое травы, падыходзілі да яго бліжэй.

— Звычайна, прыляцеў і ўсё. Абяцаў жа...

— Значыць, што? Гоп-гоп, падскочыў і прыляцеў?

— Ага. Не адразу, вядома. Доўгія гады цяжкай працы былі. Не веры-це, га?

Мы, праўда, не давяралі Колікавым словам. Ён хіба і здагадаўся. Таму, узяўшы салідны разбег, падскочыў раз і яшчэ раз, раскінуў шырока далоні, левай нагою адштурхнуўся ад стоптанай травы і ўзняўся над нашымі галовамі. Зрабіў шырокі круг па-над лугам, над лесам, накіраваўся да мястэчка. За высокім комінам малачарні павярнуў направа, абляцеў купалы новай царквы, успырхнуў над чырвонымі дахамі надлясніцтва, над Вжасовай вуліцай, і вярнуўся.

— І як? — спыталі паружавелыя ад ветру ягоныя шчокі.

— Ну, нічога сабе, — пакруціў галавою Гжэсь.

— Значыць, лётаеш, — ні то спытаў, ні то пацвердзіў Пеця. Ён не глядзеў на Коліка. Сачыў за чымсьці ў высокай траве і, адшукаўшы, схапіў тое штосьці зубамі, змагаўся хвіліну з упартай матэрыяй капсулі, плюнуў і працягнуў Коліку сагрэтую на сонцы бутэльку. — За твой палёт! І за сустрэчу.

— Дзякуй. Але — самі разумееце, калі лётаю — не п’ю. Нават піва. А зрэшты, — паглядзеў у неба. — Позна ўжо. І на вецер паказвае. Дзьмухне — не паляціш. Упоцемкі таксама ж...

Мы маўчалі. Бываюць людзі, якіх сустракаеш штодзённа і нагаварыцца з імі не паспееш. Бываюць і другія, стрэнеш такога раз у гадоў дзесяць і адно, што табе прыходзіць на думку, — гэта маўчанне.

— Ну, хлопцы, мне пара. Справы чакаюць, — як і раней узяў ён шпаркі разбег, адштурхнуўся, праз хвіліну бачылі мы на фоне чыстага неба яркі зялёны пункт, а потым зелень Колікавага пінжака злілася з маёвым блакітам і знікла.

— Паляцеў, — Гжэсь сказаў тое, што і так усім было вядома.

— І х..й з ім, — груба падсумаваў Сенік.

— Вось табе і лётчык. Ветру баіцца, цемры баіцца, піва баіцца. — Пеця ўліваў у сябе апошнюю бутэльку. Па-над гладкай кругласцю цёмна-карычневага шкла, паглядаў у пустое неба. А можа так толькі, для зручнасці, дзеля спраўнейшага апаражнення сагрэтай на сонцы пляшкі, адкінуў назад галаву ды зусім і не сачыў за лётчыкам у зялёным пінжаку?