Выбрать главу

Юрась Нераток

Фотаальбом

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Нераток Ю. ФОТААЛЬБОМ. Вершы/Ю. Нераток. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2003, – 80с.

ISBN 985-464-487-1

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

БЕЛАРУСАМ
Пакуль здрабняем на зямным абрусе мы маналіт мінулага на друз, не згасне сонейка над Беларуссю! …Але ці ведае яно пра Беларусь?
Пакуль рунее жытняя палоска, і пожню сцеражэ саломы стог, нас не пакіне міласэрнасць Боска! …Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў, пакуль нашчадкаў досвітак глядзім, нас не звязе ў нябыт Харона лодка! …Але ці трэба гэта нам самім?
АД БЕЛАРУСАЎ
Бяззорней – лёс, імклівей – час. Той б’е ў званы, той джалам круціць. Чаго вы хочаце ад нас? Ваду навошта каламуціць?
Навошта нас цягнуць у яр? Вы хто? Калі ўжо разабрацца – нашчадкі шляхціцаў, баяр, ліцвінаў-вояў і казацтва.
А нам што веча, што статут, што дзіды, што мячы, што шаблі. Спрадвеку мучымся мы тут, а зброя наша – плуг ды граблі.
Не трэба вабіць барацьбой, і спакушаць не трэба раем! Вы паваюйце між сабой – мы, як заўжды, перачакаем.
КПЛІВАЕ ПРЫЗНАННЕ
Люблю цябе, народ мой памяркоўны, за твой працоўны сверб і нораў роўны; за тое, што ў сабе, як струк гароху, што цягнеш воз свой ды крадзеш патроху; за тое, што начальства паважаеш, на здзекі і насмешкі не зважаеш; за звычку, што характар твой стварае: каб хатка між людзей, а хлеўчык з краю; за простую, як ношка сена, сутнасць, за тое, што ты супраць тых, хто “супраць”; за тое, што і ў слова, і ў паперку ты верыш, як яны ад тых, хто зверху; за тое, што ты за сябе хітрэйшы – што ты не беларускі, а тутэйшы.
ТАЛЕРАНТНАМУ
Ты сёння маеш выгляд млосны: сядзіш пакрыўджаны і злосны і зразумець не можаш сам, за што цябе пакрыўдзіў хам.
Ты нарадзіўся не заўчора і ведаеш: бяда – не гора. То лепш бы плечы распрастаў і адхвастаў, каб той не ўстаў.
А не – гімнастыка такая: сціскай далонь, калі пустая. За горла ўзяць – не за гужы, бо ён жа – пан, а ты – мужык.
Таму ты будзеш ногці грызці, пакуль нарэшце знойдзеш “выйсце”: у клетку шуснеш, быццам трус. А як інакш? – ты ж беларус.
ХВАРЭЮ
Пасляпрацоўны цёмны час. Упёрлася ў тралейбус нас, лічы, Мамая войска. Дыхнуўшы ў твар мне тым, што піў, мужык спытаў, як цвік забіў: – Я еду ў бок Лагойска?
– У тым напрамку. – З працы прэш? І плацяць трохі ўрэшце рэшт? – А ну іх! Больш чакаем… – А што ж ясі? – Ды штосьці ем… – А ў цэлым як? – Ну як? Жывем. А хто памрэ – хаваем.
Відаць, недаспадобы быў яму нудотны мой матыў, i ад жыццёвай прозы зноў збiў мяне знянацку ён на свой экстравагантны тон: – А ты чаму цвярозы?
Ён па-блазнерску падміргнуў і іранічна працягнуў: – Ну, я з цябе дурэю! І, як перад сабой самім, я апраўдаўся перад ім: – Хварэю я, хварэю…