Выбрать главу

Раніца прывітала нашага дырэктара халоднымі, марознымі воплескамі. Асцярожна, каб не пакаўзнуцца, спусціўся па лесвіцы, прайшоў ля помніка ўсім міліцыянтам і паліцыянтам і, мінуўшы скрыжаванне, накіраваўся на вуліцу Баторыя. Туды, дзе з за ліпавых прысадаў белымі, не так даўно адноўленымі тынкамі яснее знаёмы блёк. Мінаючы нешматлікіх прахожых, мімавольна апускаў галаву, глядзеў у другі бок, у тратуар. Здавалася чамусьці, што ўсе напатканыя людзі, калі не ведаюць, дык прынамсі здагадваюцца пра ягоную ганьбу і, адышоўшы крок ці два, іранічна ўсміхаюцца, цешацца ў думках чужой бядзе, а потым, ужо ў цёплых кватэрах расказваюць жонкам, як гэта такі вось дырэктар брыў раніцою з камісарыята паліцыі непаголены, брудны і змораны. І тыцкаюць пад жончыны насы свае бліскучыя, пульхныя шчокі, каб не было ніякіх сумненняў, хто тут чалавек прыстойны, а хто апошні маральны анучнік.

Так вось ішоў Толік, бы маладая паненка, калі пасля ўсяночнай гульні, пасля вясёлых хіхаў і хахаў, неадкладна даводзіцца ёй ступаць супроць чорнай рэчаіснасці. І з кожным крокам курчыцца весялосць, а самаўпэўненасць, з вечара неабмежаваная, цяпер ператвараецца ў вялікае сумненне: што будзе далей і — што мама скажа.

Пра сустрэчу з маці наш дырэктар напэўна не думаў — яна ж даўно між анёлаў ужо і зрэдку толькі наглядае за сынавымі поспехамі. Ён думаў пра сустрэчу з жонкай.

Уцякаючы ад лістападаўскага холаду, дырэктарская рука напаролася на штосьці незнаёмае. Там, у цёплай глыбіні кішэні, як доказ прамантачанаму дзявоцтву, спачываў рахунак за гасцініцу. Думка, што гэты непрыкметны шматок паперы паглыне трэцюю частку жончынай выплаты, цяжкім, свінцовым холадам паплыла ў ногі. Як жа хацелася, каб дарога дамоў расцягнулася ў бясконцасць, каб так было, што чалавеку нікуды не трэба вяртацца, а толькі ісці ды ісці, без патрэбы, без мэты.

Недарэчнае жаданне. Даўно абмералі нашу зямлю, а кожны яе лапік, сантыметр за сантыметрам, запісалі ў адпаведных кнігах бяздушныя бухгалтары прасторы.

Ступай, Толік, на сваю галгофу. Альтэрнатывы няма.

5

Шчаслівыя здарэнні сунуцца ў свет адзінока і найчасцей абмінаюць твой дом. А калі час ад часу здарыцца нейкі прыязны грукат у дзверы, зрываешся з канапы, бяжыш, адчыняеш і — аказваецца — не табе стукаюць, а суседу! І як ні стараешся, не можаш зразумець: чым гэты непрыкметны чалавек з за сцяны заслужыў такі гонар? А благія здарэнні заўжды маршыруюць парамі і з блытаніны мільёнаў адрасоў твой якраз вылузваюць беспамылкова.

— Я здаюся, — сказала пані Рубель, перачытаўшы законнае пасведчанне, у якім ясна гаварылася, што яе муж, грамадзянін Анатоль Рубель, апошнюю ноч правёў не ў абдымках распуснай, бліжэй неакрэсленай палюбоўніцы, а пад чуйным вокам улады. Суцяшэнне невялікае, але ўсё-такі суцяшэнне. І, можа, каўкнулася б горкая пілюлька, калі б не той рахунак.

— Я здаюся. Адыходжу. — Яна пералічыла прамантачаную мужам суму, дадала і той сціплы, але ж зусім легальны, згодна з планам прагуляны рэпрэзентацыйны фонд, і ўсё, што атрымалася, падказвала такі вось выхад. Выхад у дзверы.

Дырэктар ляжаў на канапе. Душа голасам ціхім і нясмелым прапанавала падняцца, падысці да жонкі, абняць, прасіць даравання. Аднак гэты разумны загад душы не быў выслуханы. Целу — асабліва пасля сустрэчы з цвёрдымі паліцэйскімі нарамі — было цяпер вельмі добра. Яно аддыхвалася, усоўвалася ў знаёмую мяккасць падушкі, лашчылася да цёплай коўдры, нашэптвала пяшчотныя словы беламу, як снег, прасцірадлу.

Тым часам вопратка пані Рубель няспынным ручайком перамяшчалася з шафы ў падарожныя чамаданы. І кожная сукенка, кожная блузачка, кожны швэдрык, знікаючы ў чорнай пашчы чамадана, пакідалі на дырэктаравай душы балючы шрам. Душа, ашаломленая зручным становішчам цела, захліпала, заплакала і — заснула.

Калі разбудзілася, нейкія чужыя людзі выносілі з кватэры шафу. Стэлаж, дзе пад бокам рамансаў і дэтэктываў знаходзіў прыстанішча багаты архіў фірмы “EXPO-Anatol”, паспеў, відаць, перасяліцца на новае жытло ўжо раней. У месцы, дзе стаяў ён, засталася белая пляма падлогі. На гэтай пляме, бы раз’еханая варона, раскінуўшы чорныя крылы, спачываў дыпламат. Лісты паперы разляцеліся кожны ў свой бок, на складаных вылічэннях, на бізнес-планах бруднымі пячаткамі ганьбы адціснуліся чаравікі грузчыкаў.

Людзі з шафай пайшлі ўжо, і дырэктар застаўся сам, адзін. Кватэра, пазбаўленая мэблі, здалася цяпер ненатуральна вялікай. З гэтай раптоўна пашыранай прасторы выпаўзала-разрасталася глухая самота. Запаўняла кухню, пакоі, калідор, быццам бы старалася даказаць пану Рубелю, што апроч яго не астаўся ў свеце жывы чалавек.