Выбрать главу
2
Адурэў ад унутраных здрад і душу даручыў аўтамату… Ты ўварваўся, “старэйшы брат”, з кулакамі ў чужую хату.
А ў той хаце бандыт сядзіць і спрабуе абараніцца. А яго спадзяецца дабіць, знішчыць хлопец з Чыты – “вызваліцель”.
Ёсць вайна ці няма вайны? Ды не вернеш ужо нічога тым, чые палеглі сыны за ганебную перамогу.
У ЦАРКВЕ
Скіну стому і развею нуду – нехрышчоны, да царквы забрыду. Разбазару грошай стос на хаду – у працягнутыя рукі ўкладу.
У царкоўнай крамцы свечку куплю, запальнічкаю яе падпалю, папалам з грахом грахі замалю…
Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю. Акунуся, бы сякера ў ваду, у малітваў і крыжоў чараду, і засмяглую душу наталю…
Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю! Тут усё – як і прадбачыў прарок. Правяць баль тут чыстаган і курок, тут заўжды наверсе той ліхадзей, які здолеў падмануць больш людзей.
У пашане той, хто можа забіць…
І нічога з гэтым нельга зрабіць! Немагчыма душы іх скалануць… Не вяртайся, Божы Сын, – зноў распнуць.
ЦЕМРА
Водбліск неба разбіў, і наслала ўздагон вераб’іная ноч сваю хеўру. …Адляцеў, як не быў, растрывожаны сон… І наткнуліся вочы на цемру.
Дождж не хлышча ракой, не скуголіць гайня, не шабашыць нячыстая сіла – толькі змрок і спакой, цемра і цішыня… Што ж за трасца мяне разбудзіла?
І не помню, што сніў. Ці жывы, ці памёр? Без дыхання і пульсу ляжу я… Хто ўвесь свет зачарніў, хто той злосны грымёр, што маю недалужнасць віжуе?
Ад жахлівай жарствы нечакана хрыплю… І кляну сваю псіхіку-сцерву! А па тым, што жывы, вызначаю, што сплю, – і глыбей акунаюся ў цемру.
ФОТААЛЬБОМ
Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі, душу мне прыкрасць наждаком скрабе… Разглядваю ў альбоме фотаздымкi: сягонняшні – мінулага сябе. Маркочуся, бы ўночы на вакзале,
чакаю, калі змрочны час міне: што мне мае адбіткі расказалі б, каб давялося ім сустрэць мяне?
Вось гэты хлопчык – босы, языкаты… (Такім не помню я сябе зусім!) …Даў лататы, напэўна б, ён дахаты – я рознюся ад тых, хто побач з ім.
А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы. (Ужо ў самога сын такі якраз!) Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым, на “вы” мне штось мармычучы у адказ.
А вось студэнт – нястрыманы і бойкі. “Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. – Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі? А хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?”
А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы. Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў… Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы? А як мужык – не надта паслабеў?”
Вось на рабоце я. Ды іранічна кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны… Як там перабудова – дынамічна? А хто на самым версе – зноў яны?”
А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы – уеўся ў пухавік баула гуж. “Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы… Што?… На табе той самы капялюш?!”