Выбрать главу
Зусім нядаўні здымак разглядаю – як у люстэрка на сябе гляджу. …Ён ні аб чым мяне не запытае, нічога я яму не раскажу…
Але пара з сабой у часе зліцца – ад варажбы не стане весялей! Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу. І буду жыць далей, далей, далей…
Я ХАЧУ ЖЫЦЬ У ВОЛЬНАЙ КРАІНЕ
Цішыня. Але, дзякуй Скарыне, можна моўчкі яшчэ гаварыць: “Я хачу жыць у Вольнай Краіне!” – і трызнення майго не скарыць.
Не жадаю карпець пад “дзяржавай”, што трымае няўмольнай рукой, неахайнай, жалезна-iржавай за гарляк непакорлівы мой.
Мне “рэспублiка” не даспадобы, бо які-небудзь спрытны круцель пад падставай публічнасцi спробы замест вежы збудуе бардэль.
А “саюз” – гэта путы абодвум, а “садружнасць” – як выпіць што ёсць, “федэрацыя” – краты свабоды, дзе ты не гаспадар і не госць.
…Ды не ведаю, песню якую трэба сёння народу спяваць, каб Радзіму маю дарагую
мог я Вольнай Краінай назваць!
ЖАБРАЦКАЯ
Не працягвай марна мне далонь, галеча, – мне ў яе сягоння нечага пакласці. Сам іду, панура апусціўшы плечы – ні паперкі грошай, ні крупінкі шчасця.
Не глядзі з дакорам на мяне, старая, – я і сам сягоння праклінаю долю. Толькі я дакемiў, хто нас абірае – ты ў сваім жабрацтве бачыш Боску волю.
Немагчыма звесці злыдняў тых, бабуля, – нават на распяцце могуць ахрысціцца! Толькі кол з асіны ці са срэбра куля – ды аховы столькі, што не падступіцца.
Кінь свае спадзевы на мяне, старэча, – я і сам сягоння бедны і галодны. Для мяне, па-твойму, гэта недарэчна… Але што ты зробіш – я паэт народны.
А як будуць грошы – п’яны і вясёлы я цябе ўзгадаю ды яшчэ ў прыдачу цыганятак бойкіх, хлопца з куксай голай і дзядка сівога, што наўмысна плача…
ТРЭЦI ВАРЫЯНТ
Нас захліснулі часу злога хвалі – спрачацца можа злодзей ці вар’ят. Два варыянты нам прапанавалі… Але магчымы трэці варыянт!
З іх першы: “перастройка” з дзікім рынкам, дзе ўсё, што нам належыць, – “секандханд”. Дзе збыт ёсць недакуркам і скарынкам… Задавальняе гэты варыянт?
Другі: застой з уладаю чырвоных, дзе дэфіцыт, партком і правіянт, здабыты па чарзе ці па талонах… Ці не забылі гэты варыянт?
І так – і гэтак: быдлам быць ці цяглам, ашыйнік начапіць, нібыта бант, ці рохкаць, а як б’юць – вішчаць працягла… Але магчымы трэці варыянт!
Даруй, народ, што выю, як ваўчыца: паэт – сляпы прарок, а не гарант. …Калі прымусіш ты з сабой лічыцца, магчымым будзе трэці варыянт.
ДЗЕНЬ ПРАЙШОЎ
Дзень прайшоў, як заўжды, у грызні і хлусні: хтосьці – здатны, а хтосьці – ахвочы. І змяняе ягоны хаос мітусні параўнальны спакой цёмнай ночы.
Сонца промні шпурне на палі і дамы – і аздобіць у фарбы паўсвету. І насупленасць лютай халоднай зімы зменіць цёплай усмешкаю лета.