Выбрать главу
І рэхам стрэлу прагрыміць няўрымслівая памяць… Ды ўжо нічога не змяніць, нічога не падправіць.
Чарговы год замест “бывай” сухой галінкай трэсне. І сцісне сківіцы адчай радком забытай песнi…
САМОТА
Самота зіркне злоснай кобрай і праслізне ў душу вужом. Не зыч таму дарогі добрай, хто выкрасліў цябе крыжом.
Жадаць не трэба ўваскрашэння ілюзій, ад якіх адвык. Хто сеяў шрот замест насення, пажне не каласок, а цвік.
Калі ж каменне праўды жорсткай сатрэ на пыл крышталь надзей, хай не застране ў горле косткай абломак крыўды на людзей.
НАВАЛЬНІЦА НАЧНАЯ
…Вечар спёку астудзіць, здавалася – ды прыпар ірвануўся ў неба! У спакой навальніца ўварвалася спадзяванкаю-непатрэбай.
Можна плюшчыць санліва вочы, затыкаць безнадзейна вушы: праз павекі маланка праскочыць, коўдра гулу грымот не заглушыць.
Вы хацелі?! Што ж плакаць-маліцца: што прасілі – таму і мецца! …Ноч прынесла з сабой навальніцу, ад якое няма куды дзецца.
ПРАГНОЗ

Анахата – згодна з усходняй філасофіяй, верхняя (грудная) чакра.

(Слоўнік аўтара)
Яшчэ і снег сышоў не ўвесь, а ты – аб леце… Навокал – бруд, а ты – пра чэсць… Пазбаў, паэце!
Не час з расхрыстанай душой вандроўкі ладзіць! …З азызлай роднаю зямлёй табе не зладзіць.
Яшчэ табе мароз-кароль уцісне плечы! Застудзіць анахаты боль імпэт хлапечы…
І ў час адлігі веснавой няўдалай фразай склізне няўстрым тралейбус твой пад бампер МАЗа!
Здранцвелай ластаўкай, павер, прадвесцем мая ў сумёце тысячаў папер твой верш сканае…
НА ПРЫПЫНКУ
Навес на прыпынку зрабілі шыкарны і разбурылі бардзюр тратуарны… Я не смуткую – вершык чытаю пра непаўторнасць роднага краю.
Пырснула лужына з-пад матацыкла, хтось мацюкнуўся злосна і звыкла… А я ўсё чытаю чулыя словы пра мілагучнасць роднае мовы.
Крапае дождж, але мокра – не пыльна. Тралейбус пад’ехаў, набіліся шчыльна… Толькі бянтэжыць безварыянтнасць– верш дачытаць пра талерантнасць.
РАЎНАДУШША
Стан здароўя – не адбавіць. (Сплюнь і не грашы!) Роўна дыхаю і нават роўна на душы. Ні журбе, ні думкам горкім не скараюся! Выйду ў горад надвячоркам, прагуляюся.
Дагарэла сонца свечкай, за дамы сцякло. Цёплы вецер, ціхі вечар, ліхтароў святло. А з апошняй цыгарэты ўецца сіні дым… Адляцеў акраек лета. Ну і ліха з ім!
Шэпчуць шынамі машыны, зораць фарамі. А мужчыны і жанчыны ходзяць парамі. Толькі дзе паненка тая, што была маёй? Ці сумуе, ці чакае? Зрэшты, ліха з ёй!