ГІБЕЕ ВЁСКА…
Гібее вёска на картоплях…
Я ведаю: цягнуся зноў
у край тарфоў і хмызнякоў
укласці поту свайго кроплю.
Удалы я – і не зняважу
сваёй работай гарадскіх!
Што зробіш? – многа нас такіх,
што на асфальт змянялі сажу…
Шыбую ў красамоўнай робе.
Хто? Чый? Адкуль? – даюць адказ
напорысты вусаты фас
і хітры лысаваты профіль.
Гні спіну і грабі-шчыруй…
Няхай міне прастрэлу куля!
…Ды лясне бульба, не гаруй,
Ягораўна – мая матуля!
РАЧКАВАННЕ
“Знаёмае вам слова? Спачуваю.
А нетутэйшым гэтак гавару:
ёсць завядзёнка дзіўная такая –
заўсёды ў вераснёўскую пару
на бульбу каларадскімі жукамі
з кашамі і капачкамі хадзіць,
а там перабіраць яе рукамі,
а ўвечары мяхі канём вазіць.
Дзяўбе зямлю рупліва, борзда, дбайна
ўвесь люд ад бабылёў да шкаляроў.
Навошта нам буржуйскія камбайны?
І так кіпіць работа – будзь здароў!
Дождж, вецер, пыл, парэпаныя рукі,
у спіну – лом, пясок – у валасы…
Глыні нагбом сялянскай той навукі
і ёлкім салам хвацка закусі!”
…Так я нудзеў суседу ў электрычцы,
які таксама ехаў рачкаваць.
Ён пагадзіўся: “Ёсць такая звычка.
Затое ўмеем хораша спяваць!”
ТРЫЗНА
Пад страхой ржавеюць вілы,
сохне хілая вярба,
вянуць кветкі ля магілы –
з той нагоды і гульба.
Узгарыцца часам сварка –
што там воля і турма!
“Будзе скварка – будзе чарка…”
Толькі скваркі век няма.
Вепручка здалі за грошы –
павуцінне засціць хлеў,
мухі поўзаюць, як вошы.
А сабака – акалеў.
Пудзіла з падранай майкі,
заваліўся драхлы плот,
з-пад курэй суседскіх яйкі
крадзе зноў блыхасты кот.
Развіднее – будзе цяжка,
спахмурнее – весялей.
Пагудзі, пакуль ёсць пляшка,
а скапыцішся – сатлей!
Робіцца прывычнай цемрадзь,
глухнуць срэбныя званы…
А якому Богу верыць
у эпоху Сатаны?
Я ВЫЙШАЎ НА ДВОР
Запальнічку – к цыгарэце:
зацягнуся ўсмак…
Уладарыць ціша ў свеце,
пустата ў мазгах.
Незнарок дзвярыма стукну,
чмыхну на хаду,
па цэментавых прыступках
басанож сыду.
Нечакана працяло
ветрам спіначку –
холад здзьмуў з мяне цяпло
за хвіліначку!
Час для злодзейскай работы:
вёска дрэмле ўся…
Прыладкуюся да плота
і агледжуся.
Комін спадцішка ўлавіў
рогі месяца.
І сабака дзіка ўзвыў –
хтось павесіцца!
Закрахталі хорам жабы
песню шлюбную…
І навошта ўстаў з канапы
ў ночку згубную?!
Зорку небасхіл шпурнуў
куляй трапнаю…
Разарвалі цішыню
рыкі трактара:
ашалелы “Беларус”
з “п’яным вожыкам”
успароў начны абрус
фарным ножыкам!