Эх, рыцары падробачна-пладовыя!
Усім, пакуль надрыў мой не абрыд,
дам званне “Ветэран Перабудовы” я.
Паэтам (у дадатак) – “Інвалід”.
Няхай ваююць на Зямлі і мірацца,
там рысу, там бананаў не стае…
Іх – процьма, і рады суполкі шырацца.
Душа за іх баліць: яны – свае.
Ах, Беларусь мая ты мутнавокая!
Пакінуў Бог сыноў тваіх, дачок…
Яны варон лічылі між аблокамі,
калі ім падмянілі “Крыжачок”…
ТУГА ГАДОЎ
Ноч праляціць савой,
бязладным будзе ранне.
Гудзенне ў галаве,
а значыць – пуста ў ёй.
Гаркаваю травой –
звычайнае сняданне,
а іней на траве –
сусветнаю журбой.
Стрыптызам таямніц
разбэрсаны паперы:
няма кахання ў іх,
а веры – пагатоў.
Пад стромкі скрып масніц
лёс стукаецца ў дзверы,
гагоча: “Што прыціх? –
Туга! Туга гадоў…”
НА ДЗЯДЫ
Прыйшлі нашчадкі на магілы продкаў.
Усклалі кветкі, лісце падмялі.
Льюць успаміны разам з “Русской водкой”
пра блізкіх, што ў зямлю сышлі з Зямлi.
Успамінаюць цёпла, немаркотна
дасціпна…
…А ці так было ці не?…
І хтосьці ўжо смяецца бесклапотна,
а хтосьці ўспомнiў клопаты свае.
Час загаiў iх смутак невылечны.
І кожны разумее ў глыбіні,
што сам ён, пэўна, не такі ўжо вечны,
як помнікаў гранітных камяні.
А тыя, хто сышоў, не наракаюць.
Іх душы церпяць: што рабіць? – радня!
І жвавымі вавёркамі чакаюць,
калі заціхне гэта мітусня.
ПЕРАХОДНЫ ЎЗРОСТ
Гасцей – не так, каб і багата.
Хоць джынсы цёртыя надзень!
Бо для мяне такое свята,
як для мінтая – рыбны дзень.
Без праўды – млосна, з праўдай – посна,
і факт любы – не адкрыццё…
Ужо, здаецца, марыць позна
і марна – планаваць жыццё.
Яшчэ, здаецца, хопіць сілы,
каб адбівацца ад няўдач.
Пакуль далёка да магілы,
хоць крылы распрастаў крумкач.
Ужо няёмка ў бойку лезці,
ды сорамна падціснуць хвост.
І маладосць, і старасць – дзесьці…
Няйначай, пераходны ўзрост!
Падводзіць вынікі – заўчасна,
рабіць высновы – сэнс які?
Як бы ўскараскаўся на прасла –
і ногі ў розныя бакі!
Віно ці воцат, пыл ці порах?
Звон ці ныццё, смоўж ці пчала?
…Я адзначаю сёння сорак.
Час падавацца да стала…
ЗЛОСЦЬ
Не стрымаць мне настрою злога:
мне б гранату ці аўтамат!
Людзі-людзі, што ж вас так многа?
Людзі-людзі, што ж вас так шмат?!
Бессэнсоўныя вашы размовы,
вочы колюць, як вірлакі.
Раўнадушныя вы, як каровы,
і драпежныя, як ваўкі.
Ваш паток льецца бруднай рэчкай –
я паўзу, як мурашка ў рукаў.
…Неяк дурань адзін са свечкай
сярод вас чалавека шукаў.
Вы чапляецеся плячыма
альбо сумкамі за мяне…
Вас цярпець ужо немагчыма –
зараз злосць цераз край ліне!
Што чакаць ад вас, аднадзёнак?
І адкуль вы? І хто вы ёсць?!
…Раптам позірк адкрыты – дзіцёнак…
І згарае, не ўспыхнуўшы, злосць.