Выбрать главу
Ветру што? – ён чужы беспрытульны бядак: што слупы – што крыжы, што бялізна – што сцяг.
Разграбае, як звер, і шпурляе наўкол хлам бязглуздых хімер і ашмоцце радкоў.
Што яму? – ён ляціць то наўскос, то наўздоўж! …Раптам вецер прыціх – астудзіў яго дождж.
БЯССНЕЖНАСЦЬ
Нежылымі здаюцца дамы, а паветра – са смакам хурмы. Пасля досыць лагоднай зімы ўсё ў адчайным экзальце. Самаўпэўнены выгляд цяпер выклікае ў душы недавер. Вецер рвецца, як спуджаны звер, па астылым асфальце.
І трасуцца тужліва кусты, і грукоча тралейбус пусты, і абгорткі ляцяць, як лісты, – ды няма адрасата. Не такі, каб замерзнуць, мароз, хоць пранізвае сівер наскрозь і гудзіць, як нацягнуты трос, у рэжыме “легата”.
Дрэваў стромкіх пастрыжаны строй, быццам спынены сілаю злой. І калючае неба імглой занавесіла сонца. Паміж мной і Сусветам – сцяна.
Я не веру, што хутка вясна, хоць навокал бясснежнасць. Яна мне здаецца бясконцай.
ТУМАНЫ
Туманы на белым свеце, туманы – не праб’е іх чалавечы слабы зрок. І хаця няма ні міру, ні вайны, рызыкоўны кожны рух і кожны крок.
Туманы на белым свеце, туманы. Ды такія, што сваіх не бачыш ног! І нервуюцца, трывожацца званы, і над марнасцю надзей смяецца Бог.
Туманы на белым свеце, туманы… Толькі ветру хопіць моцы іх сагнаць. Але ён вітае дзесьці ў вышыні і пра тое, што мы ёсць, не хоча знаць.
Туманы на белым свеце – смутак мой. Тут бялёса-шэры колер – уладар. Пераход паміж жабрацтвам і турмой сярод лёгшых на зямлю вільготных хмар.
Туманы… А ўсё астатняе – міраж. І куды іду – паспеў ужо забыць. Невядома, ці было калі інакш, ды здаецца мне – інакш павінна быць!
Туманы, як слёзы, засцяць вочы мне. Сэнс згубілі і эпохі, і часы. …Можа, сонейка нарэшце адпачне – і заззяюць яны кроплямі расы.
МАЯ ВЁСКА
Мая вёска, мае Хадакі, вы глядзіце ў чатыры бакі. Толькі сонца зімою і летам устае і садзіцца за лесам. І да восені з цёплай вясны гнёзды ладзяць на стрэхах буслы.
Мая вёска, мае Хадакі, праляцелі над вамі вякі. Толькі злыдням-чужынцам параю: не чапайце вы нашага краю! Тут народ працавіты, сялянскі, а як што – баявы, партызанскі.
Мая вёска, мае Хадакі, хай над вамі гучыць смех людскі. Нараджаюцца хай пакаленні, хай бароняць крыжы іх і цені тых, хто жыў тут, а потым – і нашы: крыкам ластавак з сенцаў паддашша.
Мая вёска, мае Хадакі. Вы прабачце, што я вось такі: што нядоўга, нячаста бываю – можа здацца, што вас забываю… Але верце, як роднаму сыну: я вас помню любую хвіліну.
Мая вёска, мае Хадакі! Тут шчыруюць мае землякі. Бульба, сена, каровы і гусі, як паўсюль на маёй Беларусі. Але дзе б ні вялі мяне ногі – не забуду да вас я дарогі.