Выбрать главу
АСАЦЫЯЦЫІ ПАСЛЯ МIТЫНГУ
Дзяўбуць, што нібы ўсё ідзе на лад. Ды не заўсёды зроку можна верыць: усё, што за акном, плыве наперад, калі састаў кранаецца назад… ........................... Паказваюць у кадры аднаго, тлумачаць, што ён дрэнны, адыёзны. Валтузіць вецер валасы яго. Ён штось крычыць настойліва, сур’ёзна.
А вось другі раскладвае пасьянс сваёй калодай – вынік прадказальны: для аднаго – адваяваны шанс, а для другога – гармідар вакзальны.
…Даўжэзная калона напрасцяк ідзе – і ёй праспект здаецца вузкім. Падтрымкай аднаму лунае сцяг. Другому ж ганьба – словам беларускiм.
Але для тых, хто дзень у хаце кіс ці корпаўся на дачы сярод градак, адзін – неўтаймаваны экстрэміст, другі – надзея, чэснасць і парадак.
…Хоць стома не пакінула вачэй, ды развялі два мужыкі бадзягу: – Што швэндацца, размахваючы сцягам?! – Яно-то так. Дубінкамi – ямчэй…
Скарочаны маршрут. Усё, шабаш. І разам выйсці прыйдзецца з салона – з раскладу выбiўся тралейбус наш, калі на мітынг крочыла калона…
СВАТАЎСТВО
І з нівай роднаю і з хатаю (як бы ў пасаг – каб сплавіць з рук) цябе, задрыпаную, сватае былы саўгасны палітрук.
І між хвалебнымі прамовамі на вуха сват табе вярзе: “Ён хустку купіць табе новую і з рынку пернік прывязе…”
І сват глядзіць з усмешкай строгаю! Калі ўсумнішся спакваля – ён тузане за косы доўгія ці дасць у рэбры кухталя.
“Ну што ж, як твар – чырвонай цэглаю? Ну што ж, калі была турма? Не трэба ўпарціцца, нягеглая! – і сподняга ў цябе няма!”
Жаніх стаіць і пасміхаецца, як над халопкаю барон. І перад сватам выстаўляецца, якім ёй мужам будзе ён. Што быць яму заўжды свабоднаму (і не пярэч, калі кірнуў!), што ён нядаўна брату зводнаму прыкладам сківіцу звярнуў, што гаспадарка – заняпалая, што дзеці з голаду крычаць…
…Ды і ў самога з ботаў ялавых анучы брудныя тырчаць…
Так і стаіш, істота, рабская – ці то ў паўсне, ці ў забыцці… Відаць, такая доля бабская: хто возьме – за таго ісці.
ВАЙНА ЦІ МІР
1
“Беларус” узрывае дзірван, птушкі ў лесе шчабечуць звонка. А ў вушах – бы крычыць груган – медыцынскае слова “зялёнка”.
Трэск бяздушны – ва ўсе бакі, перакрытыя праўды краны. Але слова “баевікі” успрымаецца, як “партызаны”.
Скарга праз апантаны свіст: “Крыўдзяць злыдні малыя большых!” Кулямётнай чаргой: “Тэрарыст!” А ідзе на ўспамін “падпольшчык”.
Каб пазбавіцца ад турбот, негалосна прапісаны лекі. Ёсць дыягназ: “Бандыцкі народ”, а дакладней – “недачалавекі”.
Хоць да самай драбніцы цярусь, атрымаюцца тыя ж “Итоги” – прад’яўляе мая Беларусь калькаваны чарцёж аналогій.